Каардынатарка валанцёрскай службы праваабарончага цэнтра “Вясна” Марфа Рабкова знаходзіцца ў зняволенні цягам амаль 7 месяцаў. Яна была затрыманая яшчэ 17 верасня. Спачатку яе абвінавацілі ў навучанні або іншай падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках альбо фінансаванні такой дзейнасці. У лютым Марфе выставілі новыя абвінавачванні – распальванне сацыяльнай варажнечы да ўлады групай нявысветленых асобаў і ўдзел у злачыннай арганізацыі. Цяпер Марфе Рабковай пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Мы паразмаўлялі з яе мужам – Вадзімам Жаромскім.
– Раскажыце, як зараз справы ў Марфы?
– Стабільна напружаныя. Калі чалавек знаходзіцца ў ізалятары, ён адчувае пастаянны дыскамфорт як псіхалагічны, так і цялесны. Цісне невядомасць, скоўвае прастора камеры. Працяглы працэс пачынае адбівацца на імунітэце, таму даволі часта Марфа хварэе.
– Як яе настрой?
– З надыходам вясны настрой у яе палепшаў. Ажыўленне прыроды адчуваецца нават праз краты на вокнах, таму ў лістах заўважна, што настрой стаў больш бадзёрым.
– Ці ёсць з ёй пастаянная сувязь?
– Сувязь ёсць, але з запаволеным эфектам. Пачалі стабільна прыходзіць лісты, асабліва мне, атрымліваю ўсе яе канверты. На жаль, бацькам і сястры – усё яшчэ з перабоямі і затрымкамі да месяца. Датычна лістоў ёй, то сітуацыя не найлепшая, бо цэнзура вельмі доўга пакідае лісты без руху, а некаторыя і зусім не аддае. На сённяшні дзень Марфе аддалі каля 500 лістоў, але гэта толькі малая частка таго, што ёй даслалі.
– Якія ўмовы ўтрымання (зараз шмат пішуць пра ўзмацненне ціску на “палітычных”)?
– Наколькі вядома, у ізалятары сталі часцей прыходзіць праверкі з Дэпартамента выканання пакаранняў МУС. Гэта адбіваецца на побыце вязняў – больш строгія патрабаванні да выканання нарматыўных прадпісанняў, больш пільныя праверкі. Былі паведамленні пра тое, што з камер сталі забіраць тэлевізары, выкідаць назбіраныя газеты і часопісы.
У цэлым Марфа перадае, што на дадзены момант у цяперашняй камеры больш камфортна (наколькі, канечне, гэта слова ўжывальнае да СІЗА), чым у папярэдніх. Бо былі нават камеры з дзіркамі ў падлозе замест унітаза і дзіравымі вокнамі са скразняком.
Увогуле за паўгода яна змяніла каля 5 ці 6 камер, у якіх у сярэднім утрымлівалася ад 6 да 8 жанчын, палова з якіх былі “палітычнымі”. Разам з ёй у розныя часы ў камерах знаходзіліся Віка Міронцава (2,5 гады пазбаўлення волі), Саша Патрасаева (3 гады хатняй хіміі), Вольга Паўлава (3 гады хатняй хіміі) і шмат іншых жанчын, якія змагаліся за свае правы.
– Што вас больш за ўсё турбуе зараз?
– Мяне турбуе тое ж самае, што і іншых людзей, якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі – несправядлівасць таго, што адбываецца. Справа Марфы сыходзіць з перадузятага і даволі дзіўнага ўспрымання рэчаіснасці тымі людзьмі, якія яе ініцыявалі. У судзе ўсё гэта будзе відавочна, хаця спадзяюся, што суда не будзе і ўсе, каго ўтрымліваюць за кратамі, заўтра ж выйдуць на волю.
– Як бацькі Марфы? Вядома, што яе бацька цяжка хворы…
– Яе бацька сказаў, што абавязкова дачакаецца дачку, і я думаю, што так і будзе. Неўзабаве яна наведае іх дома. Інакш і быць не можа.
– Чаму менавіта Марфа апынулася ў турме?
– Планы атакаваць праваабаронцаў выношваліся даўно, і ў верасні гэта быў пробны ўдар. Усё, што на той момант цікавіла і апрабоўвалася спецслужбамі пры арышце Марфы, усё адзін у адзін паўтарылася пры крымінальнай справе на “Вясну” праз паўгода, але ў большым маштабе. Адны і тыя ж фармулёўкі, адны і тыя ж пытанні.
Арышт Марфы быў рандомным спосабам намацаць глебу. Да таго ж валанцёрскі рух у Беларусі набраў небяспечныя маштабы для аднаго з бакоў грамадскага канфлікту. Удар па ўдзельніку гэтага руху, па іх меркаванні, павінен быў збіць хвалю.
– Ці былі ў вас або Марфы трывожныя званочкі перад затрыманнем (можа, нейкае прадчуванне)?
– Ад розных людзей пасля жнівеньскіх затрыманняў былі папярэджанні пра тое, што распрацоўка адносна Марфы ўжо знаходзіцца ў актыўнай фазе. Колькасць такіх сігналаў казала пра тое, што хутчэй за ўсё гэта праўда. Іншая справа, што нават тады мы не здагадваліся, наколькі дзіўна на нашай зямлі неўзабаве будзе трактавацца права.
– Ці чакалі, што апыняцеся ў такой сітуацыі (жонка за кратамі, у краіне прававы дэфолт), і з якімі часамі вы б параўналі сённяшнюю Беларусь?
– Калі шчыра, то я нават не вельмі пільна сачыў за гэтай палітычнай кампаніяй да пэўнага моманту. Пасля выбараў 06, 10 і 15 гадоў мне было складана ўявіць, што можа нешта змяніцца.
Разуменне глыбіні незадаволенасці грамадства з’явілася пасля колькасці тых, хто прыйшоў на мітынг аб’яднанага штаба на Бангалор. Лічыльнікі паказалі больш за 60 тысяч чалавек, і гэта не аспрэчвалі нават супрацоўнікі ў форме на створаных КПП участках. Таму цяперашнія высілкі прапаганды, каб даказаць, нібы штотыднёвыя восеньскія маршы збіралі не больш за 40 тысяч чалавек, вартыя жалю. На маршах увосень было яўна ў разы больш людзей, чым на Бангалор у ліпені.
Таму на той момант я не чакаў ні вялікіх пратэстаў, ні крымінальнай справы, ні далейшай сітуацыі з правам у краіне ўвогуле. Але я б не вылучыў нейкую адну падзею, якая прывяла да той кропкі, у якой мы знаходзімся зараз. Іх была чарада.
– Калі і як усё гэта скончыцца?
– Адзін усім вядомы грамадзянін часта паўтарае, што незалежнасць была дадзеная беларусам вельмі проста. Можа быць, зараз мы перажываем адкладзены плацеж за той важны набытак, а таму варта набрацца крыху цярпення.
– Што вы скажаце Марфе, калі яна выйдзе на волю?
– Моўчкі пойдзем на шпацыр. Словы ў гэты момант не галоўнае, больш важна адчуванне свабоды і палёгкі.
– Што пажадаць усім беларусам?
– Пажадаю, каб ніхто не перашкаджаў ім жыць.
Вы можаце даслаць Марфе Рабковай ліст. Адрас: СІЗА-1. 220030, Мінск, вул. Валадарскага, 2.
Яна абавязкова адкажа, калі ліст дойдзе па прызначэнні.
Падтрымаць палітвязняў можна ТУТ.