На 7 красавіка ў Беларусі налічваецца 323 палітвязня. Зараз, калі вы чытаеце гэты тэкст, іх колькасць магла вырасці. Што значыць гэта лічба?
- 323 чалавекі – гэта насельніцтва дзевяціпавярховага пяціпад’езнага дома ў новым мікрараёне Менска.
- 323 чалавекі – гэта адзін ці два батальёны ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь (залежыць ад роду войск)
- 323 чалавекі – гэта 10 аўтобусаў МАЗ з цалкам занятымі сядзячымі месцамі – акурат такіх, якія адмовіўся набываць мэр Львова.
- 323 чалавекі – гэта 1 % людзей, якія са жніўня прайшлі праз катавальні аўтазакаў, ізалятараў і судоў.
- 323 чалавекі – гэта толькі на 46 чалавек больш, чым агульная колькасць суддзяў Вярхоўнага суда, гарадскога суда Мінска і судоў абласцей.
- 323 чалавекі – гэта тысячы сваякоў, якія чакаюць сваіх любімых дома.
- 323 чалавекі – гэта людзі, якія не пабаяліся выступіць супраць гвалту, хлусні і беззаконня. А цяпер асуджаныя або ўсё яшчэ чакаюць самага “справядлівага суда” ў свеце.
- 323 чалавекі кінутыя ў турмы намаганнямі Лукашэнкі. Але за кратамі зараз знаходзіцца ўвесь беларускі народ.
- 323 чалавекі – гэта не проста лічба. Наша агульная задача зрабіць яе роўнай нулю.