10 гадоў выбуху ў менскім метро

10 гадоў таму Беларусь ашаламіў найбуйнейшы ў гісторыі краіны тэрарыстычны акт. 11 красавіка 2011 года а 17 гадзіне 55 хвілін (у самую гадзіну пік) у менскім метро на станцыі “Кастрычніцкая” адбыўся выбух. Яго моц ацанілі ў 5 кілаграмаў траціла. Сумка з бомбай, нашпігаванай металічнымі шарыкамі і цвікамі, была закладзена на пероне станцыі пад лаўку. Радыёкіраваны выбух адбыўся ў раёне другога вагона цягніка, які прыбыў з боку станцыі “Плошча Перамогі”.
 
Агульная колькасць ахвяр склала 15 чалавек. Яшчэ каля 400 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. Пацярпелыя выбіраліся на паверхню як самастойна, так і з дапамогай супрацоўнікаў метрапалітэна. На праспекце аўтамабілісты, яшчэ да прыбыцця машын хуткай дапамогі, спыняліся і падвозілі людзей да шпіталя.
 
Праз дзве гадзіны на станцыю прыбыў Аляксандр Лукашэнка з кветкамі і шасцігадовым (!) сынам Мікалаем.



Па факце выбуху была ўзбуджаная крымінальная справа (артыкул “тэрарызм”). Расследаванне ўзначаліў намеснік генпракурора Швед (зараз генпракурор). Аператыўным штабам кіраваў тагачасны глава КДБ Зайцаў (запіс з падобным да ягонага голасам  нядаўна быў выкладзены ў сеціва).

Злачынства было раскрытае ў рэкордныя тэрміны. На наступныя суткі адбылося некалькі затрыманняў, а ўжо 13 красавіка Лукашэнка заявіў, што затрыманыя далі паказанні і прызналіся “сёння, а 5-й раніцы”.

У выбуху абвінавацілі ўраджэнцаў Віцебска, сяброў дзяцінства, Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава. На судзе Кавалёў адмовіўся ад прызнання, бо паказанні даў “пад ціскам”. Канавалаў, які па версіі следства вырабіў бомбу і непасрэдна ажыццявіў выбух, на слуханнях нічога не казаў. А вось падчас следства заявіў, што дзейнічаў з мэтай “дэстабілізацыі абстаноўкі ў Рэспублікі Беларусь”. У віну Кавалёву і Канавалаву таксама паставілі арганізацыю выбуху 3 ліпеня 2008 года ў Мінску і серыю выбухаў у пачатку нулявых у Віцебску (ва ўсіх выпадках – без ахвяраў).

Кавалёў (чыя віна была ў неданясенні пра падрыхтоўку тэракту) і Канавалаў (выканаўца) былі асуджаныя на смяротнае пакаранне 30 лістапада 2011 года. Вырак быў выкананы ў рэкордныя тэрміны – ужо ў сакавіку 2012. Лукашэнка ў памілаванні адмовіў.
 



Арганізатары выбуху (калі такія былі) следствам не ўстаноўленыя. Дзеянні Канавалава тлумачыліся яго псіхафізічнымі асаблівасцямі (мізантропіяй).  

Гэта асноўная версія тэракту. Хаця ёсць і іншая, адпаведна з якой Канавалаў і Кавалёў апынуліся толькі пешкамі ў чужых руках.
 
Увесну 2011 года краіна знаходзілася ва ўмовах крызісу. На тры з паловай месяцы раней, у снежні 2010, адбыліся выбары прэзідэнта. Па завяршэнні галасавання 30 тысяч чалавек сабраліся на плошчы Незалежнасці. Пачаўся брутальны разгон. Некалькі сотняў чалавек, у тым ліку 7 (!) з 10 кандыдатаў у прэзідэнты, апынуліся ў ізалятарах. Дзеянні сілавікоў атрымалі негатыўную ацэнку ў грамадстве.

Да таго ж у краіне наспяваў эканамічны крызіс. Да выбараў Лукашэнка выканаў абяцанне “па пяцьсот”. Сярэдні заробак па краіне ў снежні склаў патрэбную суму ў далярах, але далей штосьці пайшло не так. У сакавіку з абменнікаў знікла валюта. Пасля ненадоўга вярнулася, але ў красавіку даляры і еўра зноў нельга было набыць. Улетку адбылася жорсткая дэвальвацыя рубля. Фінансавы крызіс вырашыўся толькі ўвосень. Рубель у выніку абясцэніўся адносна асноўных валют амаль у тры (!) разы.

Што калі выбух у менскім метро быў дымавой заслонай, спробай аднавіць давер да сілавікоў у грамадстве, а таксама адцягнуць увагу людзей ад надыходу эканамічнага калапсу? На карысць гэтай версіі кажуць дзіўныя паводзіны на судзе Канавалава, а таксама хуткасць выканання смяротнага прысуду.
 
Важкіх доказаў гэтага няма. Але хто ведае, якія факты стануць вядомымі пасля зыходу ўлады Лукашэнкі. Без сумневу, следства па гэтай справе будзе адноўлена.

Наша задача зараз наблізіць гэты момант, а яшчэ – ушанаваць памяць загінулых і пацярпелых ад выбуху. Хто б ні быў вінаваты ў гэтым тэракце.  



У гэты дзень, пачынаючы з 14:00 і да самага вечара, прыходзьце з кветкамі і лампадамі да помніку ахвярам трагедыі (уваход на станцыю метро “Кастрычніцкая” каля ўніверсама “Цэнтральны”). Ускласці кветкі і свечкі, а таксама ўшанаваць загінулых хвілінай маўчання.
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям