Гісторыя прадпрымальніцы Наталлі, якая не цікавілася палітыкай да гэтага лета

Працягваем расказваць пра беларусаў, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую пазіцыю. Наталля з Віцебскай вобласці прымала актыўны ўдзел у зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую. Дзейная ўлада палічыла Наталлю небяспечнай і арыштавала яшчэ ў дзень выбараў. І хоць у хуткім часе адпусцілі, стала зразумела, што апрычнікі Лукашэнкі на гэтым не спыняцца. Фонд “Краіна Для Жыцця” дапамог матэрыяльна, а сама яна пакінула краіну і гатовая распавесці сваю гісторыю.
 
Наталля, прадпрымальніца.
Цяпер жыве не ў Беларусі.

Я была далёкая ад палітыкі і грамадзянскую пазіцыю не выказвала да таго часу, пакуль маіх знаёмых – цудоўных людзей – не пачалі судзіць за сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім. Гэта быў красавік-травень 2020 года. Для таго, каб хоць неяк пачаць змагацца з гэтай несправядлівасцю, а таксама з мэтай правядзення перадвыбарнай кампаніі, мы аб’ядналіся ў невялікую каманду ў  Полацку-Наваполацку.

Мы радаваліся, калі Святлану Ціханоўскую зарэгістравалі ў якасці кандыдаткі ў прэзідэнты.
Неўзабаве пачалі збор подпісаў у яе падтрымку. У некалькіх чалавек былі пасведчанні членаў ініцыятыўнай групы. Мы сабралі дзясяткі тысячаў подпісаў у Віцебскай вобласці. Здаць у ЦВК змаглі далёка не ўсе. Потым чакалі правядзення мітынгаў.

У нашай камандзе была давераная асоба Святланы Ціханоўскай, і мы праводзілі мітынгі ў яе падтрымку на тэрыторыі 10 раёнаў вобласці. Усю перадвыбарную кампанію мы вялі ў строгай адпаведнасці з выбарчым кодэксам,  нідзе не выйшлі за яго рамкі. Кожны пікет і мітынг нас здымалі на камеру ціхары. Ездзілі мы на аўтамабілі, які належаў нашай фірме. За машынай таксама сачылі.
 
9 жніўня ўлады, відаць, палічылі мяне асабліва небяспечнай для грамадства, я была затрыманая. Парушэнняў закона я не дапускала, таму тэкст пратаколу ў адносінах да мяне быў проста перапісаны з чыйгосьці чужога. У выніку мяне ўтрымлівалі ў ІЧУ Полацкага РАУС на працягу 72 гадзін, пасля чаго адпусцілі дахаты без якіх-небудзь дакументаў і суда.

9 верасня адначасова ў мой офіс і ў краму, якая належыць майму мужу, прыйшла комплексная пазапланавая праверка пад кіраўніцтвам дзяржкантролю. Яна складалася з КДК, ДФР, МПЗ, ЦСМС, пазней зазірнулі і прадстаўнікі МНС. Агулам на мяне і майго мужа былі складзеныя 10 пратаколаў на агульную суму больш за 4000 рублёў. Мы падумалі, што ўсё скончылася, і вырашылі неяк выплачваць гэтыя штрафы, жыць і займацца сваім бізнесам далей.

Але 14 студзеня 2021 года да мяне ў офіс прыйшлі супрацоўнікі крымінальнага вышуку Полацкага РАУС. Яны паведамілі, што я падазраваная па крымінальнай справе, да якой не маю дачынення нават блізка. Мяне затрымалі на 72 гадзіны паводле КПК у статусе падазраванай. 15 студзеня на тых самых падставах затрымалі мужа. Гэта патрабавалася для правядзення ператрусаў. Яны прайшлі на офісе фірмы, у якой я працавала галоўнай бухгалтаркай, а муж – дырэктарам. Былі канфіскаваныя ўсе камп’ютары, у тым ліку асабістыя, мабільныя тэлефоны – працоўныя і асабістыя. Таксама ператрус прайшоў у нас дома (двойчы) і дома ў маёй маці. Уся тэхніка адпраўлена на экспертызу.

Праз 72 гадзіны затрымання мяне адпусцілі, мужа таксама. Мы зразумелі, што гэта толькі пачатак і самае цікавае можа пачацца пасля заканчэння экспертызы, таму мы прынялі рашэнне пакінуць краіну.  

Дома засталіся двое дзяцей з бабуляй. У гімназію, дзе яны вучацца, адразу ж прыйшоў ліст, што я злачынца. Было прызначанае сацыяльнае расследаванне ў дачыненні сям’і. Зараз нашым бацькам, супрацоўнікам фірмы, тэлефануюць з органаў з мэтай нас адшукаць. Маці выклікаюць у СК на допыт.  
Гэта даказвае, што рашэнне пакінуць краіну было прынятае правільна.
Думаю, крымінальны пераслед у дачыненні да нас вядзецца. З фірмы нам прыйшлося зволіцца, каб не несці адказнасць за справы, якія зараз там будуць адбывацца.

Цяпер мы жывём у іншай краіне, неяк змаглі назбіраць грошай на здымнае жыллё. Плануем заставацца тут, шукаць працу, аказваць пасільную дапамогу такім самым беларусам, як і мы. Дома засталося шмат нявырашаных пытанняў. Але мы верым,  што перамога не за гарамі і мы вернемся на Радзіму ў новую Беларусь.  Хутка, гэта будзе вельмі  хутка.

Падтрымаць дзейнасць фонду “Краіна для Жыцця” можна па гэтай  спасылцы
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям