Калі вам прыйшоў “ліст шчасця” з падатковай. Парады юрыста

У фонд “Краіна для Жыцця” прыходзіць шмат зваротаў наконт падачы дэкларацыі ў падатковую інспекцыю. Людзі баяцца таго, што рэжым шукае і дабівае непажаданых для сістэмы. Ці гэта сапраўды так, паспрабавала разабрацца юрыст фонду Марына Нікандрына.
 
Эканамічная мадэль Лукашэнкі перажывае не найлепшыя часы. У Беларусі назіраецца катастрафічны недахоп фінансавых сродкаў. Таму фіскальным органам пастаўленая задача максімальна задзейнічаць рэсурсы па адбіранні грошай у насельніцтва. З падатковай усё часцей прыходзяць патрабаванні падаць дэкларацыю аб даходах і маёмасці.
 
Напрыклад, вы апынуліся ў ліку “шчасліўцаў”, якім даслалі патрабаванне падаць дэкларацыю аб даходах і маёмасці. Не спяшайцеся пасыпаць галаву попелам, лепш разабрацца ў пытанні.

Спачатку нагадаю, што грамадзяне нашай краіны абавязаныя штогод, не пазней за 31 сакавіка, падаваць падатковую дэкларацыю аб падаходным падатку, калі ў справаздачным каляндарным годзе яны атрымалі даходы, якія павінны быць абкладзеныя падаткам. У лік тых, хто павінен падаць дэкларацыю, уваходзяць грамадзяне, якія атрымліваюць даходы з-за мяжы альбо грашовыя пераводы ад іншых асобаў.

Калі пераводы былі ад блізкіх сваякоў, то падаходным падаткам такія даходы не абкладаюцца, незалежна ад памеру, і падаваць падатковую дэкларацыю не патрабуецца. Тое самае тычыцца і блізкіх сваякоў мужа ці жонкі. Гэта значыць, калі ваша цешча або свякроў вам штосьці падорыць з-за мяжы, вы падатак з гэтай сумы плаціць не будзеце.

Падарункі ад асобаў, якія не адносяцца да блізкіх сваякоў, абкладаюцца падаходным падаткам, толькі калі сума падарунку перавышае 7003 Br. Калі выйшла больш за гэтую суму, то дэкларацыя падаецца толькі адносна сумы перавышэння і з яе ўжо аплачваецца падаходны падатак.

Грамадзянам, якія працуюць за мяжой, каб пазбегнуць падвойнага падаткаабкладання, неабходна падаць дакумент, які пацвярджае, што падатак у іншай краіне быў вылічаны. Такі дакумент на сёння павінен быць засведчаны падатковай службай замежнай дзяржавы.

Калі вам усё ж даслалі патрабаванне пра падачу дэкларацыі аб даходах і маёмасці, магчыма інспекцыя МПЗ атрымала не ўсе звесткі, неабходныя для вызвалення ад падатку. Таму неабходна высветліць, на якой падставе вам накіравалі патрабаванне.

Пры неабходнасці запоўніце дэкларацыю і прылажыце ўсе дакументы, якія пацвярджаюць факт атрымання даходу.

Дапамагчы працы Фонду можна ТУТ.
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям