Пішуць хлопцы лісты дадому
Радасць светла ля іх карагодзіць!
Я таксама пішу,
Хоць і знаю:
Пісьмы, мама, мае не даходзяць,
Пісьмы, мама, дарог не знаходзяць
— Янка Сіпакоў
Сёння ў Беларусі знаходзяцца 1405 палітычных зняволеных, сярод якіх 174 жанчыны і 3 непаўналетнія. За кожным з іх стаіць сям'я, і сэрца гэтых сямейных трагедый — маці, якая, незалежна ад абставін, любіць і чакае сваё дзіця.
Перажыванні маці: пакута, надзея і любоў
Для кожнай маці арыштаванага дзіцяці момант затрымання — гэта разрыў унутранага свету. Жыццё раптоўна набывае іншы сэнс, усе надзеі і мары адыходзяць на задні план, а на першы выходзіць толькі адна мэта — убачыць сына ці дачку на волі. Праз гэта праходзяць усе маці палітзняволеных. Яны адчуваюць бязсілле, калі не могуць дапамагчы ці нават мець простую камунікацыю са сваімі дзецьмі.
Маці былой палітзняволенай Насты Кухаравай калісьці расказвала, як яна трымалася з апошніх сіл, не дазваляючы сабе плакаць. Яна верыла ў справядлівасць і чакала вызвалення дачкі, хоць гэта было цяжка як фізічна, так і эмацыйна. Гэты досвед адлюстроўвае перажыванні многіх іншых маці, якія вымушаны заставацца моцнымі дзеля сваіх дзяцей, разумеючы, што надзея — гэта адзінае, што падтрымлівае зняволеных за кратамі. Аксане было цяжка і фізічна, і эмацыйна: яна страціла вагу, але не страціла веру ў лепшую будучыню.
Час выпрабаванняў
Жыццё маці палітвязняў — гэта няспыннае чаканне і надзея. Кожны дзень для іх — гэта змаганне з уласнымі пакутамі і грамадскім ціскам. Некаторыя, як калісьці Аксана Кухарава, спрабуюць крычаць на ўвесь свет пра несправядлівасць, каб прыцягнуць увагу да пакут сваіх дзяцей. Але большасць маці не могуць крычаць уголас пра несправядлівае знявовленне з-за небяспекі, акая ўзнікае пасля шырокай агалоскі. Матчына сэрца не можа мірыцца з несправядлівасцю таго, што яе дзіця бязвінна пакутуе, але і казаць свабодна няма аніякай магчымасці.
Як можна дапамагчы
Маці часта захоўваюць сувязь са сваімі дзецьмі праз лісты. Для палітвязняў лісты з волі — гэта не проста словы на паперы. Гэта глыток свабоды, магчымасць адчуць сябе жывым і не забытым. Гэтак жа, як і для маці, атрыманы ліст ад дзіцяці — гэта момант шчасця і надзеі. Праўда, не да ўсіх з мам і не да кожнага з палітвязняў лісты даходзяць…
Кожная маці, чый сын ці дачка застаюцца за кратамі, працягвае пісаць лісты, працягвае чакаць адказаў і верыць, што аднойчы іх дзеці вернуцца дахаты. Але гэта чаканне часта праходзіць на фоне ўсеагульнай абыякавасці. Таму іх галоўны заклік — не забывацца пра палітвязняў.
Падтрымаць палітвязня і яго родных можна праз лісты, інфармацыйную падтрымку і выказванне салідарнасці. Калі вы жадаеце дапамагчы, знайдзіце час, каб напісаць ім, нагадаць, што пра іх памятаюць. Для іх гэта не проста словы — гэта адчуванне, што яны не пакінуты сам-насам са сваёй бядой. У сенняшні Дзень маці зрабіце добрую справу - падтрымайце палітвязня і яго маці!
Падтрымаць палітвязняў можна таксама праз фонд “Краіна для Жыцця” — зрабіўшы як аднаразовы плацеж, так і аформіўшы падпіску на рэгулярны плацеж па спасылцы: https://by.stranafund.org/article/donate