Аліса Рыжычэнка пра тое, як пабудаваць краіну для жыцця

На гэтым тыдні мы пачалі публікаваць серыю артыкулаў, у якіх будзем параўноўваць розныя аспекты жыцця ў Беларусі і краінах-суседках. Іх рыхтуе супрацоўніца фонду «Краіна для Жыцця», эксперт у сферы дзяржаўнага кіравання і міжнароднага развіцця, магістр эканомікі Аліса Рыжычэнка. Сёння больш падрабязна распавядзем пра аўтара.
 
Аліса Рыжычэнка нарадзілася ў 1988 годзе ў Полацку, Беларусь. Скончыла БДЭУ. Некалькі гадоў таму з мужам і дзіцём пераехала ў Аўстрыю.
 

Раскажыце пра сябе падрабязней.

Больш за восем гадоў я працавала ў сферы нерухомасці. Пачынала з самых нізоў, як агент, потым стала кіраўніком аддзела камерцыйнай нерухомасці ў адным з буйных агенцтваў. Далей працавала сама на сябе (аказвала паслугі прафесійнага кіравання нерухомасцю). Займалася распрацоўкай праекта, маркетынгавымі даследаваннямі, суправаджэннем падчас будаўніцтва (узгадненне з дзяржаўнымі органамі, дапамога ў выбары дызайну, матэрыялаў), пошукам інвестараў, давядзеннем аб’екта да здачы ў эксплуатацыю і далейшай эксплуатацыі. За гэты час я стала добрым экспертам у сферы нерухомасці. Напісала дысертацыю на гэту тэму.
 
Як апынуліся ў Аўстрыі?

У Аўстрыю я прыехала ў 2018 і паступіла ў магістратуру на факультэт палітычных навук. Вывучаю міжнароднае развіццё і еўрапеізацыю. Вучоба падыходзіць да канца – засталося толькі абараніць дысертацыю.
 
Аўстрыя – выдатны прыклад пабудовы сацыяльнай палітыкі і дзейнай сістэмы дзяржаўнага кіравання. Так, тут высокія падаткі. Так, тут высокія цэны. Пры гэтым тут і высокія зарплаты, і добрая сацыяльная падтрымка. Няма такога, што чалавека проста кінулі з нейкай праблемай без грошай, і ён не ведае, за што яму набыць паесці свайму дзіцяці.

Чаму вырашылі з’ехаць з Беларусі?

Мы планавалі пераезд з мужам яшчэ пасля падзей 2017 года, калі здарыліся пратэсты супраць закона аб дармаедах.
 
Камунікацыя з бізнесменамі, з органамі ўлады, прывяла мяне да выразнага разумення таго, што дзяржаўная сістэма кіравання ў нашай краіне не функцыянуе. Гэта проста спектакль, дзе ёсць рэжысёр і сцэнарыст у адной асобе (Лукашэнка), якая кажа астатнім, што і як рабіць. А спецыялісты, якія маюць нейкія веды, не могуць і слова сказаць.

З дзяржаўнай сістэмай я сутыкнулася ў 14 гадоў, калі памёр бацька і мы засталіся з маці адныя. Я са звычайнай, простай сям’і. Усё маё жыццё – пастаянная барацьба за выжыванне і дзяржава ў гэтым выжыванні ніколі не ўдзельнічала.

Ні тады, калі я была дзіцём, ні тады, калі я нарадзіла дзіцё. Ні тады, калі я вяла бізнес, ні тады, калі я была наёмным работнікам.

Ні разу на гэтых этапах дзяржава мяне не падтрымала. Хаця я не чакала падтрымкі – хоць бы яна проста не перашкаджала. У адзін момант я зразумела, што зменаў не будзе ў нейкай бліжэйшай будучыні. Тады мы з мужам прынялі рашэнне з’ехаць, хаця б на нейкі час. Паглядзець, як людзі жывуць у іншай краіне. А вучоба – гэта цудоўная нагода. У нас былі адкладзеныя сродкі на ўласнае жыллё, мы ўзялі гэтыя грошы. Прадалі ўсё, што было, узялі дзіцё – і з’ехалі.

Ці плануеце вяртанне ў Беларусь?

Я хачу вярнуцца. У маёй кар’еры было шмат момантаў, калі я спрабавала ўладкавацца ў дзяржаўныя органы, калі я была наіўнай дзяўчынкай і думала, што магу штосьці змяніць у той сістэме, якая існуе цяпер. Я хачу вярнуцца ў Беларусь, у мяне няма планаў заставацца ў Аўстрыі. Калі палітычны рэжым у краіне зменіцца – я вярнуся.
 
У Беларусі ў мяне быў добры даход, стабільнасць, я магла сабе шмат што дазволіць у Беларусі. Але пры гэтым я заўжды разумела, што мае правы могуць засунуць у адно месца. І гэта не зменіцца пры сённяшнім рэжыме. Я проста не хачу, каб маё дзіцё расло ў гэтым.

Як апынуліся ў камандзе фонду «Краіна для Жыцця»?

Я рабіла, тое, што павінна была. Летась у Беларусі пачалі адбывацца падзеі – каронавірус, потым перадвыбарчая кампанія. Тады людзі былі абураныя паводзінамі Лукашэнкі. Я меркавала, што штосьці можа змяніцца ў свядомасці людзей.
 
Калі стала зразумела, што ёсць арганізацыі, гатовыя пачуць народ, яго ідэі, тады я стала пісаць усім: у розныя фонды, у антыкрызіснае кіраванне. Я прапаноўвала сваю дапамогу ў якасці валанцёра, праводзіць даследаванні, удзельнічаць у распрацоўцы рэформ. Пісала, якія ў мяне ёсць веды, чым я магу дапамагчы і ў якіх сферах.

Фонд «Краіна для Жыцця» адгукнуўся, выйшаў на мяне. Даў мне магчымасць быць пачутай і распавесці людзям тую інфармацыю, якой я валодаю. Зараз кожны чалавек цвярозага розуму мусіць разумець, што ўсё залежыць ад уласнай ініцыятывы, ад ініцыятывы беларусаў. Калі мы самі сабе не дапаможам – ніхто нам не дапаможа. Я раблю тое, што ў маіх сілах, што я магу ў дадзеных умовах і ў дадзены час.

Ці змянілася ваша стаўленне да Беларусі і беларусаў за апошні год, і як увогуле ставяцца да беларусаў у Аўстрыі?

Я заўсёды ганарылася, што я з Беларусі, мне ніколі за гэта не было сорамна. Адзінае, што стаўленне аўстрыйскіх органаў да беларусаў дастаткова спецыфічнае. Ведаюць, што ў Беларусі карупцыя і ўсё можна купіць. Таму ўсе  беларускія дакументы ўважліва правяраюцца.
 
Меркаванне людзей вельмі змянілася. Шмат хто даведаўся, хто такія беларусы, – раней у аўстрыйцаў не было выразнага раздзялення беларусаў і рускіх. Многія былі адурманеныя прапагандай, думалі, што Лукашэнка – гэта бацька (у сэнсе клапаціцца пра сваю краіну як глава сямейства). Той вобраз, які ён стварыў сабе ў афіцыйных СМІ, перанёсся на людзей у Еўропе.

Я ўсім распавядала, якая ў нас карупцыя, як у нас дзяржаўныя органы не працуюць, а толькі робяць выгляд. Якія ў нас умовы для бізнеса, падаткі, сацыяльная падтрымка, а дакладней яе поўная адсутнасць. У якой галечы пенсіянеры жывуць. Усе былі здзіўленыя, затое мне казалі, што ў Беларусі так чыста. Ніякага беспарадку не можа быць у такой краіне, дзе ўсё так акуратна. А калі ім тлумачыш, што чыста толькі таму, што людзей з ЛПП бясплатна выводзяць працаваць як рабоў – мне проста не верылі.

Летась Лукашэнка паказаў свой сапраўдны твар. Чыноўнікі, сілавікі, суды і ўсе, хто павінен наладжваць працу сістэмы. Яны не проста не працавалі, яны зладзілі генацыд беларускага народу.

Аўстрыйскія СМІ афішавалі сітуацыю ў Беларусі, публікавалі рэальныя дэталі таго, што адбываецца ў Беларусі. Меркаванне змянілася: усе вельмі спачуваюць, усе вельмі турбуюцца наконт таго, што адбываецца ў краіне. Яны з большай павагай пачалі ставіцца да беларускага народу, таму што беларусы выйшлі і заявілі, што іх правы прыціскаюць.

Як будзе развівацца сітуацыя далей і калі мы пабудуем новую Беларусь – сапраўдную краіну для жыцця?

Сцэнароў, якія могуць развівацца ў Беларусі, шмат. Гэта прарасійскі сцэнар. Другі сцэнар, што Лукашэнка застанецца яшчэ на нейкі час. Трэці сцэнар, што ён усё ж такі сыдзе і пачнуцца дэмакратычныя змены. Вельмі складана прадказваць, таму што мы не ведаем, што будзе, калі сыдзе Лукашэнка.
 
Папраўдзе ў нашай краіне вельмі шмат разумных і таленавітых людзей. Напэўна, хтосьці з іх захоча баластавацца, і мы будзем бачыць, што яны могуць прапанаваць Беларусі. Таму вялікая верагоднасць, што з’явіцца шмат новых твараў, калі гэта будзе для іх бяспечна ў нашай краіне (удзел у выбарах). Падчас гэтай прэзідэнцкай кампаніі мы бачылі прафесіяналаў, але пры гэтым вельмі смелых людзей. Таму што баязлівец не пойдзе ў такіх умовах балатавацца.

Паўтаруся, мы не ведаем, што будзе, калі Лукашэнка сыдзе сам ці калі мы яго скінем. Незразумела, як гэта будзе адбывацца, але ўсё будзе залежыць толькі ад людзей.

Зараз галоўная задача беларусаў – успомніць пра свае правы, успомніць, што ўлада належыць народу, што ўсе чыноўнікі – гэта наёмныя людзі. Іх наймаем мы – народ, за свае грошы, за падаткі, якія мы плацім у дзяржаўны бюджэт. Вось гэта трэба зразумець і як мантру паўтараць сабе кожны дзень, каб надалей было, з чаго пачынаць будаўніцтва новага жыцця ў Беларусі.
 
Змяняць трэба амаль усё:
  • сістэму аховы здароўя
  • сістэму адукацыі
  • сістэму сацыяльнай падтрымкі
  • сістэму дзяржаўнага кіравання
  • эканоміку
Я не кажу пра тое, што трэба ўсіх звальняць. Не. Там ёсць высокакваліфікаваныя спецыялісты. Іх большасць. Але ім трэба навучыцца працаваць інакш. Працаваць не на справаздачу, якую яны камусьці здадуць. А працаваць на вынік – на карысць беларускаму грамадству. А гэта таксама праца. Складаная праца, якая патрабуе часу. Таму прагназаваць, як хутка ўсё будзе добра, я не бяруся.
 
Ці гатовыя беларусы да такіх зменаў?

Кожны можа праяўляць ініцыятыву па меры сваіх магчымасцяў, сіл і талентаў. Вельмі важна таксама выходзіць на вуліцы. Пратэст – адна з найважнейшых формаў камунікацыі з уладай. Толькі пратэстам грамадства можа супрацьстаяць аўтарытарным рашэнням палітыкаў. Сёння для нас гэта адзіны шанец быць пачутымі.
 
У нашай краіне прымаюць рашэнні на аснове меркавання аднаго (Лукашэнкі) – я падумаў і вырашыў. У такой палітыкі няма ніякіх перспектыў.

У нас вельмі многа таленавітых людзей у краіне, якія хацелі б будаваць новую Беларусь, чагосьці дасягаць, дамагацца. Прасоўваць свае ідэі на карысць грамадства. Але зараз іх проста не чуюць.

Людзі гатовыя змяняцца. Моладзь, пакаленне міленіум – яны ўжо іншыя, яны выраслі ў свабоднай інфармацыйнай прасторы, яны атрымлівалі інфармацыю з адкрытых крыніц, у іх Інтэрнэт з нараджэння. Яны раслі не так, як мы, не так, як іх бацькі.

Маёй маме 65 гадоў, жыве на адну пенсію. Пенсіянерам галоўнае – каб была своечасова пенсія. Заплаціць рахункі, каб не забралі тое, што ёсць зараз. Але нават яна і ўсе яе сяброўкі кажуць, што сёння ў Беларусі проста жах і яны гатовыя змяняцца самі.

Людзі старэйшага пакалення баяцца, трэба проста патлумачыць, што горш ужо не будзе. Могуць што, пенсіі перастаць плаціць? Такое можа быць толькі пры далейшым кіраванні Лукашэнкі. Навошта забіраць грошы ў пенсіянерак? Людзям трэба плаціць за паслугі ЖК, набываць прадукты, гэтыя грошы ўсё адно вяртаюцца ў эканоміку.

Паглядзіце на людзей узросту 30-40 гадоў. Гэта асноўнае працаздольнае насельніцтва. Усе гэтыя людзі хочуць быць шчаслівымі, жыць у краіне, дзе іх правы абараняюць. Рабочыя хочуць працаваць на новых заводах, а не на стратных прадпрыемствах, як зараз адбываецца. У жахлівых умовах пры мінусавой тэмпературы і па калена ў вадзе.

Многія людзі нават старэйшага пакалення гатовыя да перамен. Дайце толькі магчымасць людзям змяняцца.

Дапамагчы працы фонду можна ТУТ.
Поддержать Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Падпісвайцеся на рассылку!
На вашу пошту будуць прыходзіць цікавыя навіны сайта.