"Вернемся ў прававое рэчышча". Што рабіць сваякам пры затрыманні іх блізкіх

На жаль, затрыманні працягваюцца. І пакуль адныя робяць выгляд, што сітуацыя ў краіне нармальная, іншыя ходзяць на раённыя маршы і не здаюцца насуперак жорсткай пазіцыі ўлады. Аказваецца, можна штосьці парушыць, калі пляскаць у ладкі, выходзіць у двор або па пакупкі ў краму ў адзенні палітычных колераў. Відаць, гэта нейкае новае паняцце ў юрыспрудэнцыі, якое ніяк не замацавана ў нарматыўна-прававых актах. Але чаго толькі не прыдумаеш, каб застацца ў цёплым крэсле суддзі.

Сёння пагаворым пра сітуацыю, калі затрымліваюць сваякі або іншага блізкага чалавека.
 
Першае, пошукі.

Спачатку трэба набраць 102. Запытацца, ці ёсць чалавек у іх спісах, пры гэтым абавязкова ўдакладняйце ў супрацоўніка на лініі яго ўласнае прозвішча, прычым не адзін раз, каб ён разумеў, вы запісваеце таго, хто вам дапамог ці не дапамог у пошуку.

Калі па 102 сказалі, што не ведаюць, дзе знаходзіцца чалавек, то часцей за ўсё яго можна знайсці ў раённым аддзеле  міліцыі па месцы затрымання. Таксама ёсць тэлеграм-каналы са спісамі затрыманых: «спісы Акрэсціна» і «Вясна». У гэтых каналах ёсць чат-боты і вы можаце апублікаваць там інфармацыю пра зніклага. Пры гэтым абавязкова трэба пазначыць прозвішча, імя, імя па бацьку, дату нараджэння і меркаванае месца затрымання. Гэта аблегчыць пошук.

Таксама можна прыехаць у бліжэйшы РАУС. Калі затрыманні масавыя, то спісы ёсць у валанцёраў, якія там дзяжураць. Калі не, тэлефануйце ў дамафон, называйце прозвішча і ўдакладняйце, вам хутчэй за ўсё скажуць, ці ёсць у іх такі чалавек. Калі чалавек знаходзіцца ў РАУС і яго не адпусцілі пасля афармлення пратакола, то да суда яго перавядуць альбо ў ІЧУ ў Жодзіна, альбо на Акрэсціна. Калі не знайшлі чалавека па спісах, на жаль, трэба тэлефанаваць 103 ці, як крайняя мера, напісаць заяву пра знікненне.

Другое, суд.

Як правіла, суд праходзіць на наступны дзень пасля затрымання. Судзяць чалавека (за выключэннем Жодзіна) у судзе таго ж раёна, дзе знаходзіцца РАУС, дзе афармлялася затрыманне. Шукайце інфармацыю пра суд у вышэйпазначаных тэлеграм-каналах. Альбо на стэндзе ў будынку суда.

Пажадана прысутнічаць на паседжанні. Гэта маральная падтрымка затрыманаму, да таго ж, пасля абвяшчэння пастановы, могуць не сказаць на колькі сутак асуджаны ваш сваяк.

Трэцяе, передача.

Чалавека затрымалі і асудзілі. Яму патрэбна перадача. Яе можа перадаць блізкі родзіч (бацькі, дзеці, муж, жонка, а таксама родныя і стрыечныя браты і сёстры). Пры сабе абавязкова мець пашпарт.

Калі чалавеку жыццёва неабходныя лекі, іх можна прывезці і перадаць з 8 раніцы. Для перадачы патрэбна даведка або любы дакумент ад урача, якая пацвярджае дыягназ. Можна перадаць кантэйнер для лінзаў і акуляры для зроку.

Усё, што вы перадасце, да моманту перадачы арыштаванаму будзе дагледжана.

У кожным ІЧУ свой дзень для перадач. У сувязі з тым, што на сённяшні момант забаранілі перадачы ў месцы ўтрымання, можна казаць пра тое, што з’явіўся яшчэ адзін асабліва жорсткі метад катавання.

Ёсць жаночыя гігіенічныя сродкі першай неабходнасці, адсутнасць якіх не проста дастаўляе дыскамфорт, але і выклікае сур’ёзныя праблемы са здароўем. Гэта абумоўлена зніжэннем імунітэту і высокай верагоднасцю пранікнення інфекцый у арганізм. Мэтанакіраваны падрыў жаночага здароўя – гэта чарговае пацвярджэнне цынізму рэжыму.

Хачу адзначыць, што вашых блізкіх дапамагаюць шукаць валанцёры. Яны дзяжураць каля РАУС, ходзяць на суды, перадаюць перадачы і складаюць спісы. Калі ласка, прывозьце ім гарбату і іншыя неабходныя рэчы. Давайце дапамагаць і падтрымліваць адно аднаго.

Жыве Беларусь! 

Запоўніць заяўку на юрыдычную дапамогу вы можаце па спасылцы.
 

Падтрымаць ТУТ
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду