Каманда Фонда "Краіна для Жыцця". Марына Гарбуз: "Кожны чалавек паверыў у тое, што ён можа нешта змяніць".

Мы працягваем прадстаўляць вам каманду нашага Фонда - людзей, якія аддаюць усе сілы барацьбе за волю беларусаў. Сёння распавядзем пра Марыну Гарбуз - кіраўніцу PR аддзелу.
 
А таксама - маці, актывістку, футбольную фанатку, чалавека, які сутыкнуўся з нясправядлівасцю сістэмы ў раннім дзяцінстве і змагаецца з ёй да гэтага часу.



- Чым ты займалася напачатку 2020 года?

- Я прымала ўдзел у акцыях пратэсту супраць далучэння Беларусі да Расіі.

- А як ты ўвогуле там апынулася?

- Я - маці ў дэкрэтным водпуску. У мяне двое дзяцей. Я ўсё жыццё змагалася з дзяржавай. Трэба разумець, што дзеці з дзіцячых дамоў - гэта дзеці, якія ведаюць пра дзяржаву ўсё, і ўсё толькі самае дрэннае.

Калі я вучылася і хадзіла на Алімпіяды па правах чалавека, то не магла даваць правільныя адказы, бо ведала, што адказ не працуе.

У дадзены момант мне 27 лет. А мне казалі, што ў мяне к 18 будзе кватэра. Але яе няма ні ў мяне, ні ў маіх братоў, ні ў каго-небудзь з маіх знаёмых з дзіцячага дому. Таму што нашая дзяржава кожны год закручвала гайкі. Калі я была ў статусе сіраты, там было такое, што ты можаш атрымаць кватэру па месцы прапіскі. Але трэба разумець, што, калі ты дзіця, твае месца прапіскі - дзіцячы дом.

У дзіцячым доме ты не можаш атрымаць жыллё.

І тады цябе адпраўляюць у тое месца, дзе ты нарадзіўся. Я з-пад Чэрвеня. Стала там у чаргу на жыллё. У Чэрвені няма будаўніцтва, а значыць і жылля ў мяне таксама няма.




- Як ты трапіла ў дзіцячы дом?

- Калі я была дзіцём, у мяне загінулі бацькі. Мне было 10, маім братам яшчэ менш. Мы былі ў розных дзіцячых дамах. Самаму малодшаму - 3 гады, сярэднему - 7.

- Чаму ў розных дзіцячых дамах?

- Часта раздзяляюць сіблінгаў. Каб было лягчэй усынавіць. І нават часта не кажуць, што ў дзіцяці ёсць брат або сястра, бо такое дзіцё могуць не ўзять у прыёмную сям'ю.

- Нікога з вас не ўсынавілі?

- Не.

- А што зараз с братамі?

- Яны ўжо вялікія. Вучацца, працуюць, жывуць у Беларусі.

- Якія ў вас адносіны?

- Мы шмат часу не праводзілі разам, не былі блізкія. Але зараз мы падтрымліваем зносіны. Яны ведаюць, што калі штосьці здарыцца, яны могуць да мяне звярнуцца, я абавязкова дапамагу. Калі я была ў Беларусі, мы бачыліся 2-3 разы на год- яны прыязджалі да мяне ў госці.

- Як ты ацэньваеш сістэму дзіцячых дамоў у Беларусі?

- У мяне і маіх знаёмых толькі станоўчыя эмоцыі ад дзіцячага дома. Таму што мы - дзеці, якія не ведалі іншага. Не ведалі чалавечай і бацькоўскай ласкі. Настаўнікі ставіліся да нас вельмі добра - клапаціліся і перажывалі.

Але дзіцячы дом гэта такія цяплічныя ўмовы, у якіх у цябе ўсё па раскладзе. І калі ты трапляеш у дарослае жыцуё, ты сутыкаешся з нечаканымі рэчамі - як зварыць суп, як запаліць пліту, як вырашыць нейкія побытавыя пытанні. Ты нават не ведаеш элементарных сваіх праў. Не ведаеш, куды звярнуцца, якія дакументы запоўніць.

- Тваё стаўленне да Лукашэнкі?

- Заўсёды рэзка негатыўнае. Я заўсёды лічыла, што ўва ўсёй гэтай блытаніне (дрэнных адносінаў да дзіцячых дамоў, недастатковым клопаце пра дзяцей) вінаваты канкрэтны чалавек. На словах усё цудоўна, а на практыцы ты нават паступіць нікуды не можаш. У дзіцяці адукацыя ў дзіцячым доме проста базавая.

Калі я паступала ў каледж, я здзіўлялася ведам іншых падлеткаў: "Божа, дзе ж вы пра ўсё гэтае даведаліся?"

Адбіраюць квоты на паступленне для сірот. Усе зараз паступаюць на агульных падставах. Гэта замкнёны круг. Вучыцца ты не можаш і працу нармальную атрымаць не можаш.



- Як ты апынулася ў гэтым замесе ў 2020?

- Я працавала ў розных прыватных кампаніях - вяла сацсеткі, развівала бізнэс аддалена. І вось я сядзела дома і тады пазнаёмілася з Севярынцам. Я хадзіла на акцыі пратэсту. Я захапляюся гэтым чалавекам, які ўсё жыццё змагаецца з Лукашэнкам. Ён запрасіў тых людзей, якія пайшлі з ім на мітынг, каб сустрэцца і абмеркаваць, як можна палепшыць нашыя акцыі.

Я думала, што можна зрабіць у якасці піяру. І вось так мы і пазнаёміліся. Тады ж я пабачыла стрымы Сяргея Ціханоўскага. Ён мне нагадаў такога простага мужыка, які ходзіць і паказвае, што робіцца. Далей я глядзела ягоныя стрымы і мяне захапляла, што ён такі бясстрашны. Ён ведае, што яго будуць затрымліваць, а ён смяецца і прышпільваецца.

- Перад выбарамі ты ўжо была ў СДЖ?

- Калі Сяргей Ціханоўскі абвесціў, што будзе балатавацца, я адправіла заяўку, каб дапамагчы яму з піярам. Я вяла сацсеткі, рэкламу і рабіла гэта з дому, бо ў мяне маленькае дзіця. Калі затрымалі Сяргея і большую частку ягонай ініцыятыўнай групы, тады я ўжо пайшла збіраць подпісы за Святлану Ціханоўскую на Каменнай Горцы. Гэта таксама быў такі цікавы час, калі ты ідзеш кожны раз як апошні. Цалуеш дзяцей, бярэш заплечнік з адзеннем, пашпарт, ваду.

- А як муж да гэтага ставіўся?

- Можна сказаць, што муж мяне ў гэта і ўцягнуў (смяецца). Але чамусьці, калі жанчына бярэцца, яна цалкам аддаецца справе. Муж быў знаёмы з Севярынцам нават раней за мяне. Ён падтрымліваў мяне - ён заставаўся з дзецьмі. Ён у гэты час вучыўся і працаваў з дому.



- Падзеі 9 жніўня і пасля: для цябе былі нечаканыя?

- Увогуле не. Я была назіральнікам і ў той дзень стаяла на ўчастку каля школы. Мы чакалі пратаколу, і мне сталі прыходзіць смскі ад іншых назіральнікаў (інтэрнэту ўжо не было), што дзесьці перамагла Ціханоўская. Але мы ведалі, што на нашым участку такога не будзе: у дырэктрысы сын - амапавец, ён шмат разоў прыязджаў і выганяў нас з участку. Гэта значыць мы назіралі амаль што з суседняга двара.

9 жніўня мы чакалі пратаколу (нас было каля 100 чалавек) і вось прыехаў АМАП. І я з двума дзецьмі ўцякала ад АМАПу. Увогуле для меня ўсё было чакана. Але я не думала, што ўсё будзе так доўга. Я думала, што 9 жніўня адбудзецца гэты акт гвалту і людзі больш не выйдуць. Напэўна, так і разлічваў Лукашэнка. Але людзі выйшлі.

- А чаму так здарылася?

- Кожны чалавек паверыў у тое, што ён можа нешта змяніць. Ён прыйшоў, аддаў свой голас і зразумеў, што яго падманулі {калі абвясцілі вынікі выбараў}. Пасля гэтага ён адчуў сябе чалавекам, які можа сказаць не.

Калі раней мы разважалі: "А мы нічога ня можам змяніць. Няхай там кіраўнік вырашае". То цяпер мы зразумелі, што мы можам і павінны змяняць.

- Раскажы пра затрыманне мужа.

Пасля выбараў я ўдзельнічала ў ланцугах салідарнасці, ў жаночых маршах. Мы з мужам дапамагалі палітзняволеным, у тым ліку СДЖшнікам. Мы дапамагалі лістамі, перадачамі, і ўсё гэтае рабілі разам з Марфай Рабковай. Яшчэ я была назіральнікам у судах, ездзіла ў Жодзіна (забірала адтуль людзей). Хацелася як-небудзь дапамагчы.

Гэта {затрыманне мужа} адбылося 31 жніўня. Муж паехаў у БАЖ, каб дапамагчы апрашваць людзей, якія выйшлі з Акрэсціна. А я пайшла друкаваць плакаты на акцыю. Праз паўтары гадзіны я вярнулася дадому і пачула званок у дзверы. Я падумала, што гэта муж. Сын пабег і адчыніў  людзям у чорным, а я толькі паспела напісаць Марфе Рабковай, што за мной прыйшлі, і выдаліла тэлеграм.



- Я разумела, што за мной прыйшлі, таму што я ў "Краіне для Жыцця", была ў штабе Ціханоўскай. Таму я была ў шоцы, калі мне сказалі, што муж затрыманы і яны прыйшлі з вобшукам. Яго абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. А потым праз адваката мне перадавалі, што яго затрымалі праз мяне, бо ў мяне двое дзяцей. Тады яны яшчэ не маглі сабе дазволіць арыштаваць жанчыну з двума маленькімі дзецьмі. Такі момант ціску на мяне.

Гэта быў ГУБАЗ (каля 10 чалавек, але ў кватэру ўвайшлі трое), яны казалі, што ўсё пра мяне ведаюць, што я таксама ўдзельніца, і спадзяюцца(!), што я вазьмуся за галаву і буду выхоўваць сваіх дзяцей. Забралі ўсю тэхніку, акрамя майго тэлефону. Я ўгаварыла іх яго пакінуць, каб я магла працаваць з гэтага тэлефону. Гэта была іх вялікая памылка (смяецца). Праз яго я пазачыняла акаунты свае і мужа. Усё выдаліла і пачысціла, усіх папярэдзіла.

- Што было далей з мужам?

- Адвязлі ў СК, потым на Акрэсціна, далей - на Валадарку. Адпусцілі на дзясяты суткі і увесь гэты час казалі, што яго затрымалі праз мяне. Ціснулі, каб я замаўчала і перастала даваць інтэрв'ю. Урэшце ўжо мяне выклікалі ў СК позвай (раней тэлефанавалі).

Пры гэтым мне сказалі: "Уладкуйце, куды хаціце, дзяцей і прыходзьце ў панядзелак да нас". Гэта быў апошні званочак, і я зразумела, што ў панядзелак мяне будуць зачыняць. Таму ў пятніцу мы на некалькіх машынах з'ехалі і леглі на дно. Узнялі дзяцей у піжамах, а 12 гадзіне ночы мы беглі. Выходныя правялі без сувязі. І ў панядзелак у мяне была ўжо віза - мы выехалі праз мяжу.

- Усё прайшло нармальна?

- Складана гэта так назваць. Аўтобус ехаў амаль пусты (ў Літве ўжо пачынаўся карантын). Акрамя мяне з дзецьмі і кіроўцы-літоўца там нікога не было. Ён вельмі хваляваўся за нас, бо я ў двух словах растлумачыла, што мы ўцякаем.

Мы прайшлі пашпартны кантроль і ўжо ад'язджалі, але нас дагналі мытнікі. Я падумала, ну ўсё, нас забіраюць. Яны вырашылі яшчэ раз мяне дапытаць, зноў правяралі мой пашпарт. Мы там стаялі каля гадзіны. Дзеці плакалі, а кіроўца нікуды не з'язджаў, хаця яны казалі яму з'ехаць. Ён адмовіўся. Сказаў : "Не, тут жанчына з дзецьмі". Ён патэлефанаваў усім і распавёў, што аўтобус затрымліваюць. Думаю, гэта вельмі дапамагло, і нас нарэшце рэшт адпусцілі.

- А муж увесь гэты час быў у Беларусі?

- Так. Ён сядзеў. Праз 2-3 дні пасля майго ад'езду яго выпусцілі. Ён выйшаў запалоханы. Звязаўся са мной, сказаў, каб я нічога не прадпрымала, што яго выпусцілі з умовай таго, што я буду маўчаць. Потым мы здолелі абходнымі шляхамі вывезці яго ў Літву.

- У Літве ты адразу пачала працаваць у фондзе "Краіна для Жыцця"?

- Так, я сустрэлася тут з Марыяй Мароз. У яе к таму моманту ўжо была ідэя стварэння фонду. Яна прапанавала мне займацца палітзняволенымі - рабіць тое, што я рабіла ў Беларусі. Плюс я займаюся яшчэ піярам. Сутнасць маёй працы ў тым, каб як мага большая колькасць людзей даведалася пра магчымасць дапамагчы беларусам.

- А ў чым цяжкасць тваёй працы?

- Калі ня браць эмацыянальны складальнік (зносіны з блізкімі палітзняволеных, у кожнага з якіх свой боль), то галоўная праблема - гэта недавер. Ёсць фонды, якія падмачылі рэпутацыю, і зараз даводзіцца даказваць, што наш Фонд - добры. Хаця мы намагаемся гэта рабіць. Мы публікуем празрыстыя справаздачы, мы заўсёды адчыненыя, каб людзі ведалі, што мы не проста якія-небудзь наёмныя супрацоўнікі. Мы - беларусы, якія жадаюць вернуцца дамоў, у свабодную Беларусь.

- Ты асабіста сутыкалася з недаверам да фонду "Краіна для Жыцця"?

- Безумоўна. На фэйсбуку можна прачытаць каментарыі, хаця ёсць і шмат добрых. Але ёсць яшчэ і масавыя атакі на нашыя рэкламныя кабінеты. У дадзены момант яны заблакаваны ва ўсіх сацсетках. І мы не можам праз гэта нават запусціць рэкламу, што вельмі ўскладняе нашую працу і дапамогу палітзняволеным і чальцам іх сямей.



- Беларусы ў Літве робяць дастаткова для перамогі?

- Не. Але я не магу іх асуджаць. У кожнага свая сітуацыя. Але ёсць прыклады людзей, якія з'ехалі і пачалі будаваць сваё жыццё. А ёсць людзі, якія не могуць проста сядзець, калі ў тваёй краіне адбываюцца такія жудасныя падзеі.

Хаця калі я прыехала ў Літву з дзецьмі, без мужа, думала, што наўрад ці таксама змагу што-небудзь зрабіць. Дзе ўзяць ежу, як аплаціць кватэру? Такія побытавыя рэчы, яны жудасна перашкаджаюць, і мне здаецца, Лукашэнка менавіта таму і выганяе ўсіх актывістаў. Таму што за мяжой гэта цяжэй рабіць {змагацца з дыктатурай}.

- Плюс, у таго, хто з'ехаў, страчваецца пэўны аўтарытэт унутры краіны.

- Так, у актывістаў СДЖ, які засталіся ў краіне, ёсць крыўда, што ты з' ехаў. Хаця я намагаюся данесці да іх, што я страціла дом, бізнэс, цёплы ложак. А тут вымушаная жыць у не самых лепшых умовах, бо ў мяне элементарна не стае грошаў.

- Як ты лічыш, сёння Лукашэнка ў Беларусі ўсіх падавіў, усё зачысціў?

- Не, я лічу, што ён сыдзе. Трэба толькі разумець, якім чынам.

- Якім ты бачыш развіццё Беларусі? Яна мусіць быць пазаблокавай краінай, у ЕС ці з Расіяй?

- Я бачу Беларусь нейтральнай краінай, мне падаецца, калі даць людзям магчымасці рэалізацыі, нашая краіна будзе жыць добра. Яшчэ я хачу, каб людзі мелі магчымасць свабодна перамяшчацца паміж краінамі, існаваў бязвізавы рэжым.

- Як лічыш, што рабіць з тымі, хто зараз знаходзіцца ў турмах праз сваю грамадзянскую пазіцыю? Ім трэба будзе выплаціць якую-небудзь кампенсацыю, калі яны выйдуць на волю?

- Наш Фонд рыхтуе праграму рэабілітацыі для тых, хто выйдзе на волю. Гэта абследаванні і рэабілітацыя. Гэта тое, што можам зрабіць мы. А калі глядзець  з боку дзяржавы, то патрэбна будзе кампенсацыя. Магчыма, за кошт продажу рэзідэнцый Лукашэнкі.

- Твая галадоўка. Гэта быў эмацыянальны крок? Чаго ты хацела гэтым дамагчыся?

- Калі я абвясціла галадоўку, ішоў дзясяты дзень сухой галадоўцы Ігара Банцера. Я да яго стаўлюся з вялікай павагай. Гэта той чалавек, які змагаецца на працягу ўсяго свайго жыцця, проста сваімі метадамі. Плюс тады галадалі Ігар Лосік і Дзмітрый Фурманаў, і гэта ўсё было разам. Я разумела, што гэтым людзям да такой ступені цяжка, што яны ідуць на крайнія меры. Мне таксама было вельмі цяжка ў гэтай сітуацыі. Але я не магла паехаць у Беларусь і стаць побач з імі, таму я абвясціла галадоўку, каб хоць так іх падтрымаць. Гэта быў эмацыянальны крок.



- Нечаканы (для мяне) факт. Ты ўдзельнічала ў фанацкім руху. Як ты ў ім увогуле апынулася?

- Пасля дзіцячага дома я прыехала ў Мінск і паступіла ў Чыгуначны каледж. Мне было 15 гадоў. І тады я пазнаёмілася з футболам. Гэта быў 2009 год. Тады існавала такая цудоўная каманда МТЗ-РЫПА.

- Чаму ты пачала балець менавіта за яе?

- Я такі чалавек, які заўсёды ідзе супраць сістэмы. Тады ўсе футбольныя клубы лічыліся фашыстамі. Я ішла туды, дзе супраць усяго гэтага. Я ішла за мір, за любоў, за братэрства. Таму - "антыфа". І таму - МТЗ-РЫПА.

- Да якога года ты была фанаткай?

- І ўдзельнічала, і заўзела, і на выезды ездзіла да самога расфарміравання клуба. То бок калі зачынілі фінансаванне - клуб скаціўся. Мы намагаліся яго самі падтрымліваць, але не пацягнулі.

- Прабівала залаты сезон? (наведванне ўсіх афіцыяльных матчаў каманды за год)

- Не, я ж яшчэ вучылася і працавала ў гэты час (смяецца).

- Які быў самы небяспечны выезд?

- Зараз успамінаецца чамусьці Віцебск. Там быў вырашаючы якісьці матч. Мы арэндавалі аўтобусы. Калі мы прыехалі, зразумелі, што наўрадці адтуль уедзем. Далей аўтобусы уехалі, а мы дабіраліся самастойна, яшчэ футбалісты нам дапамагалі.

- А што здарылася?

- Добрыя фанаты нас сустракалі.

- Самыя прынцыповыя паядынкі з кім былі?

- З мінскім "Дынама". Мы адзін горад дзялілі. Быў і ёсць яшчэ ФК "Мінск", але ён такі ціхі, спакойны. Трэба разумець, чаму распадаецца фанацкі рух як такі. Таму што ўжо тады дзяржава ведала, што любое аб'яднанне людзей - гэта небяспечна. І каб на матч трапіць, яны здымалі на камеру, бралі пашпартныя дадзеныя.

Бліц.
 
- Самае вялікае расчараванне за апошні год?

- Расчаравалася ў некаторых людзях, якія забыліся на тое, што робіцца ў Беларусі.

- Самая вялікая радасць за апошні год?

- Вельмі моцна ўзрадавалася, каль выжыў Сцяпан Латыпаў.

- Ціханоўскі або Ціханоўская?

- Ціханоўскі.

- Севярынец або Ціханоўскі?

- … Севярынец.

- Беларусь ці Літва?

- Беларусь.

- МТЗ-РЫПА або "Партызан"?

- Нельга так увогуле пытаць.

- Гатэль ці намёт?

- Намёт

- Аўтамабіль ці матацыкл?

- Матацыкл.

- Садавіна або цукеркі?

- Садавіна.

- Facebook або Вконтакте?

- Instagram. 

Дапамагчы працы Фонда можна тут.
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям