Як змянілася беларуская Канстытуцыя за часы праўлення Лукашэнкі

Першая Канстытуцыя незалежнай Беларусі была прынятая 15 сакавіка 1994 года. На той час спікерам парламента быў генерал міліцыі Мячыслаў Грыб, ён і падпісаў Канстытуцыю.

Першыя папраўкі ў Канстытуцыю.
 
Першыя змены ў Асноўны Закон былі ўнесены ў 1995-м годзе, пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі. У Канстытуцыі 1994 года гаварылася, што дзяржаўнай мовай з’яўляецца беларуская. Руская мова абвяшчалася мовай міжнацыянальных зносін. У 1995-м прайшоў рэферэндум, паводле якога руская таксама атрымала статус дзяржаўнай. Гэта прывяло да выцяснення беларускай з ужытку.

Таксама ў краіны з’явіліся новыя герб і сцяг. Лукашэнка змог датэрмінова распусціць парламент пры “сістэматычным або грубым парушэнні Канстытуцыі”. Паводле Канстытуцыі 1994 года гэта магло адбыцца толькі згодна з рашэннем самога парламента. Для гэтага патрабавалася не меней за дзве траціны галасоў дэпутатаў.

У 1996-м прэзідэнт ініцыяваў правядзенне другога рэферэндуму, на які была вынесена новая рэдакцыя Канстытуцыі. Першапачаткова менавіта парламент утвараў Цэнтральную выбарчую камісію, абіраў Канстытуцыйны, Вярхоўны і Вышэйшы Гаспадарчы Суд, а таксама Генеральнага пракурора, Старшыню і членаў Праўлення Нацыянальнага банка. Пасля 1996-га гэта стала кампетэнцыяй прэзідэнта (выключэнне – Канстытуцыйны суд).

Як яшчэ змяніліся паўнамоцтвы прэзідэнта?

З 1996 года з’явіліся дэкрэты. Іх мог выдаваць прэзідэнт “у сілу асаблівай неабходнасці”. Калі іх не адмянялі абедзве палаты парламента, куды яны траплялі на разгляд (патрабавалася не меней за 2/3 галасоў), то набывалі моц. Пры гэтым не дапускалася выданне дэкрэтаў, якія прадугледжваюць абмежаванне канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян. Таксама ў 1996-м у Асноўным законе з’явіліся палажэнні аб тым, што прэзідэнт “увасабляе адзінства народа”, а яго гонар і годнасць ахоўваюцца 79 артыкулам Канстытуцыі.
 
Як змяніўся парламент і яго паўнамоцтвы?

Згодна Канстытуцыі 1994 года парламент мог быць распушчаны толькі паводле ўласнага рашэння. Тады гэта быў аднапалатны Вярхоўны Савет (260 дэпутатаў), які абіраўся на 5 гадоў. Рэферэндум 1995-га дазволіў Лукашэнку датэрмінова распусціць парламент пры “сістэматычным або грубым парушэнні Канстытуцыі”.

У 1996-м адбыліся радыкальныя змены. Замест Вярхоўнага Савета з’явіўся дзвюхпалатны парламент. Гаворка пра Нацыянальны сход, які працаваў чатыры гады. Ён складаецца з Палаты Прадстаўнікоў (110 дэпутатаў) і Савета Рэспублікі (64 дэпутаты). 8 дэпутатаў у верхнюю палату прызначае прэзідэнт, яшчэ па 8 абіраюцца ад Савета дэпутатаў Менска і кожнай з абласцей.

Існавала яшчэ адно абмежаванне. Паводле новай рэдакцыі Канстытуцыі “законапраекты, следствам прыняцця якіх можа быць скарачэнне дзяржаўных сродкаў, стварэнне або павелічэнне выдаткаў, могуць уносіцца у Палату прадстаўнікоў толькі са згоды прэзідэнта, або паводле яго даручэння – Урада”.

Хто ажыццяўляў кантроль раней і хто - цяпер?
 
Згодна Канстытуцыі 1994 года дзейнічала Кантрольная палата, падсправаздачная парламенту. Гэты орган кантраляваў рэспубліканскі бюджэт, выкарыстанне дзяржаўнай уласнасці, выкананне актаў Вярхоўнага Савета і г.д. Замест палаты прэзідэнтам быў утвораны Камітэт дзяржаўнага кантролю, старшыня якога прызначаецца непасрэдна Лукашэнкам.
 
Змены ў Канстытуцыйным судзе.

У Канстытуцыі 1994 года Канстытуцыйнаму суду было прысвечана восем артыкулаў, у новай рэдакцыі — адзін. Першапачаткова суд, які ствараў парламент, складаўся з 11 чалавек. У 1996-м іх колькасць павялічылася да 12. Шэсць з якіх прызначаецца прэзідэнтам, шэсць — Саветам Рэспублікі.

Як фарміравалі мясцовую ўладу да і пасля 1996 года?

Яшчэ ў 1990-м у Беларусі выбіралі мэраў гарадоў. У 1996-м кіраўнікі мясцовых органаў улады прызначаюцца і звальняюцца прэзідэнтам. Гэта значыць, было зафіксавана існаванне прэзідэнцкай вертыкалі.

Як змянілася сітуацыя з рэферэндумамі?

Згодна Канстытуцыі 1994 года рэферэндум прызначаўся Вярхоўным Саветам. З ініцыятывай правядзення рэферэндуму мог выступіць прэзідэнт. Або патрабавалася сабраць 450 тысяч подпісаў ад грамадзян. Пасля таго, як пытанне пра рэферэндум уносілася ў парламент, дэпутаты мусілі прызначыць дату яго правядзення не пазней, чым праз 30 дзён. У варыянце 1996 года рэферэндум можа ініцыяваць парламент, 450 тысяч подпісаў грамадзян, прэзідэнт. Парадокс у тым, што незалежна ад таго, хто менавіта ініцыюе рэферэндум, праходзіць ён толькі са згоды прэзідэнта. Тэрмін прызначэння даты рэферэндуму павялічылі з месяца да трох.

Адстаўка прэзідэнта датэрмінова: як змянілася працэдура?

Для датэрміновай адстаўкі існуе працэдура, якая называецца імпічмент. Для імпічменту паводле Канстытуцыі 1994-га патрабаваліся галасы не менш 70 дэпутатаў парламента. Прычынай магло стаць парушэнне Канстытуцыі, здзяйсненне прэзідэнтам злачынства і стан здароўя. Для адхілення прэзідэнта патрабавалася не менш за 2/3 галасоў дэпутатаў. У 1996-м дэпутаты Вярхоўнага Савета запусцілі працэдуру імпічменту і амаль давялі яе да канца. Магчыма, менавіта таму была ўведзена больш складаная схема. Найперш, у новай рэдакцыі знікла адна з прычын для адстаўкі: парушэнне Канстытуцыі.
 
Засталося два варыянты: стан здароўя і “здзяйсненне дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства”. Тады большасць ніжняй палаты парламента галасавала за расследаванне, якое праводзіла верхняя палата. Для адстаўкі патрабавалася не меней за 2/3 галасоў у кожнай з палат. І, нарэшце, важны нюанс: рашэнне пра зняцце прэзідэнта патрабавалася прыняць за месяц. Калі дэпутаты не паспявалі, абвінавачванне аўтаматычна адхілялася. У выніку працэдура выглядае даволі складанай для рэалізацыі.

Рэферэндум 2004 або «бязмежная» ўлада Лукашэнкі.

У 2004-м прайшоў трэці рэферэндум. Пасля яго Лукашэнка змог выстаўляць сваю кандыдатуру на “выбары” неабмежаваную колькасць разоў. У той час як паводле Канстытуцыі 1994-га года “адна і тая асоба можа быць прэзідэнтам не больш за два тэрміны”.

За 26 гадоў праўлення Лукашэнкі нават ад такой прававой свядомасці не засталося й следу.
У першыя гады дыктатуры Лукашэнка і тая постсавецкая вертыкаль, якая яго прыняла, імкнуліся змяняць права пад сябе. Цяпер месца савецкіх партакратаў занялі фанатыкі, якія ненавідзяць саму ідэю права. Якім бы яно прадыктатарскім, вертыкальным і тэлефонным не з’яўлялася.

Цяпер ужо бессэнсоўна чакаць вяртання наменклатуры ў прававое рэчышча. Таму аднаўляць правасуддзе патрэбна нам самім. Тут і цяпер.

Падтрымаць ТУТ.
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям