Віцебская вобласць як чорнае люстэрка “развіцця” беларускіх рэгіёнаў пры Лукашэнку

Дзірка ў бюджэце, рост колькасці стратных прадпрыемстваў, зніжэнне тэмпаў развіцця бізнесу ў рэгіёнах – гэта толькі малая частка таго, чаго дамогся Лукашэнка за першыя месяцы гэтага года.
 
На сустрэчы з дзяржсакратаром саюзнай дзяржавы Лукашэнка заявіў: “Расію, таксама як і нас, усе спрабуюць напужаць нейкімі санкцыямі. Я з савецкіх часоў. Ведаю, што такое дзяржплан, як планаваць. Я так прыкінуў, Божа мой, чаго мы трапечам і парымся. Мы можам усё палічыць і цалкам сябе забяспечыць”.
 
З гэтых слоў праўдай з’яўляецца толькі  тое, што Лукашэнка сапраўды з савецкага часу і, відаць, там і застаецца да сённяшняга дня. Мы ўжо расказвалі, да чаго давяла планавая эканоміка дзяржаўныя прадпрыемствы. Адзіны вынік гэтага – бессэнсоўная праца на склад!

Цалкам сябе забяспечыць, напэўна, таксама не атрымліваецца – дзяржаўная пазыка нашай краіны працягвае імкліва расці. Па стане на 1 сакавіка яна складае 59 464,1 млн. рублёў (крыху больш за 22 млрд. $). З пачатку года яна павялічылася на 3,2%. Палову дзяржаўнай знешняй запазычанасці складае пазыка Расійскай Федэрацыі (каля 9,1 млрд. $). Гэта больш, чым золатавалютныя рэзервы нашай краіны (на 1 сакавіка 2021 яны склалі 7,1 млрд. $).

Дэфіцыт бюджэту толькі за студзень-люты склаў больш за 1,3 млрд. рублёў. Калі рост працягнецца такімі ж тэмпамі, то ўжо ў траўні мы перавысім запланаваны гадавы паказчык! Пры гэтым на агульнадзяржаўную дзейнасць было накіравана 3,1 млрд. рублёў, а на фінансаванне сацыяльнай сферы (сацыяльная палітыка, адукацыя, ахова здароўя, фізічная культура, спорт, культура і сродкі масавай інфармацыі) толькі 3,0 млрд. рублёў. Заробкі супрацоўнікаў праваахоўных органаў, суддзяў і чыноўнікаў акурат і ўваходзяць у выдаткі на гэтую “агульнадзяржаўную дзейнасць”.

Уся гэта статыстыка не толькі супярэчыць словам Лукашэнкі пра яго ўменне планаваць, але і паказвае баязлівасць чыноўнікаў. Яны не могуць сказаць людзям праўду пра тое, што эканоміка нашай краіны больш не ў стане спансаваць багатае жыццё самаабвешчанага!
 
Стратных прадпрыемстваў за апошні час у нашай краіне стала яшчэ больш. Калі разглядаць статыстыку ў рэгіянальным разрэзе, то лідарамі па прыросце з’яўляюцца Менск і Віцебская вобласць. Ва ўсіх рэгіёнах краіны доля стратных прадпрыемстваў вагаецца ад 25% да 35%. Выдзяляецца Гомельская вобласць, дзе доля стратных прадпрыемстваў складае крыху больш за 17%.




Колькасць юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія зарэгістраваныя цягам першых двух месяцаў года, таксама скарацілася. І праўда, хто рызыкне адкрываць новы бізнес ва ўмовах прававога дэфолту? Прычым тэндэнцыя зніжэння адкрыцця новых фірмаў і ІП прасочваецца ўжо некалькі гадоў (Табліца).

Калі ў 2019 годзе ў Менску за першыя месяцы было зарэгістравана больш за 2000 ІП, то ў 2021 годзе колькасць новых прадпрымальнікаў знізілася на 23%, а колькасць новых юрыдычных асобаў на 14%.




Віцебская вобласць лідзіруе не толькі па прыросце стратных прадпрыемстваў. Цягам апошніх гадоў тут назіраецца агульнае зніжэнне ўзроўню развіцця прадпрымальніцтва. У студзені-лютым 2021 года было зарэгістравана на 23% менш ІП і на 38% менш новых юрыдычных асобаў, чым у той жа перыяд годам раней.

Віцебская вобласць не радуе і сваімі фінансавымі паказчыкамі. Па заканчэнні першых двух месяцаў яна мае страты на суму больш за 11 млн. рублёў. Нядзіўна, бо амаль палова раёнаў вобласці дэкларуе страты замест прыбытку.

Самыя дрэнныя паказчыкі ў Мёрскім раёне, страты складаюць 7,2 млн. рублёў, а рэнтабельнасць -11,4% (адмоўнае значэнне). Са стратамі па выніку студзеня-лютага сутыкнуліся Бешанковіцкі, Віцебскі, Глыбоцкі, Лепельскі, Сенненскі, Чашніцкі і Шумілінскі раёны, а таксама горад Віцебск, страты якога склалі больш за 12 млн. рублёў.



Рентабельность предприятий Бешенковичского района также имеет отрицательное значение -11,8%, Рэнтабельнасць прадпрыемстваў Бешанковіцкага раёна таксама мае адмоўнае значэнне -11,8%, зрэшты як і ў Шумілінскім -8,5%, дзе амаль 40% прадпрыемстваў з’яўляюцца стратнымі. У Дубровенскім раёне рэнтабельнасць склала -2,4%. Па звестках ІМПЗ па Віцебскай вобласці за перыяд студзень-люты 2021 года паступленні ў бюджэт ад малога і сярэдняга прадпрымальніцтва склалі 70 млн. рублёў, у той час, як за гэты ж перыяд 2020 года ў бюджэт паступілі 73,1 млн. рублёў.

Найбольш значнымі крыніцамі даходу для Віцебскага абласнога бюджэту застаюцца падаходны падатак, якога ў студзені-лютым паступіла каля 98,6 млн. рублёў альбо 33,7% у агульным аб’ёме выплат, а таксама ПДВ – 71,4 млн рублёў (24,4%), акцызы – 59,8 млн. рублёў (20,4%), падаткі на зямлю – 8,7 млн (3%), падатак па спрошчанай сістэме падаткаабкладання – 14,7 млн (5%).

У разрэзе рэгіёнаў найбольшы ўнёсак у папаўненне даходаў кансалідаванага бюджэту Віцебскай вобласці ў 2020 годзе зрабілі Віцебск (аб’ём плацяжоў склаў 697,7 млн. рублёў) і Наваполацк (631,4 млн. рублёў), на долю якіх прыходзіцца 69,6% усіх паступленняў. Самымі буйнымі падаткаплацельшчыкамі вобласці цягам многіх гадоў застаюцца РУП “Віцебскэнерга”, ААТ “Нафтан”, ААТ “Віцебскі лікёра-гарэлачны завод “Прыдзвінне””, УП “Віцебскаблгаз”, СТАА “Белвест” і ААТ “Полацк-Шкловалакно”.
 
У пачатку гэтага месяца ўрад ЗША аб’явіў пра намер аднавіць санкцыі, уведзеныя супраць буйных кампаній Беларусі яшчэ ў 2006 і 2010 гадах, але адмененыя ў 2015. У спіс увайшлі і буйныя падаткаплацельшчыкі Віцебскай вобласці “Нафтан” і “Полацк-Шкловалакно”. Работа гэтых прадпрыемстваў аказвае значны ўплыў на эканамічнае развіццё рэгіёнаў, у якіх яны знаходзяцца, фармуюць значную частку абласнога бюджэту.

Санкцыі, якія ўвядуць ЗША ў выпадку, калі Лукашэнка працягне сваю хлуслівую рыторыку пра тое, што ў нашай краіне няма палітвязняў, прывядуць да павелічэння выдаткаў гэтых прадпрыемстваў. А ва ўмовах адсутнасці дадатковых рэсурсаў, прадпрыемствы паспрабуюць скараціць выдаткі за кошт рабочых (скарачэння штату і зніжэння ўзроўню заробкаў). Гэта непапраўна нашкодзіць эканоміцы рэгіёнаў, якія і без таго знаходзяцца ў складаным становішчы.

Даследаванне Віцебскай вобласці наглядна паказвае, што развіццё сярэдняга і малага прадпрымальніцтва ў рэгіёнах застаецца на адносна нізкім узроўні, а бюджэт вобласці фармуюць у асноўным падатковыя адлічэнні буйных прадпрыемстваў, якія ў хуткім часе могуць трапіць пад санкцыі.

А Лукашэнка працягвае знішчаць эканоміку нашай краіны, ладзіць генацыд беларускай нацыі і выдаткоўвае грошы з дзяржаўнага бюджэту з адзінай мэтай – утрымаць уладу ў сваіх пасінелых пальцах.

Дапамагчы рабоце Фонду можна ТУТ

Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям