Серада добрых спраў. Вольга Паўлава

Вольга Паўлава падчас выбарчай кампаніі 2020 года стала актывісткай праекта "Краіна для жыцця", заснаванага Сяргеем Ціханоўскім, была сябрам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, збірала подпісы за яе вылучэнне. Удзельнічала ў акцыях пратэсту. Пасля затрымання на «Плошчы перамен», на Вольгу завялі крымінальную справу. У снежні яна правяла 17 дзён у карцэры, 10 з іх галадала. Вольгу Паўлаву прысудзілі да трох год “хатняй хіміі”.

 - Як вы ўвайшлі ў перадвыбарную кампанію, быў нейкі трыгер?

- Трыгераў было велізарная колькасць. Адзін з асноўных - гэта вельмі балючае маё асабістае пытанне. У нас у краіне няма закону, які б абараняў жанчын ад бытавога гвалту. Пры гэтым заканадаўства было распрацавана, прэзідэнту заставалася толькі зацвердзіць, але ён палічыў непатрэбным гэта зрабіць. У выніку тысячы жанчын у Беларусі (і мужчыны таксама) працягваюць пакутаваць ад такой праблемы.

Другі момант - гэта эпідэмія. Я лекар прафілактычнага профіля. Эпідэміялогія - гэта адна з галін маёй адукацыі. Мы ўсе цудоўна ведаем, якія патрэбны былі прафілактычныя мерапрыемствы, каб максімальна засцерагчы насельніцтва, ці хаця б проста знізіць ціск на ложка-месца. Для таго каб людзі не паміралі дома, а траплялі ў бальніцы, дзе кожнаму чалавеку маглі б аказаць дапамогу ў тым аб'ёме, у якім ён меў патрэбу.

А з-за таго, што гэтага не было зроблена, многія людзі проста паміралі дома - у бальніцах не было месцаў. Не правялі неабходныя прафілактычныя мерапрыемствы перад эпідэміяй, хаця было зразумела, што нас зачэпіць.

І трэцяе, гэта вялікая несправядлівасьць у адносінах да Сяргея Ціханоўскага. Гэта была апошняя кропля. Яго пасадзілі на суткі, калі ён даслаў заяву ў ЦВК на рэгістрацыю, і яго не зарэгістравалі. Учынак Святланы Ціханоўскай, якая пайшла і падала дакументы…

 Пасля гэтага я для сябе вырашыла, што такому чалавеку трэба памагчы.  Трэба ісці, трэба нешта мяняць.

 - А вы палічылі, што Лукашэнка асабіста адказны за ўсё гэта?

 - Ён адказны за тое, што стварыў сістэму, у якой усе баяцца ўгнявіць цара. З-за гэтага і адбываецца вялікая колькасць чалавечых ахвяр. Проста таму, што нехта баіцца данесці праўду. Хто дрэнныя навіны прынёс, той і пакараны.

 - З якога моманту вы сталі сачыць за каналам Сяргея Ціханоўскага?

 - Я ўвогуле чалавек вельмі апалітычны і такім была да вясны 2020 года. У мяне маленькае дзіця. У гэтым жніўні яму споўніцца толькі 7 гадоў.  Я працавала вядучым касметолагам кампаніі "Беліта". У мяне была добрая зарплата, дача.

Закон я не парушала, момантаў сутыкненняў з сістэмай у мяне проста не было. Я адвучылася, атрымала дыплом, пабывала на практыцы. А ў мяне ж праца такая, звязаная з праверкамі - "Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі". Гэта калі прыходзіць лекар санстанцыі і пачынае ўсіх правяраць, дзе, што і як падпісана, прамаркіравана.

І было такое пасля наведвання пары школ, калі завуч мяне цягне ў сталовую са словамі: "Вас там ужо ўсё чакае, усё гатова". Мяне гэта ўсё абурала. Таму што ў вас парты са крэсламі не падыходзяць па памеры - у дзяцей развіваецца скаліёз, а вы мне тут пакеты з мясам сабраліся складаць. Пастаўце дзецям крэслы нармальныя - навошта мне вашыя пакеты (смяецца).

Я зразумела, што ў гэтай сістэме я нежыццяздольная. У медыцыне ты марнуеш вельмі шмат часу на навучанне. На тое, каб гэта зразумець і спасцігнуць як усё ўладкавана. А потым табе кажуць: «Малайчына, што паставіў дыягназ, але талонаў каб зарэгістраваць гэтае захворванне (а яно цягне нейкія выплаты) вельмі мала. Вось, у нас тры талоны на паўгода».

А да цябе дзесяць чалавек звярнуліся. І ты з дзесяці выбіраеш гэтых трох, якім зусім кепска, каб яны атрымалі хоць нейкае фінансаванне. А ўсім астатнім людзям даводзіцца проста хлусіць, а я так не магу.

У мяне не было варыянтаў застацца ў сыстэме. Я разумела, што мяне рана ці позна падставяць і пасадзяць, бо ім таксама такія работнікі не патрэбны, якія будуць адстойваць праўду да канца.

Я з дзіцем была на самаізаляцыі на дачы - ранняя вясна, заняцца няма чым. І вось я ўбачыла відэа Сяргея са свінкамі. Яно было настолькі саркастычным, выразным, смешным, вось прама ў яблычак.  Я падпісалася на канал і пачала сачыць за новымі ролікамі.

- Якімі былі вашыя чаканні ад перадвыбарнай кампаніі?

 - Я разумела, што ў нас мала рэсурсаў, як людскіх, так і матэрыяльных. Але што настолькі складана будзе… Я ж прачытала ўсе заканадаўчыя акты, выбарчы кодэкс і да т.п., тэлефанавала на гарачую лінію, запісвала размовы, каб перакінуць у агульны чат і людзі ў найглыбейшай вёсцы ведалі, як сабраць подпісы. Але што гэта будзе настолькі беззаконна, што будуць скарачаць ініцыятыўную групу (нібыта там фэйкавыя людзі), што за намі будуць ганяцца, як гэта было ў Горках.

- А навошта наогул быў гэты прэсінг?  Вы ж рабілі ўсё па законе.

- Не ведаю, спытайце Лідзію Міхайлаўну. Мусіць, каб не мы не змаглі сабраць неабходную колькасць подпісаў. Яны ж убачылі, што ўсё добра збіраецца.

Бачачы вось гэты ўвесь жах, я знайшла дзірку ў заканадаўстве, пракансультавалася з юрыстамі. У мяне была ідэя давесці, што Лукашэнка не з'яўляецца гарантам канстытуцыі, а значыць, ён не прэзідэнт. На падставе таго, што я ваеннаабавязаная (у нас усе лекары ваеннаабавязаныя), трэба заклікаць войска ўстаць на абарону насельніцтва ад акупацыі.

Я казала пра гэта ў праграме на «Белсаце» і мне хлопцы адразу сказалі: «Выходзь з каманды, бо як толькі даведаюцца, што чалавек з каманды Святланы Ціханоўскай робіць такія заявы, яе могуць дыскваліфікаваць».

Таму я адразу пераклала свае абавязкі на іншых людзей, выйшла і запусціла заклік. Лукашэнка так і не адказаў. У нас было калектыўны зварот, ён абавязаны быў адказаць у месячны тэрмін, але гэтага не зрабіў.

Петыцыю падпісала 8 тысяч чалавек. Я яе разаслала ў Мінабароны, МУС, тэлефанавала на гарачыя лініі. Мне было шалёна страшна, хаця закон я не парушыла, але ўсё ж верагоднасць арышту была.  Тым больш, да мяне ўвесь час прыходзілі людзі ў цывільным, хацелі «пагаварыць».

- Вас затрымлівалі чатыры разы і толькі ў лістападзе на вас завялі крымінальную справу.  Як думаеце, чаму?

- Я гэта звязваю з КОТГСамі. Шыкоўная ініцыятыва. Самакіраванне - гэта тое, што трэба нашаму грамадству - навучыцца ўсё рабіць самастойна, каб не залежыць ні ад каго. Я пачала актыўна гэта рухаць у сваім КОТГС, стварыла ініцыятыўную групу. І натуральна, ад майго імя, майго адраса ішлі ўсе лісты, у тым ліку ў адміністрацыю.

Я прапісвала, што «мы вас паведамляем аб тым, што на працягу трох месяцаў збіраемся пераабраць старшыню КОТГСа». І літаральна праз тры дні была сабрана нарада са старшынёй раёна і ўсімі старшынямі КОТГСаў, дзе гаварылася: "Не ідзіце на сустрэчы з грамадзянамі, як бы яны ні хацелі".

- То бок, вас з-за гэтага забралі?

 - Я лічу, што так. Я ж ездзіла па ўсіх раёнах. У нас была тады ініцыятыва з тартамі.  Мы прыязджалі на раён, прывозілі торт. Праводзілі час ад часу стрымы са Святланай Ціханоўскай.  Пасля гэтага я ўсяму актыву двароваму распавядала што такое КОТОС і перакідвала неабходную інфармацыю.

 Тады забралі 300 чалавек і на 230 завялі крымінальныя справы. А пасадзілі толькі тых, хто перашкаджаў.

- Як бы вы ахарактарызавалі ўмовы ўтрымання ў беларускіх СІЗА?

- Там ідзе гвалтоўны злом волі. Ты не гнешся - а мы цябе зламаем.

- Чаго яны хочуць дабіцца гэтым?

- Чалавек са зламанай воляй не будзе змагацца. У яго апатыя і нежаданне змагацца за штосьці. Дзеля гэтага ўсё і робіцца.

- Гэтая тактыка паспяховая?

- Гэта залежыць ад чалавека. Велізарная колькасць палітвязняў прайшлі праз карцэр. Каб вы разумелі, карцэр - гэта лімб. Калі ты туды пападаеш, адтуль амаль немагчыма абрацца. Табе прыдумаюць, за што павесіць рапарт.

Мне далі сем сутак, потым пяць, потым яшчэ пяць. У гэты момант, калі пасля сямі сутак мне далі пяць за пыл, я зразумела, што адзіны варыянт - гэта галадоўка, таму што мяне проста не выпусцяць адтуль. Бо я не ламаюся.

У мяне быў варыянт - пачаць з імі вітацца {ўпершыню Вольгу пасадзілі ў карцэр за нежаданне вітацца з супрацоўнікамі і кіраўніцтвам калоніі}, але я не стала б гэтага рабіць.

- Пасля аб'явы пра галадоўку стаўленне да зняволенага змяняецца? Да вас памянялася?

- Яны вельмі смяяліся, ім усім было вельмі весела. Першыя некалькі дзён. А потым, што мяне выратавала - па-першае тое, што я - дзяўчынка, таму што ў карцэры на той момант сядзелі адны мужчыны, і яны таксама сталі галадаць. Разам са мной галадаў увесь карцэр на працягу пяці сутак. Яны проста не пісалі заявы {пра галадоўку}.

Яны ведалі пра мяне, там жа добра чуваць, што адбываецца ў карцэры. Яны разумелі, што я нармальна сябе паводзіла. Так, я не віталася, але нічога не парушала. І калі мне далі чарговыя пяць сутак і не выпусцілі, мужчыны перасталі есці - і я ім вельмі ўдзячная за гэта. Адзін з іх галадаў са мной дзесяць дзён - дзень у дзень. Пакуль мяне не перавялі ў медчастку.

Астатнія пратрымаліся пяць дзён, пакуль начальнік турмы не пайшоў са мною на перамовы. Ён сказаў, што выпусціць мяне можа праз пяць сутак, а за гэта я мушу спыніць галадоўку. Я не пагадзілася, таму што мяне ні завошта ў карцэры трымалі.

Яшчэ дапамагло, што прыехаў адвакат. А ў мяне былі трэція ці чацвёртыя суткі галадоўкі - самыя цяжкія.  І мяне на сустрэчу з адвакатам на руках прынёс працоўнік гаспадарчай часткі. Я стаяць нават не магла. І адвакат мой, Іван Чыжык, таксама вялізная падзяка яму, напісаў заяву, каб патлумачылі на падставе чаго я ў карцэры. Таксама ён апавясціў СК і ДВП, што я ўжо пятыя суткі галадаю.

Усё разам і адыграла сваю ролю. Яны зразумелі, што я не буду вітацца. Плюс, я начальніку турмы нагадвала стала, што давядзенне да самагубства - гэта крымінальнае злачынства. Старэйшы опер яшчэ палохаў, што мяне паставяць на ўлік як схільную да суіцыду, а калі такая адзнака ёсць у асабістай справе, тады асаблівае стаўленне з боку турэмшчыкаў.

- Тры гады "хатняй хіміі". У сённяшніх рэаліях дастаткова мяккі прысуд – вас гэта здзівіла?

- У мяне чыстая рэпутацыя. Я заўсёды працавала афіцыйна і на высокааплатных пасадах. Велізарная колькасць падаткаў выплачвала. Плюс у мяне не было крыміналак, было малалетняе дзіця, прапіска і сталае месца пражывання. Супалі гэтыя фактары. Калі хаця б аднаго не было, я б роўна з усімі сядзела тры гады.

Хаця з іншага боку, улічваючы ступень беззаконня ў нашай краіне, я б не здзівілася, што сяду надоўга. Дарэчы, калі я казала сваё апошняе слова, я думала, што буду сядзець доўга і ўпарта.

Апошняе слова Вольгі Паўлавай:

«Згодна з арт.  53 Канстытуцыі РБ, кожны чалавек абавязаны паважаць гонар, годнасць і правы іншага чалавека, таму перабіваць апошняе маё слова - гэта непавага і парушэнне Канстытуцыі.

Эпіграфам для свайго апошняга… заключнага слова я ўзяла радок з боскай камедыі Дантэ Аліг'еры: „Пакуль хоць лісцік у надзеі б'ецца“.

Высокі суд, у заключным слове хочацца выказаць свае пачуцці да маёй краіны і да ўсяго таго, што ў ёй адбываецца. Але лепш за ўсё адлюстроўвае сённяшнюю рэчаіснасць і стан маёй душы галоўны герой аповесці "Уваскрэсенне" вялікага рускага класіка Талстога, напісанай ім 120 гадоў таму, а нічога па факце і не змянілася. Такім чынам, цытую:

„Суд ёсць толькі адміністрацыйная прылада для падтрымання існуючага парадку рэчаў, выгаднага аднаму са саслоўяў. Уся справа ў тым, што гэтае саслоўе прызнае законам тое, што не ёсць закон і не прызнае тое, што ёсць вечна закон самім Богам напісана ў сэрцах людзей. Ад таго і бывае так цяжка з гэтымі людзьмі, і яны страшнейшыя за разбойнікаў: разбойнік усё ж можа пашкадаваць.

Гэтыя ж не могуць пашкадаваць, яны застрахаваны ад жалю. Калі б была зададзена псіхалагічная задача, як зрабіць так, каб нашага часу - хрысціяне, гуманныя, проста добрыя людзі - здзяйснялі самыя жудасныя злачынствы, не адчуваючы сябе вінаватымі, то магчыма толькі адно рашэнне: трэба, каб было тое самае, што ёсць: трэба, каб гэтыя людзі былі губернатарамі, наглядчыкамі, афіцэрамі, паліцыянтамі…

Гэта значыць, па-першае, былі ўпэўненыя, што ёсць такая справа, званая „дзяржаўнай службай“, пры якой можна абыходзіцца з людзьмі, як з рэчамі: без чалавечага, братэрскага стаўлення да іх. А па-другое, каб людзі гэтай самай дзяржаўнай службай былі звязаныя так, каб адказнасць за наступствы ўчынкаў іх з людзьмі не падала ні на кога асобна.

Уся справа ў тым, што людзі думаюць, што ёсць палажэнні, у якіх можна абыходзіцца з чалавекам без кахання, як з рэччу, а такіх палажэнняў няма. З людзьмі нельга абыходзіцца без кахання, і гэта не можа быць інакш, таму што ўзаемнае каханне паміж людзьмі ёсць асноўны закон жыцця чалавечага…

Шукайце царства Божага і праўды яго, а астатняе дадасца вам. А вы шукаеце астатняга і, відаць, не знаходзіце яго».

Я хачу, каб вы задумаліся, што ёсць мараль нават баязлівага маладушнага саслоўя, апантанага прагай улады і яе ўтрымання… Як беззаконна сёння выносяцца прысуды над людзьмі, як канстытуцыйныя правы былі патаптаныя фальсіфікацыямі на выбарах у жніўні 2020 года і які гвалт, генацыд  сваім жа народам.

Я была на Акрэсціна з 9 па 12 жніўня і маю поўнае права казаць пра гэта гучна і ўслых, бо на свае вочы бачыла, як да смерці збівалі мужчын. І мяне білі ў тым жа ліку.

Начальнік ЦІП Акрэсціна Шапецька і Урублеўскі, супрацоўнік ЦІПа. Перажыла газавую камеру, якую зладзілі супрацоўнікі ЦІПа для жанчын.  Дык вось, абыякавасць - гэта страшна! Меркай дабра і зла з'яўляецца сумленне. Дык вось, сумлення ў вас няма!

У РБ найвышэйшым юрыдычным законам з'яўляецца Канстытуцыя, а не супрацьзаконныя загады начальства і ваш страх страціць працу».


Розныя наступствы маглі быць пасля майго апошняга слова. Ну, бачыце, адмашка зверху была такая.

- А да каго вы звярталіся ў сваім звароце ў першую чаргу - да суддзяў, грамадзянскай супольнасці, можа быць, рабілі гэта для сябе?

- Суддзі - гэта машыны.  Я думаю, людзі, да якіх можна было дастукацца, пайшлі адтуль яшчэ ў жніўні. Так што я зьвярталася да грамадзтва. Хацела расказаць, з чым людзі маюць справу. Вось, сто гадоў таму Талсты ўсё апісаў.

- З сыходам Лукашэнкі несправядлівая сістэма распадзецца, завершыць існаванне?  І што будзе з людзьмі, якія зараз у сістэме?

- Будуць сядзець. Нам гэта ўсё далося вялікай крывёй. Найперш людзям, чыіх дзяцей, сваякоў, забілі. Тым, хто застаўся інвалідам пасля гэтага ўсяго.

Але вось гэты вось час {са жніўня 2020} даў нам магчымасць аддзяліць збожжа ад жыціцаў. Быў час, калі ўсе адсеяліся. Супрацоўнікі сілавых блокаў пайшлі, суддзі не бралі справы. Таксама са следчымі, пракурорамі.

Ва ўсіх быў выбар.  Цяпер ясна, хто ёсць хто. Рана ці позна ўсіх знойдуць. Злачынствы супраць чалавечнасці не маюць тэрміна даўнасці.

- А вы можаце растлумачыць матывацыю людзей у сістэме?

- Ва ўсіх па-рознаму, мусіць. Так званыя ябацькі - гэта не прадстаўнікі нейкай партыі. Гэта прадстаўнікі пэўнай сістэмы светапогляду. Гэта вельмі зручна, калі ва ўсіх праблемах можна абвінаваціць кагосьці яшчэ.

Каб нешта мець добрае, трэба ўзяць адказнасць за сябе ў свае рукі. А ўяўляеце як зручна, калі вінаваты нехта, а не ты сам? А як ты будзеш будаваць краіну, калі ты за сваё жыцьцё адказнасьці не нясеш? А што мы хацелі: 26 год гэта доўжылася.

- А вы не лічыце, што гэта пачалося раней: з калектывізацыі, з рэпрэсій, якія не былі прапрацаваны, а каты асуджаныя? І мы атрымалі такую   хвалю гвалту зараз.

- Тут атрымліваецца напластаванне. Дзеці паводзяць сябе так, як іх бацькі. А тыя кажуць: "Трэба маўчаць". А потым дзеці вырастаюць у дарослых, якія такі ж пасыл і страх нясуць ужо сваім дзецям. А сёння, у асобе аднаго чалавека, мы бачым апагей усяго гэтага. Гэта крайняя кропка.

- У беларусаў, як народа і Беларусі, як краіны, усё пойдзе зараз у лепшы бок?

- Як людзі вырашаць. Нашае пакаленне ў асноўным выхавана ў духу «ініцыятыва каральная». Хаця, як мы будзем развівацца без ініцыятывы?

Апошнія падзеі, розныя ініцыятывы, паказалі, што не ўсе забітыя. Людзі хочуць быць ініцыятыўнымі, а не сядзець склаўшы рукі і глядзець, як бязрадасна праходзіць іх жыццё.

З сыходам гэтага чалавека, мы атрымаем акно магчымасцяў.  І тут пытанне, ці набярэцца крытычная маса ініцыятыўных, каб усё гэта памяняць раз і назаўжды.

- Як вам можна дапамагчы?

- Я аформлена як рамеснік. Займаюся фларыстыкай, праўда, не з сапраўднымі кветкамі, а са штучнымі. Заказаў у мяне амаль няма. Але калі людзі праявяць цікавасць, з радасцю выканаю замову.

Дапамагчы Вользе вы можаце, замовіўшы ў яе кветкі.

 


Калі вы хочаце, каб мы расказалі вашу гісторыю, напішыце нам у сацсетках:
 
Падтрымаць палітвязняў можна ТУТ.
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям