Памёр Вітольд Ашурак

У Шклоўскай папраўчай калоніі ад спынення сэрца памёр палітвязень Вітольд Ашурак - актывіст партыі БНФ з Бярозаўкі Лідскага раёна. Каманда фонду "Краіна для Жыцця" выказвае спачуванні родным і блізкім загінулага беларуса.

Вітольд быў нацыянальна-арыентаваным беларусам, бачыў будучыню краіны ў адраджэнні роднай мовы і вяртанні да гістарычных каранёў. Ён застанецца ў памяці як адзін з тых, хто аднавіў мемарыял паўстанцам Каліноўскага ў Лідскім раёне. Быў экаактывістам - выступаў супраць забруджвання Бярозаўкі і рэк Дзітва і Нёман вытворчасцю шклаваты.

Вітольда Ашурка арыштоўвалі двойчы. Другі раз, у верасні, яму прад'явілі абвінавачанне па 342, ч. 1 і 364 артыкулах Крымінальнага кодэкса. У студзені суддзя Максім Філатаў вынес прысуд - пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму.




Вітольд Ашурак стаў 12-й ахвярай рэжыму Лукашэнкі са жніўня 2020 года. Яго смерць на сумленні начальніка ВК №17, пракуратуры і суддзі Лідскага раёна, прадажных журналістаў і хлуслівых сведкаў у балаклавах. Усіх тых, хто сталі страшнымі сымбалямі 2020 і 2021.

Проста цяпер у Беларусі працягваецца дзяржаўны тэрор. У краіне без незалежных судоў, без свабоднай прэсы, у краіне беззаконня і хлусні - ахвярай можа стаць кожны. Памятайце пра гэта, калі будзеце гуляць з сям'ёй у парку, стаяць у чарзе ў краме, сядзець з сябрамі ў бары. Гэта жыцьцё ў акупацыі.

Усе, хто мае дачыненне да смерці Вітольда Ашурка і смерці іншых беларусаў, апынуцца на лаве падсудных. Але для гэтага нам усім трэба выйсці са спячкі і пачаць дзейнічаць.
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям