Канстанцін Шышмакоў - шостая ахвяра жніўня 2020 г.

15 жніўня мінулага года стала вядома аб знікненні Канстанціна Шышмакова.

Дырэктар ваенна-гістарычнага музея імя Баграціёна ў Ваўкавыску выйшаў на працу пасля тыднёвага адпачынку. Увечары ён патэлефанаваў жонцы і сказаў: «Я тут працаваць больш не буду, еду дамоў». Але дома яго не дачакаліся.

Праз тры дні цела Канстанціна Шышмакова было знойдзена ў лесе каля горада Масты (прыкладна ў 30 кіламетрах ад Ваўкавыска). Як сцвярджае СК, смерць не носіць крымінальнага характару.
Бацька загінулага распавёў журналістам, што Канстанцін быў у складзе адной з выбарчых камісій і адмовіўся падпісваць выніковы пратакол, пасля чаго сутыкнуўся з ціскам і пагрозамі. Шышмакоў баяўся за сваю жонку і дзіцяці.

У сваю чаргу старшыня той самай камісіі Яніна Таранеўская заявіла, што загінулы ўсё ж падпісаў выніковы пратакол.

Што гэта - забойства ці давядзенне да суіцыду? Па вялікім рахунку не мае значэння. У тым, што Канстанцін Шышмаков пайшоў з жыцця, вінаватая сістэма кругавой парукі і хлусні, славутая вертыкаль улады, якую ўсталяваў у Беларусі лукашэнка.

У невялікіх гарадах людзям, якія ішлі супраць гэтай сістэмы, больш складана. Чыноўнікам лягчэй зламаць іх волю, проста выдаўшы «воўчы білет». Магчыма, так было і ў выпадку з Канстанцінам Шышмаковым.

Абставіны яго смерці павінны стаць аб'ектам судовых разглядаў пасля сыходу дыктатара. А вінаватыя "шрубы" злачыннай сістэмы, якія любяць казаць, што ад іх нічога не залежыць, мусяць панесці сур'ёзнае пакаранне.
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям