Гісторыя валанцёркі Вольгі Зазулінскай, якая ў Беларусі сутыкнулася з ціскам сілавікоў і была вымушаная з’ехаць з краіны

Працягваем цыкл гісторый людзей, якія за сваю грамадзянскую пазіцыю ў Беларусі пацярпелі пераслед і сілавы ціск. Вольга Зазулінская была назіральніцай на выбарах прэзідэнта, валанцёркай, пасля чаго трапіла ў жорны рэпрэсіўнага апарата. Зараз Вольга ў бяспецы і можа распавесці сваю гісторыю.
 
Вольга зараз жыве ў шэлтары ў Літве.
42 гады, двое дзяцей.

Была назіральніцай на выбарах прэзідэнта ў жніўні 2020 года, валанцёркай у лагеры на Акрэсціна, валанцёркай у ПЦ «Вясна». У мяне прайшлі ператрусы па месцы жыхарства і прапіскі. Таксама я была асуджаная па артыкуле 23.34. Праз пагрозы ў мой адрас і адрас маіх дзяцей прыняла рашэнне з’ехаць.
 
У лістападзе 2020 года выехала ў Літву па гуманітарным калідоры дзякуючы «Dapamoga». На час каранціну мне далі бясплатнае жыллё, дапамаглі з візамі і страхоўкамі для ўсёй сям’і.

Ужо ў Літве мы трапілі ў складаную сітуацыю, пачаўся лакдаўн, працу было не знайсці, грошай для здымнага жылля не было.
 
У гэты момант на дапамогу прыйшоў фонд «Краіна для Жыцця». Супрацоўнікі фонду даведаліся пра маю сітуацыю і прапанавалі дапамогу, з’явілася магчымасць пажыць з сям’ёй у шэлтары, які арандаваў фонд. Таксама мне, як валанцёру, была выдзеленая аднаразовая матэрыяльная дапамога ад фонду. Адным словам, мяне падтрымалі ў самую цяжкую хвіліну, за што я вельмі ўдзячная сябрам фонду.

Пакуль мы жылі ў шэлтары, для сына знайшлі працу. І я сама змагла знайсці працу, з’явілася неабходная фінансавая падушка бяспекі. Можна сказаць, што самае складанае ўжо мінула, але, відавочна, што мы бы не справіліся без дапамогі. Надалей будзем шукаць жыллё, каб пераехаць усёй сям’ёй. Цяпер ёсць магчымасць аплачваць кватэру.

Сувязь з фондам падтрымліваем пастаянна, усе супрацоўнікі вельмі ўважлівыя, заўжды цікавяцца, ці ўсяго нам хапае, ці патрэбна надалей дапамога. На Новы год майму малодшаму дзіцяці падарылі падарункі, прыязджаў Дзед Мароз. Хаця дачцэ ўжо 12 гадоў, для яе гэта было цудоўнае свята, бо ўдалечыні ад дому ўсё адчуваецца нашмат больш востра, і ўвага вельмі важная.

Дзякуй усім, хто нам дапамагаў. Усёй камандзе фонду «Краіна для Жыцця». Я не дзялю гэтых людзей, бо папраўдзе кожны з іх паўдзельнічаў у нашай гісторыі выратавання і адаптацыі ўжо тут, у Літве. Жадаю ім сіл рухацца далей. Вы робіце неверагоднае дабро. Няхай у вас і ва ўсіх беларусаў усё атрымаецца!

Падтрымаць працу фонду «Краіна для Жыцця» можна па гэтай спасылцы.
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям