“Вернемся ў прававое рэчышча”. Пагаворым пра віды пакарання і парадак іх выканання

Беларуская рэпрэсіўная судовая машына працуе напоўніцу – выракі палітзняволеным выносяцца практычна штодня. Цяпер паўстаюць пытанні па відах пакаранняў і парадку іх выканання (як бы страшна гэта ні гучала). Давайце разбяромся ў гэтым пытанні.

Да асобаў, якія здзейснілі злачынства, у Беларусі прымяняюцца наступныя віды пакарання:
  • грамадскія работы
  • штраф
  • пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю
  • папраўчыя работы
  • абмежаванні па вайсковай службе
  • арышт
  • абмежаванне волі
  • пазбаўленне волі
  • пажыццёвае зняволенне
  • смяротнае пакаранне

Пагаворым пра некаторыя з відаў пакарання падрабязней.

Грамадскія работы — гэта бясплатная праца на карысць грамадства тэрмінам ад 60 да 240 гадзінаў. Калі ў асуджанага ёсць асноўная праца, на грамадскую ён прыходзіць у вольны час – на чатыры гадзіны ў дзень.

Папраўчыя работы — гэта праца на ранейшым месцы, але частка заробку (10-25% - па рашэнні суда) утрымліваецца на карысць дзяржавы. 

Арышт — гэта строгая ізаляцыя асуджанага на тэрмін ад аднаго да трох месяцаў. Асуджаныя адбываюць пакаранне ў найбліжэйшым ад месца жыхарства арыштным доме. Арыштныя дамы знаходзяцца ў тым ліку на тэрыторыях калоній, турмаў і СІЗА.

Абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу – так званая “хімія”. Асуджаныя жывуць у памяшканнях, падобных да інтэрнатаў або казармаў, штодня ходзяць на працу – звычайна па-за межамі месца жыхарства. Гэта можа быць піларама або калгас – звычайна, некваліфікаваная праца. Праз пакаранне “хіміяй” прайшлі многія вядомыя беларускія апазіцыянеры: Мікалай Статкевіч, Павал Севярынец (двойчы). Апошні расказваў, што да асуджанага могуць прыязджаць наведнікі, а таксама дазволена карыстацца мабільным тэлефонам, атрымліваць лісты і некалькі разоў наведваць родных.
Цяпер “хімію” атрымалі палітзняволеныя: Лявон Халатран, Юрый Савіцкі, Іван Красоўскі, Дзмітры Кулакоўскі, Арцём Вінакураў, Дзяніс Граханаў, Валерый Каленчыц і яшчэ шмат маладых і моцных мужчынаў, якія будуць працаваць “на карысць дзяржавы”, пазбаўленыя права выражаць сваю грамадскую пазіцыю.

Абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу – “дамашняя хімія”, калі асуджаныя застаюцца дома, але абавязаныя выконваць шэраг правіл – напрыклад, хадзіць на працу, адзначацца ў міліцыі. Таго, хто па выраку суда атрымаў “дамашнюю хімію”, увесь час наведвае міліцыя – прычым у любы час дня і ночы. Дазволена хадзіць на працу або вучобу, але маршрут строга абмежаваны. За ўдзел у масавых мерапрыемствах 2020 года “дамашнюю хімію” атрымалі палітзняволеныя Рэната Смірнова, Вольга Паўлава, Марыя Бабовіч.

Пры пазбаўленні волі накіроўваюць у наступныя папраўчыя ўстановы:
  • Выхаваўчая калонія. Для асуджаных, якім на момант пастанаўлення выраку не споўнілася 18 гадоў, – і да 21 года. Потым іх пераводзяць у “дарослыя” калоніі, на агульны рэжым. За ўдзел у масавых мерапрыемствах 2020 года 16-гадовага хворага на эпілепсію Мікіту Залатарова асудзілі на 5 гадоў выхаваўчай калоніі.
  • Папраўчая калонія. Рэжым адбывання пакарання (агульны, узмоцнены, строгі, асаблівы) адрозніваецца толькі дазволенай сумай грошай на рахунку ў асуджанага, колькасцю спатканняў з роднымі і колькасцю пасылак і бандэроляў. У адной калоніі могуць адбываць пакаранне асуджаныя з розным рэжымам. Умовы ўтрымання, у тым ліку харчаванне, аднолькавыя. Харчаванне (яно можа быць звычайным і палепшаным) залежыць ад стану здароўя (групы інваліднасці) і занятасці на працы.
     
  • ТурмаСамая строгая папраўчая ўстанова. Трапіць туды можна двума шляхамі: адразу па выраку суда (рэцыдывісты, якія здзяйсняюць асабліва цяжкія злачынствы) або за злоснае парушэнне рэжыму ў калоніі. Такі шлях прайшоў Мікалай Статкевіч. У магілёўскай турме знаходзіўся былы палітвязень Андрэй Бандарэнка – са статусам “злоснага парушальніка рэжыму”. Ён адзначыў: “Існуючая пенітэнцыярная сістэма – гэта сістэма прыгнёту іншадумцаў, а не выпраўлення. Ёсць паралелі з 1937 годам, калі людзей трэба было яшчэ трымаць у турмах пасля таго, як яны ўжо адбылі свой тэрмін”.
     
Ну і асобна хачу адзначыць, што адпаведна з артыкулам 75 Крымінальнага Кодэксу РБ вызначаныя правілы заліку тэрмінаў утрымання пад вартай і дамашняга арышту.
Пры гэтым адзін дзень утрымання пад вартай і два дні дамашняга арышту адпавядаюць:
  • аднаму дню арышта або пазбаўлення волі
  • двум дням абмежавання свабоды
То бок, калі вязень знаходзіўся ў СІЗА 1 год, то пры пазбаўленні волі ў залік пойдзе 1 год, а пры абмежаванні волі – той самай “хіміі” – 2 гады.

Рэжым Лукашэнкі заснаваны на страху, рэпрэсіях, турмах і катаваннях. І цяпер гэта відавочна як для ўсіх унутры краіны, так і для сусветнай грамадскасці. Як казаў Цыцэрон: “Чым бліжэй крах імперыі, тым больш шалёнымі становяцца яе законы”. Кіраванне крывавага дыктатара амаль скончылася. Яго сыход – толькі пытанне часу.

І зусім хутка на лаўцы асуджаных апынуцца тыя, хто выносіць несправядлівыя прысуды, хто фальсіфікаваў выбары або ужываў зброю супраць мірных пратэстоўцаў.

Жыве Беларусь! 

Падтрымаць ТУТ.
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду