Серада добрых спраў. Алена Герман – удава Аляксандра Тарайкоўскага

Аляксандр Тарайкоўскі быў забіты супрацоўнікамі сілавых структур у ноч з 10 на 11 жніўня мінулага года. Прадстаўнікі ўладаў сцвярджалі, што Тарайкоўскі падарваўся на ўласным выбуховым прыстасаванні, але відэаздымка з месца трагедыі зняпраўджвае гэтую хлусню. Тым не менш забойца ў форме не быў прыцягнуты да адказнасці. Сёння гаворым з Аленай Герман – удавой Аляксандра Тарайкоўскага.

Калі вы хочаце дапамагчы Алене Герман і яе дзецям - замоўце ў яе выраб фіранак для вашага аўтамабіля або проста падтрымайце добрым словам.

– Раскажыце, як змянілася вашае жыццё пасля 10 жніўня?


Вядома, моцна змянілася. Я засталася без мужа, з двума дзецьмі (у Алены ёсць дзіцё ад першага шлюбу і агульнае з Аляксандрам Тарайкоўскім дзіцё). Мы жылі як сям’я – гэта значыць, я ва ўсім разлічвала на мужа і магла цалкам яму даверыцца. А цяпер мне наноў трэба будаваць нейкія планы і неяк жыць. Гэта вялікая складанасць для мяне. Мы заўжды былі разам і разам працавалі, а цяпер трэба браць сябе ў рукі і неяк далей нешта думаць. І грошы зарабляць, і дзяцей выхоўваць, ды і проста жыць.
 
Яшчэ адна цяжкасць – мне страшна. Я пачала баяцца, напружвацца, калі бачу сілавікоў, міліцыю. Мне падаецца, я бачу кроў на іх дручках. Гэта ненармальна. Не будзе ўжо ранейшага спакойнага жыцця, калі пачуваешся ў горадзе як дома. Я цяпер па-іншаму гляджу на горад, на людзей.

– Да падзей жніўня вы сябе лічылі апалітычным чалавекам? Якія ў вас былі адносіны да ўладаў у Беларусі?

Мы з мужам былі апалітычнымі – пачалі цікавіцца, калі пачалася перадвыбарчая кампанія. Думалі, што ёсць шанец, сітуацыя ў краіне можа памяняцца. Мы глядзелі навіны на «Белсаце», хадзілі на мітынг Святланы Ціханоўскай на Бангалор, ставілі подпісы за кандыдатаў.

Не скажу, што мы былі заўзятыя апазіцыянеры. Але што маглі – рабілі. Нам здавалася, што мы можам нешта змяніць, калі ўнясём сваю лепту. Мы ж бачылі, што адбываецца (у краіне) – ва ўсіх напэўна ёсць знаёмыя, якія працуюць на дзяржпрадпрыемствах, якіх вымушаюць ставіць подпісы, пазбаўляюць прэмій. Усё гэта разумелі.

– А чаму вы думалі, што ў 2020 годзе нешта можа змяніцца?

Бо бачылі адэкватных прэтэндэнтаў на ролю прэзідэнта: і не аднаго, а некалькіх. Віктару Бабарыку і Валерыю Цапкалу сімпатызавалі. Таму мы вырашылі, што зараз можа нешта змяніцца. І ў ва ўсіх накіпела – адчувалася па настроі людзей. Усюды гэта абмяркоўваецца – і на працы, і ў пясочніцы сярод матуль. Гэта лунае ў паветры.  
 
А як вы лічыце, зараз незадаволенасць людзей сышла ці загнаная ўсярэдзіну і чакае выйсця?

Я камунікую з людзьмі – не, нічога не забыта. Людзі проста баяцца. Усе бачаць маштаб рэпрэсій і кожнаму ёсць што страціць. Дзяўчаты выходзяць – яны плануюць свае шпацыры, каб нікога не забралі. Бо ж паглядзіце як саджаюць, якія даюць тэрміны. Вядома, нікому не хочацца трапіць за краты. Напэўна, проста не хапае, каб нехта арганізаваў, каб згуртаванымі быць.

– У лютым старшыня СК Іван Наскевіч заявіў, што супраць вашага мужа была ўжытая нелятальная зброя,  і чалавек, які зрабіў гэта, дзейнічаў узважана. Пра што падумалі, калі прачыталі пра гэта?

Пра гэта можна было меркаваць, што яны будуць абараняць сваіх. Відаць на відэа, што ён (Аляксандр Тарайкоўскі) ішоў з узнятымі рукамі, ніякай пагрозы, небяспекі ён не ўяўляў.
 
– Уявім сітуацыю  расследаванне па справе смерці вашага мужа ўзноўлена,  вінаваты знойдзены. Якім павінна быць для яго пакаранне?
 
… Я не ведаю, як сказаць… Чалавека ўжо не вернеш. І мае значэнне, не якой будзе пакаранне, а каб усё было паводле закона. Няхай (будзе) такое пакаранне, якое прадугледжанае гэтым артыкулам.

Я не жадаю яму зла, бо я ведаю, што такое страціць блізкіх. Яго ж таксама нехта любіць, у яго таксама ёсць маці. Проста хачу, каб усё было паводле закону, каб ён панёс гэтае пакаранне.  

– Каго вы больш вінаваціце ў забойстве Аляксандра: таго хто страляў, ці камандзіраў, або Лукашэнку?

Цяжка сказаць, думаю ўсё залежыць ад чалавека. Чаму б не стрэліць у нагу? Гэта быў мэтанакіраваны стрэл у сэрца. Не ведаю, быў там загад ці не. Але чалавек пайшоў на гэта (зрабіў стрэл).  

– Калі вашага мужа забілі, улады казалі, што ён быў п’яны. Гэтая гісторыя пераклікаецца з гісторыяй Рамана Бандарэнкі. Як вы лічыце, чаму Лукашэнка ці нехта з набліжаных да яго, апраўдвае забойства чалавека тым, што ён мог быць п’яны?

Мне вось гэта таксама невядома. Яны сапраўды лічаць, калі чалавек п’яны, можна страляць у яго? Проста не ўкладаецца ў галаве. Я не разумею.

– На месцы гібелі вашага мужа існаваў мемарыял, які вельмі жорстка ліквідавалі. Некалькі чалавек нават атрымалі турэмныя тэрміны за надпісы на асфальце. Як вы гэта ацэньваеце?
  
Мне балюча чытаць такія навіны, даведвацца пра такое. Гэта проста вар’яцтва нейкае – як можна атрымаць тэрмін за надпіс? Ведаеце, я кожны дзень еду на працу і праязджаю каля гэтага месца – і кожны дзень бачу там кветкі.
 
– Як ваша дачка зараз успрымае адсутнасць бацькі і што вы ёй кажаце?

Адразу не казала, дзе яе тата, казала, што ён у лякарні. Потым ужо пагаварыла з псіхолагам, ён параіў сказаць праўду. Паспрабаваць максімальна даступна для яе патлумачыць сітуацыю. Каб яна не чакала, каб не вінаваціла сябе...

Яна да гэтага часу плача, кожны вечар яна плача. Кліча тату. Яна нібыта і разумее ўжо, што ён не прыйдзе. Але яна задае мне пытанне, чаму ён сышоў з дому. Чаму яго забілі.  Кажа, што “калі б у мяне былі крылы, я б паляцела да таты на неба”. Дачцэ чатыры гады будзе ў траўні.   

Падтрымаць Алену Герман і яе дзяцей можна, калі замовіць у яе выраб фіранак для вашага аўтамабіля або проста падтрымайце добрым словам. Алена працуе сама, таму ў выпадку вялікай колькасці заказаў баіцца не паспець усё зрабіць. Але абяцае ўсім адказаць.
 
Калі вы хочаце, каб мы расказалі вашу гісторыю, напішыце нам у сацсетках:
   Падтрымаць палітвязняў можна ТУТ.
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям