Ці сапраўдны дзень Незалежнасці 3 ліпеня?

3 ліпеня ў сучаснай Беларусі урачыста святкуюць дзень Незалежнасці.

Дыктатар у атачэнні сваёй світы будзе глядзець парад, у якім сёлета прымуць удзел вайскоўцы з 8 краінаў свету (акрамя Беларусі і Расеі гэта прадстаўнікі іншых дзяржаваў АДКБ, а ў дадатак Кітаю). Да таго ж па менскім вуліцам акрамя вайсковай тэхнікі, якой расейцы забіваюць украінцаў ва Украіне, праедуць і савецкія Т-34 часоў Другой сусветнай вайны. Усё гэта прымеркаванае да круглай даты – 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Дыктатар як быццам наўмысна трымаецца за атрыбуты перамогі СССР у вайне, якая скончылася амаль 80 гадоў таму. І гэта невыпадковасць. Узяць хаця б самую дату 3 ліпеня. Насамрэч, гэта нават не дзень вызвалення Беларусі або Беларускай СССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта дата вызвалення Менску. І дарэчы ў савецкія часы ўлады адзначалі 3 ліпеня менавіта як дзень гораду.

З 1992 па 1996 гады Дзень Незалежнасці Беларусі святкавалі 27 ліпеня. Менавіта ў гэты дзень у 1990 годзе Вярхоўны Савет БССР прыняў дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. Праз год яна набыла моц закону. Аднак Лукашэнку відавочна замінала гэтая дата (не кажучы нават пра 25 сакавіка, калі абвесцілі Беларускую Народную Рэспубліку).

Узяўшы курс на шчыльную інтэграцыю з Расеяй, ён вырашыў пазбавіцца любых згадак пра аўтаномнае існаванне Беларусі. Менавіта гэта і адбылося па выніках рэферэндуму 1996 году. Таму гісторыю нашай краіны ён вядзе ад Кастрычніцкай рэвалюцыі, а найбольшым гістарычным дасягненнем лічыць перамогу СССР у Другой Сусветнай вайне. Перамогу, якая нават фармальна не прынесла Беларусі незалежнасці, бо нашая краіна засталася ў складзе Савецкага Саюзу.

3 ліпеня – важная дата ў гісторыі Менску. Але казаць пра яе ў агульнанацыянальным маштабе не выпадае. Да таго ж Беларусь у гэты дзень не здабыла нават фармальнай незалежнасці. Варта памятаць пра гэта.
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям