«Дагэтуль баліць за тых, хто там застаўся»

Былыя палітзняволеныя – пра жаночую калонію, важнасць салідарнасці і веру ў непазбежнасць дэмакратычных перамен у Беларусі.

«Забіваюць павольна, атрымліваюць асалоду ад катаванняў»

– Першае, на што я звярнула ўвагу па прыездзе ў гомельскую калонію, – пазыўныя ў рацыях супрацоўнікаў. Гучалі яны як «Лубянка-1», «Лубянка-2», «Лубянка-5»… Яскравы штрых, што раскрывае іх бачанне свету, – распавядае былая палітзняволеная, журналістка Вольга Класкоўская

Жанчына правяла за кратамі 26 месяцаў: за гэты час яе судзілі двойчы – у снежні 2020 года па «народным артыкуле» 342, пазней – па артыкуле «абраза прадстаўніка ўлады». Шляхам складання тэрмінаў Вольга атрымала два з паловай гады пазбаўлення волі. Тэрмін адбывала ў гомельскай жаночай калоніі і, адседзеўшы яго цалкам, пакінула Беларусь. Зараз былая палітзняволеная жыве ў Швейцарыі, дзе атрымала міжнародную абарону. 

– Другі штрых, што вельмі яскрава сведчыць пра норавы ў калоніі і маральнае аблічча яе супрацоўнікаў, – вялікі, ледзь ці не на ўсю сцяну партрэт Фелікса Дзяржынскага ў аператыўнай частцы ПК-4. Усе гэтыя рэчы гавораць самі за сябе. Турэмнікі, асабліва калі казаць пра  кіраўніцтва калоніі – ідэйныя паслядоўнікі сталінскай ідэалогіі. Гэта вельмі жорсткія людзі, заточаныя на рэпрэсіі, яны шчыра лічаць палітвязняў «ворагамі народа» і перакананыя, што робяць высакародную справу, катуючы, гноячы і знішчаючы нас, – дзеліцца ўспамінамі Вольга Класкоўская.

– Сістэма заточаная на расчалавечванне любога, хто трапляе за краты, і няважна, па якім артыкуле. Жанчынам забаронена падтрымліваць адна адну, праяўляць цеплыню, спачуванне. Нельга падзяліцца ці памяняцца нейкімі прысмакамі, цыгарэтамі ці сродкамі гігіены. Кіраўніца аднаго з атрадаў казала нам, што мы нават не маем права ўзяць у іншай асуджанай аловак, каб нешта напісаць і зноў яго вярнуць, бо за гэта прадугледжана пакаранне, – гаворыць былая палітзняволеная Наталля (імя гераіні змененае ў мэтах бяспекі). Жанчыну ў 2021 годзе асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі па тым жа сумнавядомым «народным артыкуле» 342 – «арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак». Тэрмін яна адбывала ў гомельскай жаночай калоніі: падчас знаходжання за кратамі перахварэла на каронавірус, набыла шэраг хранічных захворванняў. 

Пасля вызвалення ў маі 2023 года былая палітзняволеная пакінула Беларусь. Цяпер Наталля жыве ў Польшчы. 

– Успаміны пра зняволенне вельмі цяжкія, – працягвае суразмоўца. – Часам хочацца пра ўсё гэта забыць, але не атрымоўваецца. Дагэтуль баліць за тых, хто там застаўся. Калі бачу на гадзінніку дзесяць раніцы альбо восем вечара, кожны раз разумею, што ў гэтую хвіліну нашыя сяброўкі стаяць на ганебнай праверцы прафуліку, і адбываецца гэта ў любое надвор’е. Калі мы нашывалі на сваю вопратку жоўтыя біркі, гэта выклікала ў нашых думках пэўныя паралелі... Нягледзячы на тое, што супрацоўнікі калоніі нібыта трымаюцца правілаў унутранага распарадку, палітвязні з кожным днём усё больш знясільваюць, губляюць здароўе – фізічнае і псіхічнае, і пры гэтым ніяк не могуць сябе абараніць. Плюс палітзняволеных увесь час страшаць новым тэрмінам.

Вольга Класкоўская кажа, што рэжым забівае палітвязняў павольна. І што катуючы, турэмнікі атрымліваюць ад гэтага вялікую асалоду, і пры гэтым яшчэ пазіцыянуюць сябе як гуманісты і маралісты. 

– У атрадзе, дзе я сядзела, было чатыры ўнітазы на сто чалавек. Раніцай у прыбіральню ўвогуле было не трапіць. Для жанчыны ў гомельскай калоніі створаныя жудасныя ўмовы: ні памыцца толкам, ні прывесці сябе ў парадак. На прымусовай працы на фабрыцы нечым дыхаць, улетку тэмпература ў цэху вышэй за сорак, жанчыны часта праз гэта гублялі прытомнасць. Цябе ўвесь час ганяюць на цяжкія інвентарныя працы, прымушаюць чысціць снег, зграбаць лужыны, адмываць асфальт ад птушынага памёту. Ты там увесь час галодны, брудны, хворы, знясілены, а медыцынскай дапамогі амаль няма. 

Амаль пяць месяцаў я правяла ў штрафным ізалятары і ПКТ (памяшканне камернага тыпу – рэд.), і часамі думала, што лепей бы мяне ўжо расстралялі, чым кожны дзень праходзіць пра ўсё гэтае пекла, – дзеліцца ўспамінамі Вольга Класкоўская.

Экс-палітзняволеная Вольга Філатчанкава, асуджаная ў 2021 годзе да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі па «народным артыкуле» дадае, што самае складанае ў калоніі – тое, што ты сабе не належыш і ў любы момант можа здарыцца што заўгодна. 

– У калоніі ўсё арганізавана па-дурному: у турэмнай вопратцы ёсць кішэні, але трымаць у іх рукі нельга. Ёсць батарэі, але сушыць бялізну на іх нельга. Ёсць локеры і тумбачкі, але ў іх амаль што нічога нельга захоўваць. Нібыта ёсць вопратка, але калі халодна ці спякотна, то нават яе па сваім жаданні ты не можаш змяніць, бо ты павінен быць апрануты па ўстаноўленым на той момант нумары формы. Ёсць у рэшце рэшт у кожным атрадзе душ, але мыцца нельга. Ну і шмат чаго іншага, як тое цяганне снега ў мяшках за сталоўку ці вычэрпванне лужын пасля дажджу, – згадвае былая палітзняволеная, якая пасля вызвалення выехала з Беларусі і цяпер разам з дзецьмі жыве ў Польшчы.

«Без падтрымкі і салідарнасці, магчыма б, не выжылі там»

Вольга Філатчанкава упэўненая, што салідарнасць адыграла вялікую ролю ў тым, каб выжыць за кратамі: 

– Падтрымка і вера ў людзей дужа дапамагалі трымацца. Таксама я верыла, што ўсё ў рэшце рэшт калісьці будзе добра, старалася захоўваць аптымізм, усміхацца нават праз сілу, не падаць духам. Я вельмі ўдзячная ўсім беларусам за клопат, суперажыванне, за тое, што заўсёды знаходзілі цёплыя словы падтрымкі для нас, пісалі нам. Дзякуючы вам мы вытрымалі гэтае пекла.

Наталля дадае, што турэмнікі ўвесь час дамагаюцца, каб палітвязень упаў духам, зламаўся – таму, паводле суразмоўцы, палонным рэжыму рэгулярна ўбіваюць у галаву, што яны, маўляў, нікому не патрэбныя і пра іх усе забыліся. 

– Мы заўсёды верылі, што гэта няпраўда, што гэта хлусня і маніпуляцыі з боку людзей у пагонах. Тое, што нас амаль што цалкам пазбаўлялі карэспандэнцыі, кралі і знішчалі нашыя лісты, абмяжоўвалі доступ да інфармацыі, а падчас тэлефонных званкоў дамоў кожнае наша слова прапускалі праз цэнзуру зусім не азначае, што беларусы пра нас забылі і нас зракліся, – гаворыць суразмоўца. – Інфармацыю з волі, хоць і ў вельмі абмежаванай колькасці, мы ўсё адно атрымлівалі, рознымі шляхамі. Мы ведалі, што за нас працягваюць змагацца, што ў нас з’явіліся сімвалічныя хросныя бацькі ў заходніх урадах, што беларусы замежжа і еўрапейскія праваабаронцы ўвесь час ладзяць акцыі ў нашую падтрымку. Дзякуючы гэтаму ў нас адкрывалася другое дыханне. 

– Салідарнасць дужа раздражняла турэмнікаў: у кожнай яе праяве яны бачылі небяспеку, крамолу. Неяк аператыўнікі знішчылі маю паштоўку за тое, што ў ёй было напісана «дабро пераможа зло», згадвае Вольга Класкоўская. – Начальнік аператыўнай часткі ПК-4 Алёхін палічыў гэтую бяскрыўдную фразу «заканспіраваным лозунгам апазіцыі». Хіба не маразм? 

Блакаваліся любыя праявы салідарнасці: як тое паміж палітвязнямі, так і знешнія. Але мы ўсё роўна ведалі, што беларуская і міжнародная грамадскасць памятае пра нас і ўвесь час змагаецца за нашае вызваленне. Ведалі мы, што і для Святланы Ціханоўскай тэма вызвалення палітвязняў – гэта праблема нумар адзін, і што яна ўвесь час ўзнімае яе на міжнароднай арэне і пастаянна апелюе да заходніх палітыкаў па гэтым пытанні. Не ведаю, як бы атрымалася выжыць у тым пекле без салідарнасці. Я шчыра ўдзячная ўсім за падтрымку. Дзякуй, што не забывалі пра нас і ўвесь час імкнуліся выцягнуць нас з палону і зрабіць нашае жыццё за кратамі трошачкі лягчэйшым. 

«Усе ахвяры недарэмныя»

– Я ні пра што не шкадую, – кажа Наталля. – Калі я зрабіла свой выбар і зарэгістравалася незалежнай назіральніцай у дваццатым, я зрабіла гэта асэнсавана. Мае бацькі выхоўвалі мяне на прынцыпах, што праўда мусіць быць перадусім. І я ўсяго толькі жадала ведаць праўду пра вынікі выбараў. Мы прайшлі праз вялікія выпрабаванні, але мы, дзякуй богу, выжылі і не страцілі сваёй чалавечнасці. І яшчэ больш умацаваліся ў думцы, што нашу краіну трэба вярнуць у рэчышча законнасці і правапарадку. 

Вольга Філатчанкава дадае, што зняволенне стала для яе «сапраўднай школай жыцця» і што яна таксама ні пра што не шкадуе:

– Я стала мацнейшай і мудрэйшай. Сустрэла за кратамі шмат цудоўных людзей. Так, наш досвед вельмі цяжкі, але я ганаруся, што ён у мяне ёсць – для мяне гэта азначае, што мы былі і застаемся на правільным баку гісторыі. 

– Канешне, лепей бы не было гэтай турмы, як і ўсіх гэтых жудасных рэпрэсій, што захліснулі Беларусь з дваццатага года. Але калі б мы не выйшлі тады, у дваццатым, на вуліцы і не абаранялі свой выбар, не былі разам са сваім народам – то тады б мы былі не мы, – дадае Вольга Класкоўская. – Вядома, я ні пра што не шкадую. Усё недарэмна, як і ўсе ахвяры – недарэмныя. Усе яны ляглі і кладуцца ў падмурак новай Беларусі. 

А яна, Беларусь, абавязкова некалі будзе вольнай і дэмакратычнай. Нічога яшчэ не скончана, старонка не перагорнутая. Беларусы – гэта свабодалюбная еўрапейская нацыя, якая ўжо даўно перарасла гэты рэжым і ведае, што азначае «людзьмі звацца». І ў рэшце рэшт мы абавязкова адстаім гэтае права.

Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду