Спадчына Валерыі Касцюговай – у руках яе апекуна і калегі

Пра свае апякунства над палітзняволенай Валерыяй Касцюговай расказвае яе паслядоўнік, палітычны аналітык Вадзім Мажэйка.

Мы працягваем вам распавядаць пра ўдзельнікаў сумеснай інфармацыйнай кампаніі нашага Фонду і ініцыятывы Dissidentby.com «Пакуль усе не будуць вольныя».

«Валерыя Касцюгова – мая сяброўка і калега, з якой мы шчыльна працавалі над аналітычнымі праектамі, такімі як «Экспертна-аналітычны клуб» і сайт экспертнай супольнасці «Наше мнение», «Беларускі штогоднік». Я вельмі люблю і паважаю Валерыю як цудоўнага чалавека і яркага глыбокага прафесіянала.

Казаць пра справядлівасць датычна беларускіх палітвязняў неяк дзіўна. Усе палітвязні сядзяць несправядліва. Але ў дадзеным выпадку яе зняволенне для мяне здаецца асабліва несправядлівым, таму што фактычна ў нейкі момант менавіта арышт Таццяны Кузінай і Валерыі Касцюговай шмат у чым падштурхнуў да адʼезду з Беларусі ўсю экспертную супольнасць. Некаторыя былі арыштаваныя – як той жа Лебядок, Паротнікаў, таксама мае з Валерыяй калегі па «Беларускаму штогодніку».

Таму мне здаецца, ёсць адказнасць усёй нашай экспертнай супольнасці. І я асабіста адчуваю адказнасць: зняволенне Валерыі – гэта для мяне вельмі балючая гісторыя. Я ведаю, які Валерыя вытанчаны чалавек і разумею, што ёй вельмі цяжка ў той неэстэтычнай і нуднай атмасферы за кратамі. Валерыя засталася без магчымасці размаўляць з тымі, з кім яна прывыкла размаўляць; без магчымасці паслухаць музыку на вініле; без магчымасці зварыць ранкам каву; без магчымасці вечарам выпіць віна.

Для мяне вельмі важна, каб не знікала спадчына Валерыі – тое што яна рабіла, усё аналітычныя праекты. Я, наколькі магчыма, усе гэтыя гады ўкладваюся ў працяг працы Валерыі. Раней яна была рэдактарам «Беларускага штогодніка», я туды папросту пісаў тэксты. Цяпер я пастараўся падхапіць яе рэдактарскую працу (Вадзім Мажэйка цяпер рэдагуе «Беларускі штогоднік» – рэд.).

«Беларускі штогоднік» апошнім часам, вядома, выходзіў у вельмі неспрыяльных умовах, бо гэта і тыя ж ужо ўзгаданыя арышты нашых аналітыкаў, гэта патрэба працаваць з людзьмі, якія могуць пісаць толькі ананімна, пры гэтым падбіраць кампетэнтных аўтараў. Мне здаецца ўсё атрымалася, і «Беларускі штогоднік» прадоўжыў жыць.

Я рады што іншыя калегі Валерыі таксама актыўна ўключыліся ў дапамогу і робяць так, каб штодзённа жыў сайт «Наше мнение». Мы працягнулі дзейнасць экспертна-аналітычнага клуба, які раней рабілі з Валерыяй. Цяпер гэта беларуская майстэрня думак «Наша візія», дзе разам з экспертамі-візіянерамі мы думаем над будучыняй, спрабуем у нашае медыйнае поле, якое ў большасці сфакусавана на сучаснасці, дадаць думак пра будучыню.

Ведаю, што для Валерыі гэта было б вельмі важна, бо яна з тых людзей, якія могуць заглядваць далёка ўперад, мець стратэгічную глабальную візію, а не жыць толькі нейкімі штодзённымі праблемамі».
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям