Праблемы Беларусі: нізкія заробкі і нечалавечыя ўмовы працы

Адна з важных мэтаў дзейнасці фонду “Краіна для Жыцця” – дапамога ў стварэнні грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Толькі салідарна і разам мы можам пабудаваць краіну для жыцця, грамадства дабрабыту, у якім улічаныя інтарэсы ўсіх грамадзянаў, існуе сапраўдная дэмакратыя, няма дыскрымінацыі і гвалту.

Адзін са шляхоў да гэтага – як мага большае ўцягненне людзей у жыццё дзяржавы на ўсіх узроўнях, у першую чаргу, лакальных (двары, мікрараёны, вёскі). Чым болей людзей патрабуюць паўнамоцтваў, улады і адказнасці – тым лепш упарадкаваная дзяржава і прасцей жыць. Гэта пазбаўленне ад завучанай бездапаможнасці і інфантылізму.

Сёння мы пачынаем расказваць пра болевыя пункты беларускага грамадства і краіны – праблемы, якія не даюць рухацца далей. А галоўнае, з дапамогай экспертаў пакажам шляхі выхаду з крызісу, які спарадзіла 26-гадовая, нічым і нікім не абмежаваная ўлада аднаго чалавека.

У першай серыі Яўген Буры з НАУ раскажа чаму ў Беларусі такія нізкія заробкі і як гэта выправіць.


- Чаму ў Беларусі такія нізкія заробкі?

- Узровень заробкаў з'яўляецца адбіткам эфектыўнасці эканомікі. Калі асноўнай задачай дзярж. прадпрыемстваў з'яўляецца падтрыманне ўзроўню занятасці, а не атрыманне прыбытку, то не дзіва, што замест таго, каб мець 500 эфектыўных працаўнікоў і плаціць ім па 2 000 даляраў, прадпрыемства лічыць за лепшае ўтрымліваць 2 000 працаўнікоў і плаціць ім па 500 даляраў. Узровень заробкаў у IT сектары (сярэдні заробак складае 1 876 даляраў) дэманструе, што пры высокай эфектыўнасці будуць і высокія заробкі.

Негатыўна ўплываюць на сярэдні заробак па краіне менавіта дзяржаўны і бюджэтны сектары. Гэта вынік неэфектыўнай працы дзяржпрадпрыемстваў, савецкая спадчына ў выглядзе планавай эканомікі, абсурднае выкананне планавых паказчыкаў дзеля прыгожай карцінкі ў статыстыцы, але на шкоду як непасрэдна прадпрыемствам, так і эканоміцы ў цэлым. Дэфіцыт бюджэту Беларусі ўжо дасягнуў гістарычнага максімуму ў 5,6 млрд. рублёў. Пры такім узроўні дэфіцыту рост заробкаў сярод працаўнікоў дзярж. прадпрыемстваў і бюджэтнікаў немагчымы, хіба што ў службоўцаў і сілавікоў.

- Апошнія 10 год у Беларусі сярэдні заробак  круціцца вакол лічбы 500 даляраў. Гэта мяжа сістэмы Лукашэнкі? І ці атрымаецца ў будучыні адысці ад гэтай лічбы (у большы, вядома, бок)?


- Так, мы лічым, што 500 даляраў – гэта мяжа сістэмы Лукашэнкі. Больш за тое, нават 500 даляраў па факце ўжо няма. Па сітуацыі на люты гэтага года сэрядні заробак па краіне склаў 1 277 рублёў, што ў пераводзе на даляры на той момант было роўна  490 даляраў. Пасля ўтрымання падаходнага падатку гэта ўсяго толькі 426 даляраў. Калі ж узяць асобныя галіны, то можна пабачыць, што нават 500 даляраў у месяц – гэта недасягальная лічба. Напрыклад, у сельскай, лясной і рыбнай гаспадарцы сярэдні заробак у лютым гэтага года склаў усяго 885 рублёў, ці 340 даляраў, «на рукі» гэта 295 даляраў.

- Чаму эканамічная сістэма Лукашэнкі неэфектыўная?

- Бо Лукашэнку не патрэбна эфектыўная эканоміка. Па сутнасці эканоміка Беларусі знаходзіцца ў закладніках палітычнай сістэмы, якую стварыў рэжым Лукашэнкі. У краіне, дзе няма магчымасці змены ўлады праз выбары, у рэжыма няма зацікаўленасці ў забеспячэнні высокага ўзроўню жыцця насельніцтва. Больш за тое, значна прасцей кіраваць насельніцтвам, якое ледзь зводзіць канцы з канцамі, не мае зберажэнняў, закрэдытаванае і цалкам залежыць ад дзяржавы, чым тымі, хто фінансава незалежны, вандруе па развітых краінах і думае пра будучыню.

Тут будзе дарэчы параўнаць Беларусь з Польшчай. 30 год таму гэтыя краіны былі прыблізна на адным узроўні развіцця, у чымсьці Беларусь нават апярэджвала Польшчу. А што мы маем сёння? У Польшчы сярэдні заробак брута ўжо амаль на ўзроўні 1 500 даляраў ЗША (і нізкі ўзровень беспрацоўя), у той час як у Беларусі ніяк да 500 даляраў ня можам дацягнуць.

- Як нам змяніць сітуацыю, якая існуе зараз з заробкамі?

- Без звяржэння рэжыму гэта немагчыма. Пры бягучым нелегітымным кіраўніцтве краіны сітуацыя будзе толькі пагаршацца. Для гэтага ёсць наступныя падставы: карупцыя, кантрабандныя і шэрыя схемы, вывад актываў з краіны, дзярж. пазыка, якая расце, наўмыснае знішчэнне малога і сярэднага бізнесу, поўная страта даверу інвестараў, ратаванне стратных прадпрыемстваў за кошт бюджэту. Усё гэта немінуча прывядзе да эканамічнага краху. Мы ўжо назіраем рост беспрацоўя і беднасці. І пры гэтым рэжыме сітуацыя будзе імкліва пагаршацца.

- Ці патрэбна Беларусі прыватызацыя і калі так, то ў якім выглядзе?

- Так, але толькі пасля змены рэжыму. Будзе праведзены дэталёвы аўдыт усіх дзярж. прадпрыемстваў на прадмет іх жыццяздольнасці. Большасць прадпрыемстваў могуць быць прыбытковымі пры выключэнні карупцыйных схем і прыцягненні кампетэнтных кіраўнікоў. Зараз у кіраўніцтва дзярж. прадпрыемстваў толькі 2 шляхі і абодва яны вядуць у турму – калі ты добры гаспадарнік, то цябе прыбяруць. Калі ты дрэнны кіраўнік, то рана ці позна цябе абвінавацяць у тым, што “ў цябе карова абасраная”.

- Найбольш паспяховая, на ваш погляд, постсавецкая краіна? Прапануйце 5 самых істотных крокаў, якія дапамогуць нам жыць як там.

- Мы б не сталі абмяжоўвацца постсавецкім блокам. На наш погляд Польшча, Чэхія і Эстонія з'яўляюцца на першым этапе добрым арыентырам для Беларусі. Вось 5 самых істотных крокаў:
 
  • Выбудаваць празрыстасць на ўсіх узроўнях дзяржавы праз лічбавізацыю
  • Забяспечыць ахову прыватнай уласнасці
  • Раздзяліць і гарантаваць незалежнасць усіх галінаў улады
  • Стварыць прывабны інвестыцыйны і бізнес клімат
  • Зменшыць удзел дзяржавы ў эканоміцы і забяспечыць роўныя ўмовы вядзення бізнесу для ўсіх формаў уласнасці і прадпрыемстваў

 - Лукашэнка адкрытым тэкстам кажа пра тое, што шмат якія заводы неэфектыўныя і там знарок падтрымліваюць залішнюю занятасць. Што рабіць з такімі заводамі і людзьмі, якія там працуюць?

- Колькасць працаўнікоў на такіх заводах павінна быць аптымізаваная. Для скарачэння персаналу неабходна арганізаваць магчымасці перакваліфікацыі. Пры развіцці прыватнага сектара з'явіцца шмат новых працоўных месцаў, што вырашыць праблему занятасці.

З іншага боку, на прыбытковых дзяржаўных прадпрыемствах, такіх як «Беларуськалій», можна павялічыць колькасць працаўнікоў за кошт павелічэння ствараемай дадатковай вартасці – замест таго, каб прадаваць сыравіну, патрэбна максімальна яе перапрацоўваць самім і прадаваць ужо гатовыя ўгнаенні, а таксама сэрвіс для фермераў “пад ключ”, калі гандлёвыя прадстаўнікі “Беларуськалію” будуць прадаваць не проста ўгнаенні, а цалкам сэрвіс па ўгнаенні зямлі.

- Што параіце працаўнікам такіх прадпрыемстваў, якія баяцца скарачэння і закрыцця гэтых прадпрыемстваў? Ці будуць у новай Беларусі якія-небудзь праграмы перанавучання?

- Працаўнікі, якія баяцца скарачэнняў, павінны разумець, што бягучы рэжым не зможа ў доўгатэрміновай перспектыве іх пракарміць і скарачэнні непазбежны. Яны ўжо адбываюцца – дастаткова паглядзець на статыстыку апошніх 10 год – на шмат якіх дзярж. прадпрыемствах колькасць персаналу скарацілася ў 1,5-2 разы.

Праграмы перанавучання будуць у новай Беларусі абавязкова. Мы ўжо працуем над стварэннем такіх праграм.

- Многія беларусы скардзяцца на ўмовы працы: на прадпрыемствах ці на вёсцы (прамерзлыя цэхі, ці антысанітарыя ў кароўніках). Чаму так атрымліваецца і як зменіцца сітуацыя?

- Асноўная праблема – неэфектыўнае кіраванне дзяржавай. Сусветны вопыт паказвае, што найбольшую эфектыўнасць паказваюць прыватныя ўласнікі бізнесу. Дастаткова параўнаць стратныя калгасы з прыватнымі фермерскімі гаспадаркамі.

Ва ўмовах здаровай канкурэнцыі паміж прыватнымі бізнесамі ўласнікі гэтых бізнесаў будуць зацікаўленыя ў стварэнні камфортных умоваў працы для работнікаў і развіцці інфраструктуры.

- Як па-вашаму, ці можа ўвогуле дзяржава быць эфектыўным уласнікам, ці яна павінна заставацца толькі ў некаторых сферах эканомікі, а ў большасці іншых быць проста рэгулятарам?

- Вопыт апошніх 26 год Беларусі паказвае, што дзяржава не можа быць эфектыўным уласнікам. Галоўная задача дзяржавы ў эканамічнай сферы – гэта стварэнне ўмоваў для развіцця эканомікі і росту дастатку грамадзян, а таксама рэгуляванне толькі пэўных сектараў эканомікі.

- Беларусі патрэбны рэформы ў сферы эканомікі, як лепш іх праводзіць: хутка і балюча ці паступова і не так балюча, ці ёсць які-небудзь трэці шлях? І ці справіцца Балрусь адна з такімі рэформамі, магчыма нам патрэбна дапамога ЕЗ, напрыклад.

- Хутка трэба стварыць спрыяльныя ўмовы развіцця бізнесу і аздараўлення эканомікі. Сюды ўваходзіць ахова правоў уласнасці (у тым ліку інтэлектуальнай), падаткавыя змены, паляпшэнне інвестыцыйнага клімату, выраўноўванне ўмоваў вядзення бізнесу для ўсіх формаў уласнасці, мараторый на правядзенне праверак. Астанія рэформы будуць больш паступовыя – пенсійная рэформа, рэформа адукацыі, аховы здароўя і іншых сацыяльных сфер.

Каб не было балюча, нам спатрэбіцца фінансавая і тэхналагічная дапамога іншых краін, у тым ліку ЕЗ. Таму важна ўжо зараз весці перамовы з міжнароднымі партнёрамі аб стварэнні стабілізацыйнага фонду для Беларусі.

- Як хутка ў ідэальным выпадку Беларусь зможа дасягнуць узроўню жыцця хаця б найбяднейшых краін ЕЗ (які зараз у разы лепшы за наш). Ці гэта немагчыма, і што ў такім выпадку нам лічыць арыентырам?

- У беларусаў ёсць усё для таго, каб арыентавацца на самыя паспяховыя краіны свету. Нам патрэбна выкарыстоўваць лепшы сусветны вопыт развітых краін пры правядзенні структурных рэформаў эканомікі, прыцягваць найлепшых спецыялістаў у гэтых сферах. Тады ў нас з'явіцца магчымасць пераскокнуць праз прамежкавыя этапы, з якімі сутыкаліся краіны ў працэсе развіцця.

У новай Беларусі вельмі сур’ёзны патэнцыял для імклівага эканамічнага росту, і мы будзем максімальна яго выкарыстоўваць. Адна з тэорый развіцця кажа, што вельмі часта развіццё чаго-небудзь нашмат больш рэсурсаёмісты працэс, чым пабудова адразу найбольш эфектыўнай і сучаснай мадэлі. Таму мы пастараемся выкарыстоўваць на карысць нават факт адсталасці  Беларусі ў пэўных пазіцыях ад развітых краін.
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду