Гісторыі трох беларусаў

2020 год падзяліў жыццё беларусаў на да і пасля. Дзесяткі тысяч нашых суайчыннікаў прайшлі праз катаванні і затрыманні. Больш за тысячу да гэтага часу знаходзяцца ў турмах і ізалятарах, дзе адбываюць несправядлівыя тэрміны зняволення, падвяргаюцца бесчалавечнаму абыходжанню.

Сёння мы раскажам пра трох беларусаў. Хтосьці з іх цалкам адбыў свой тэрмін, хтосьці зараз знаходзіцца ў зняволенні, а хтосьці шчаслівым чынам збег з пекла. Іх аб'ядноўвае жаданне хутчэй вярнуцца ў свабодную Беларусь, а яшчэ цяжкія выпрабаванні, праз якія яны прайшлі. Ім усім патрэбная наша дапамога.

Дзмітрый Фурманаў уваходзіў у ініцыятыўную групу па вылучэнні Святланы Ціханоўскай у прэзідэнты. Быў арыштаваны падчас знакамітага пікету па зборы подпісаў у Гродне, 29 траўня 2020 года. Тады сілавікі падхапілі Зміцера проста разам са стулам, на якім ён сядзеў. Бацькі доўгі час не маглі ўстанавіць, дзе знаходзіцца іх сын. За час зняволення некалькі разоў трапляў у карцэр, падвяргаўся катаванням і бесчалавечнаму абыходжанню. Зміцер быў асуджаны на два гады калоніі агульнага рэжыму, выйшаў на волю 21 кастрычніка 2021 года і адразу ж пакінуў Беларусь.

«Лепш за ўсё было ў ІЧУ Акрэсціна. Гэта было з 30 траўня па 3 чэрвеня. Я знаходзіўся там адзін у шасцімеснай камеры, дзе былі запраўлены ўсе ложкі. Я мог браць колькі заўгодна спальных прыладаў, я накрываўся двума ці трыма коўдрамі, таму што было халаднавата.

А яшчэ я мог спаць цэлы дзень. Якраз калі ў нас быў збор подпісаў і мы каталіся па гарадах, я тады вельмі моцна стаміўся. І ўсе гэтыя тры дні я практычна увесь час спаў, і ніякіх не было пытанняў, патрабаванняў. Можна сказаць, што гэта было найлепшае месца знаходжаньня для мяне на працягу тэрміну. Потым з кожным разам умовы рабіліся горшымі.

Апошнія паўтара месяца я правёў у ШІЗА ў калоніі, гэта самы горшы этап маёй адсідкі. Справа ў тым, што ўначы не даюць спальныя прыналежнасці, і ты проста спіш на голых дошках, абабітых металічнымі куткамі. Гэта быў міжсезонны перыяд, калі ўжо холадна, але ацяпленне яшчэ не ўключалі ў камеры. Яшчэ з ШІЗА не водзяць на прагулкі.

Адміністрацыя хоча даць зразумець, што ім усё роўна, хто будзе ва ўладзе, нібыта яны проста выконваюць сваю працу. Але гэта не так. Усё ўплывае (на ўмовы ўтрымання): і нейкі статус, і тое, як грамадскасць рэагуе. Калі ты просты арыштант, не палітвязень, не вязень сумлення, тады ніхто не будзе з табой цырымоніцца, і калі нешта здарыцца, усім будзе ўсё роўна. А калі ёсць увага да чалавека з боку грамадскасці, то, вядома ж, яны спрабуюць не дапусціць узнікнення нейкіх праблем.

Калі браць адносіны звычайных арыштантаў да палітвязняў, то тут усё індывідуальна. Хтосьці згодны з тым, што ў краіне творыцца хаос, хтосьці кажа, што яму ўсё роўна. Тое самае тычыцца іншых палітвязняў. Ёсць выпадкі, калі людзі «пераабуліся». Спачатку яны казалі, што "мы супраць", за гэта атрымалі тэрміны, а потым раптам рэзка сказалі, што яны супраць усіх "змагараў". Я такое чуў і на свой адрас. Бывае і такое, людзі мяняюць сваё меркаванне.

Было многа складаных момантаў (у зняволенні). Я памятаю навіну пра смерць Вітольда Ашурка ў калоніі, у ШІЗА. Я трапіў практычна ў такія ж умовы і зразумеў, чаму ў яго спынілася сэрца. Можа не вытрымала такіх фізічных нагрузак. Зразумела, што людзей забіваюць і на волі, і ў турмах. І гэта будзе працягвацца. Але кожную смерць прапускаеш праз сябе, і гэта складана, таму што ты сам трапляеш у такія ж сітуацыі і на сваёй шкуры гэта зведваеш.

Жыву зараз у Вільні. Складанасцяў асаблівых няма, таму што тут каласальная падтрымка. Займаюся тым, што расказваю праўду, што са мной адбылося. Яшчэ хаджу на акцыі ў падтрымку палітвязняў у Беларусі. На большае я пакуль не гатовы. Мне трэба напоўніць свой інфармацыйны вакуум, які ўтварыўся за час зняволення, даведацца пра ўсе падрабязнасці кожнай справы.

Напрыклад, перад тым як я ішоў на акцыю памяці Рамана Бандарэнкі, я ведаў толькі агульную карціну, што яго нехта забіў. Але я вывучыў падрабязна што адбылося і разумею, што сапраўды трэба ўшанаваць памяць гэтага чалавека, героя Беларусі.

Нельга забываць і аб аднаўленчых працэсах. Падлячыць здароўе - і псіхалагічнае, і фізічнае. Можа, які санаторый наведаць у бліжэйшы час. А там ужо далей будзе бачна, куды рухацца. Паралельна трэба, вядома, знайсці працу, чым я і займаюся».

Вольга Паўлава была актывісткай праекта "Краіна для жыцця". Чатыры разы трапляла за краты па выніках акцый пратэсту. Супраць яе распачалі крымінальную справу за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Падчас знаходжання ў турме ў Жодзіна, была змешчаная ў карцэр, 10 дзён галадала. Вольгу Паўлаву прысудзілі да трох год “хатняй хіміі”. У ліпені яна нелегальна пакінула Беларусь.

«Я жыву ў Варшаве. У мяне няма пашпарта, таму мне было цяжка зняць жыллё. Не хацелі афармляць банкаўскую картку. Сёння ўсе пытанні вырашыліся. З уладкаваннем на працу складана (без ведання польскай), зараз вучу мову ўзмоцнена, каб атрымаць атэстат узроўню В. Планую працаваць у кавідным шпіталі лекарам агульнай практыкі.

Разлічваю вярнуцца дадому, як толькі рэжым лукашэнкі абрынецца. Цяпер я знаходжуся ў крымінальным вышуку. Мне адтуль пішуць з прапановай даць ім адрас майго месца жыхарства для таго, каб яны спынілі крымінальны пераслед. Але я ім не веру.

Я да гэтага часу не аднавілася ад таго стрэсу, які быў у Беларусі. На сёння я на стадыі прыняцця таго, што ўсё будзе доўга і трэба шукаць пастаянную працу. Але першыя два месяцы (пасля прыбыцця ў ЕС) у мяне была пастаянная апатыя, дэпрэсія. Калі шукаеш працу часовую, тады лягчэй, а вось калі шукаеш на доўгі тэрмін, тады як быццам згаджаешся з тым, што мы прайгралі.

Таму наведваю псіхатэрапеўта, прымаю лекі. Перыяд аднаўлення - гэта працяглы працэс. Плюс у мяне сям'я засталася ў Беларусі. Увогуле, ёсць складаныя моманты»…

Паліна Шарэнда-Панасюк – “брэсцкая Жанна д`Арк”. Вядомая ў горадзе над Бугам грамадская актывістка. Была арыштаваная 3 студзеня 2021 года (сілавікі выламалі дзверы ў яе кватэру). Падчас знаходжання ў СІЗА яе некалькі разоў змяшчалі ў карцэр. Паліна абвінавачвалася ў "гвалце ў дачыненні да супрацоўніка МУС", "абразе прэзідэнта і прадстаўніка ўлады". Была асуджаная на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Муж Паліны, Андрэй Шарэнда, адсядзеў у 2020 годзе больш за 60 сутак. Уцёк з краіны незадоўга да суда. Вось што ён расказаў.

«Паліна ўжо 3 месяцы знаходзіцца ў гомельскай жаночай калоніі ПК-4. Адразу па прыбыцці (яна была яшчэ на каранціне) адміністрацыя калоніі прапанавала падпісаць так званы «пакаяльны ліст Васкрасенскага». За адмову Паліна была пакарана 10 соднямі ШІЗА (карцара), пры выхадзе з карцара ёй ізноў падсунулі гэты ліст, працэдура ізноў паўтарылася - ліст адправіўся у сметніцу, а Паліна зарабіла за гэта чарговыя 10 содняў падвала.

Зразумела, адміністрацыя калоніі проста выкарыстоўвала «ліст Васкрасенскага» як зачэпку для рэпрэсій, ні аб якім памілаваньні для Паліны мовы не ішло. За наступныя два месяцы ціск толькі ўзмацняўся, яе пазбавілі перадачаў. Вярнуліся усе пасылкі, якія мы ёй дасылалі. Паліна пазбаўлена тэлефанаваньняў і спатканьньняў. У кастрычніку-лістадзе яе яшчэ два разы змяшчалі у ШІЗА. Агулам яна правяла у карцары 40 дзён за апошнія 3 месяцы. Зараз ёй яшчэ абрэзалі закупы ў турэмнай краме да мінімума (з дазволеных 174 рублёў да 58). Зразумела, што набыць за гэтыя грошы нават мінімальныя рэчы, якія неабходныя жанчыне, проста немагчыма.

Падобны ціск аказваецца і на іншых жанчын-палітвязьняў: Вольгу Класкоўскую, Антаніну Канавалаву, Натальлю Хэршэ. Натальля Хэршэ ўжо месяц як за «парушэньні ўнутранага распарадку» пераведзена у турму Магілёва. Таксама усім палітвязьням забароненыя любыя кантакты паміж сабой, гэта караецца карцарам. Такі ціск адміністрацыі калоніі робіцца дзеля таго, каб маральна зламаць дух палітвязьняў. Робіцца гэта па загаду з Менска, але адказнасць за гэтыя рэпрэсіі ляжыць на начальніку ПК-4 Таўсцянкову Дзянісу Анатольевічу.

Пасля вызваленьня усім палітвязьням і іх сем’ям спатрэбіцца рэаабілітацыя. Гэта як медычныя даследваньні і рэабілітацыя, так і доўгатэрміновая псіхалагічная дапамога. Першасна як раз стаматалагічная, бо праблемы з зубамі з’яўляюцца ужо праз некалькі месяцаў лукашэнкаўскай турмы. Гэта істотныя сумы, якія родныя палітвязьняў ня здольныя пацягнуць. На мой погляд павінны быць створаны аддмысловы фонд падтрымкі і рэабілітацы былых палітвязьняў і іх сем’яў».

Сябры, калі ласка, дапамажыце героям Беларусі - Дзмітрыю Фурманаву, Вользе Паўлавай, Паліне Шарэнда-Панасюк. Дзмітрый і Вольга сёння на волі, але маюць патрэбу ў падтрымцы, каб устаць на ногі ў іншай краіне. Паліна знаходзіцца ў зняволенні - ёй сродкі будуць патрэбны, каб паправіць здароўе пасля выхаду з турмы.  
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду