«Вернемся ў прававое рэчышча». Пагаворым пра ператрус

У сучаснай Беларусі актуальнымі і штодзённымі сталі такія рэчы, як затрыманне, суды, віды пакаранняў. Сёння паразмаўляем пра працэдуру ператрусу.

Калі да вас прыйшлі з ператрусам, гэта не значыць, што вас падазраюць у злачынстве. Прыйсці могуць да любога чалавека, калі ёсць падставы меркаваць, што ў доме ёсць сродкі злачынства ці рэчы, якія маюць дачыненне да злачынства. Значыць, калі сусед тэлефануе і кажа, што ў вас ёсць сцяг, гэта, канешне, не сродак злачынства. Тым не менш, у цяперашніх беларускіх рэаліях міліцыя імчыць ліквідаваць гэты небяспечны прадмет.

Такім чынам, да вас прыйшлі.
  • Спачатку супрацоўнікі павінны паказаць пастанову аб правядзенні ператрусу. У правым верхнім вуглу мусіць быць надпіс «Санкцыянірую», подпіс пракурора і гербавая пячатка. Але ў справе, якая патрабуе неадкладнага правядзення ператрусу, санкцыю пракурора атрымліваюць ужо пасля. Яму павінны паведаміць цягам 24 гадзін ад моманту правядзення ператрусу.
  • Пры ператрусе абавязкова павінны прысутнічаць панятыя ў складзе не менш за двух чалавек. І гэта мусяць быць не зацікаўленыя ў выніку справы людзі. Міліцыя, як правіла, прыходзіць са сваімі панятымі. Бывае і так, што адзін з двух панятых указвае месцы, дзе яшчэ забыліся паглядзець. Да пачатку ператрусу можна заявіць хадайніцтва і папрасіць замяніць такіх незразумелых людзей на тых, каго вы ведаеце, напрыклад, вашых суседзяў. Не факт, канешне, што заменяць. Але такое права ў вас ёсць.
  • Пры ператрусе можна настойваць на ўдзеле ў ім вашага адваката альбо патрабаваць бясплатнага, калі на момант правядзення ператрусу вы затрыманыя.
  • Прасачыце, каб з пачаткам правядзення ператрусу пачалі складаць пратакол.
  • У пратакол ператрусу вы або панятыя маеце права ўносіць заўвагі. Да падспісання пратакола ўважліва прачытайце яго, адзначце ўсё, з чым нязгодныя або лічыце незаконным. У пратаколе не пакідайце вольных месцаў, стаўце прочыркі.
  • Канфіскаваныя пры ператрусе рэчы і дакументы паказваюцца прысутным, запакоўваюцца і апячатваюцца на месцы правядзення ператрусу і заносяцца ў пратакол канфіскацыі.
  • Падчас ператрусу вы можаце не адказваць на пытанні. А таксама неабавязаныя даваць паролі ад камп’ютараў або тэлефонаў - спасылайцеся на 27 артыкул Канстытуцыі.
  • Калі лічыце, што ў выніку ператрусу парушаныя вашы правы, то можаце падаць скаргу ў пракуратуру. Доказы, здабытыя пры ператрусе з парушэннем заканадаўства, не маюць юрыдычнай сілы.
Зараз колькасць ператрусаў павялічваецца, узровень рэпрэсій расце. Але немагчыма змяніць свядомасць людзей і страхам прымусіць сябе любіць. Могуць правесці 1000 ператрусаў, канфіскаваць 1000 сцягоў, але ўлада не зацісне волю людзей да свабоды ад таталітарнага рэжыму.

Жыве Беларусь! 

Падтрымаць ТУТ.


Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду