Гісторыя валанцёркі Леакадыі Каян, якая праз удзел у выбарах сутыкнулася на радзіме з пераследам

Леакадыя Каян уваходзіла ў ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі, была назіральніцай на выбарах прэзідэнта, валанцёрам у лагеры на Акрэсціне. У змрочных рэаліях сучаснай Беларусі яе сустрэча з сілавікамі была толькі пытаннем часу. Летась у лістападзе Леакадыя сутыкнулася з пераследам з боку рэпрэсіўнага апарату, пасля чаго была вымушаная з’ехаць з Беларусі. Зараз яна ў бяспецы і можа распавесці сваю гісторыю. 

Леакадыя зараз жыве ў шэлтары ў Літве.
 
Я была каардынатаркай па зборы подпісаў па Фрунзенскім раёне ад штаба Віктара Бабарыкі. Каардынатаркай «Чэсных людзей» па назіральніках на выбарчых участках 100-122 Фрунзенскага раёна горада Мінска. Валанцёркай на Акрэсціна ў лагеры медыкаў – выконвала функцыі медыцынскага рэгістратара. Удзельнічала ў яшчэ некалькіх грамадзянскіх ініцыятывах.


13 лістапада 2020 года ў Мінску была зроблена спроба мяне затрымаць. Майму аўтамабілю перакрылі выезд з паркоўкі ў звычайным двары жылога дома, трое мужчын спрабавалі ламіцца, але я заблакавала дзверы, патэлефанавала адвакату і мужу, пачысціла свой тэлефон.

У той момант я сядзела ў аўтамабілі, і раптам машына, якая перагароджвала мне рух, вырашыла крыху ад’ехаць, тым самым яна вызваліла мне дарогу. Я доўга не думала і з усёй моцы ірванула са двара. Даехала да бліжэйшай паркоўкі каля ГЦ «Грын», кінула машыну і знікла.

Пазней знайшла магчымасць звязацца з роднымі і паведаміць, дзе я знаходжуся. Я разумела пэўную небяспеку для сябе і папрасіла сына сяброўкі перагнаць аўтамабіль бліжэй да дому. У момант, калі ён спрабаваў гэта зрабіць, да машыны падбеглі людзі, прадставіліся супрацоўнікамі ДФР і без прад’яўлення пастановы на вобшук у маім аўтамабілі сталі праводзіць агляд.

У гэты момант я зразумела, што мяне пераследуюць, але чаму – усё яшчэ не ведала. Праз дзень я выехала ў Літву са сваёй непаўнагадовай дачкой. Пры перасячэнні мяжы дапамагла Dapamoga. Мне прадаставілі бясплатнае жыллё на час каранціну, бясплатнае харчаванне. Пасля каранціну абставіны склаліся так, што я засталася без фінансавай падтрымкі.

Тады на дапамогу прыйшлі супрацоўнікі фонду «Краіна для Жыцця». Яны даведаліся пра маю сітуацыю і прапанавалі пражыванне ў шэлтары, у камфортных умовах, таксама аказалі матэрыяльную падтрымку. Мы  з дачкой вельмі ўзрадаваліся, бо безвыходнасць і бездапаможнасць горш за ўсё, асабліва ў чужой краіне. Мы ўжо жылі ў шэлтары, калі атрымалася ўладкаваць дзіцё ў школу, сама я таксама вучуся па праграме ў Польшчы.

Надалей хачу скарыстаць усе атрыманыя веды на карысць і развіццё Беларусі без Лукашэнкі.

Падтрымаць працу фонду «Краіна для Жыцця» можна па гэтай спасылцы.
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду