Адзін з нас. Юрый Уласаў

Мы працягваем расказваць пра нашых смелых калег, якія вырашылі пайсці да канца - за свабоду для ўсіх беларусаў. Цяпер гэтыя людзі зьяўляюцца вязьнямі, але на іх месцы мог апынуцца любы з нас.

Юрый Уласаў, 54 гады:
  • Давераная асоба Святланы Ціханоўскай на выбарах
  • Жанаты, двое непаўналетніх дзяцей
  • Упершыню быў затрыманы ў маі 2020, пасля вызвалення прымаў актыўны ўдзел у зборы подпісаў і агітацыі
  • 6 жніўня мінулага года арыштаваны другі раз, з тых часоў знаходзіцца ў зняволенні
  • Асуджаны на 6 з паловай гадоў пазбаўлення волі
Юрый Уласаў - чалавек, якому не ўсё роўна. Ён займаўся грамадскай дзейнасцю - у тым ліку спрабаваў вырашыць экалагічныя праблемы ў Навабеліцкім раёне свайго роднага Гомеля, удзельнічаў у «маршах дармаедаў», а у 2019 далучыўся да каманды Сяргея Ціханоўскага.

Ён не быў «тэрарыстам», «экстрэмістам» або «наркаманам», - проста хацеў жыць у спакойнай і бяспечнай краіне, дзе здароўе дарослых і дзяцей не падвяргаецца экалагічнай пагрозе, а людзі маюць права выказваць свой пункт гледжання.

На думку лукашэнкі, такія зразумелыя чалавечыя жаданні - злачынныя.

Логіка дзеянняў дыктатара не мянялася ўсе гэтыя гады: забіць, арыштаваць, ізаляваць самых актыўных - тых, хто можа арганізаваць і павесці за сабой іншых. Канчатковая мэта - пагасіць пратэстныя настроі і захаваць уладу. Логіка дзеянняў суддзяў і пракурораў, якія сёння дзейнічаюць у «дамах правасуддзя», таксама ў цэлым ясная - хтосьці ідэйна служыць ўладзе, на кагосьці ёсць кампрамат, хтосьці проста баіцца. Іх яшчэ чакае сапраўды народны суд.

Для лукашэнкі і яго памочнікаў ёсць дрэнныя навіны. Тактыка ізаляцыі, запалохвання, гвалту больш не працуе. Жаданне людзей быць пачутымі, прага справядлівасці, - мацней за страх.

Беларуская рэвалюцыя - гэта не інспіраваная звонку спецаперацыя, як здаецца апантанаму параноідным трызненнем дыктатару, гэта гістарычны працэс абуджэння цэлай нацыі. Ізаляцыя такіх людзей як Юры Уласаў больш не працуе. Беларусы прачнуліся, і мы не будзем ранейшымі.

Так, сёння нам цяжка - дзясяткі тысяч людзей зведалі катаванні і прыніжэньня ў турмах. Тысячы беларусаў да гэтага часу знаходзяцца ў зняволенні за свае палітычныя погляды. Але гадзіннік гісторыі няўмольны. Час дыктатара сыходзіць. А нам усім трэба будзе будаваць Краіну для Жыцця, у якой вопыт і ўменні Юрыя Ўласава будуць асабліва запатрабаваныя.

Сябры, памятайце, што лісты з волі крытычна важныя для палітвязняў.
Калі ласка, напішыце проста зараз Юрыю Уласаву.
 
Адрас для карэспандэнцыі: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А.
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям