«Ты кожны дзень як на іголках»
–– Быць сваяком палітвязня ў лукашэнкаўскай Беларусі азначае быць адкрытай мішэнню для ўладаў, –– гаворыць маці былой палітзняволенай Вольгі Класкоўскай Людміла, якая праз пераслед вымушаная была ўцячы з краіны і цяпер разам з дачкой жыве ў Швейцарыі. –– Служкі рэжыму ставяцца да нас як да «членаў сям’і ворагаў народу». Усё дакладна, як у сталінскія часы: той жа пераслед, тыя ж рэпрэсіі. Гэта страшна.
23 студзеня 2024 года Людмілу Класкоўскую затрымліваў КДБ –– у той дзень адбылася масавая аблава на сваякоў палітвязняў па ўсёй Беларусі. Сілавікі ладзілі ў кватэрах бацькоў былых і цяперашніх палітзняволеных ператрусы, а іх саміх везлі на допыты ў КДБ. Сваякоў абвінавачвалі ў атрыманні фінансавай дапамогі ад фондаў салідарнасці. У прыватнасці, нібыта родныя палітвязняў атрымлівалі харчовыя наборы з крамы Еўраопт» шляхам е-дастаўкі, і гэта, паводле ўладаў, ёсць фінансавай падтрымкай «з боку экстрэмісцкіх арганізацый».
Падчас рэйду сілавікоў, паводле розных ацэнак, было затрымана не менш за 200 чалавек. Некаторых ужо асудзілі па крымінальных справах да пазбаўлення волі, частка з іх атрымала штрафы, адміністрацыйныя арышты і дагэтуль знаходзіцца ў статусе падазраваных.
–– У той дзень раздаўся званок на мабільны з незнаёмага нумару. Суразмоўца прадставіўся супрацоўнікам міліцыі, сказаў, яму трэба са мной сустрэцца, каб удакладніць месца майго пастаяннага пражывання. Дамовіліся, што прыйду да бліжэйшай станцыі метро.
Я нават не паспела дайсці датуль, як да мяне наблізіліся двое рослых мужчын і пачалі тыкаць у твар пасведчаннямі. Адзін з іх быў сапраўды з міліцыі, другі –– з КДБ.
Мне сказалі прайсці ў машыну, забралі тэлефон і кадэбэшнік адразу пачаў наезды: «Хто вам аплачваў е–дастаўку? Думайце, успамінайце!»
Мяне завезлі ў КДБ, дзе паведамілі, што я з’яўляюся падазраванай па справе «фінансавай дапамогі ад экстрэмістаў». Кадэбэшнік неахайна кінуў на стол пастанову пракурора: там было напісана, што мяне трэба затрымаць, дапытаць, а ў кватэры правесці ператрус, –– згадвае маці былой палітзняволенай.
Пасля працяглага допыту пенсіянерку выпусцілі, узяўшы падпіску пра неразгалошванне, і сказалі чакаць позву ў суд. На гэтым гісторыя не скончылася. Праз дзень Людмілу Класкоўскую зноў выклікалі ў КДБ па Мінскай вобласці.
–– Патэлефанавалі, сказалі, каб прыехала, маўляў, трэба ўдакладніць некалькі дэталяў. Усё той жа супрацоўнік, усё тыя ж наезды. Ён таксама задаваў шмат пытанняў пра дачку, абураўся, што нашая перапіска з Вольгай у тэлеграме пачышчаная. Пагражаў, што пасадзіць мяне на пятнаццаць сутак.
Напрыканцы размовы кадэбэшнік сказаў: «А вы не такая простая, якой хочаце здавацца. Думаеце, мы не ведаем, што вы памянялі тэлефон?» Я адказала яму, што няма нічога вечнага ў гэтым жыцці і што і зубы, і тэлефоны маюць уласцівасць ламацца, –– гаворыць Людміла.
Маці былой палітзняволенай кажа, што пасля студзеньскіх падзей зразумела, што ўлады яе ўжо ў спакоі не пакінуць, жанчына змяніла сім-карту і ўвесь час хавалася па розных адрасах:
–– Мяне шукалі, да знаёмых прыходзіла міліцыя. Гэта было не жыццё, а сапраўднае пекла. У маім узросце праз усё гэта праходзіць –– тое яшчэ выпрабаванне.
Аблава, што адбылася сёлета ў студзені, –– гэта апошняя кропля. А ў цэлым пераслед з боку ўладаў пачаўся значна раней: калі пасадзілі дачку. Мяне ўвесь час тузалі, прыходзілі з ператрусамі, цягалі да допыты.
Вольга пасля вызвалення з’ехала з Беларусі і ў эміграцыі яна працягвае сваю журналісцкую і грамадска-палітычную дзейнасць –– гэта вельмі раздражняе ўлады, тым больш што яна піша і выступае пад сваім імем. Сваю злосць сілавікі выплюхвалі на мяне: у літаральным сэнсе ні на хвіліну не пакідалі ў спакоі. Увесь час прыходзілі, дапытвалі, пагражалі, казалі, каб угаварыла дачку вярнуцца ў Беларусь.
Праз гэта вельмі моцна падарвалася маё здароўе, да таго ж я разумела, што калі мяне пасадзяць, я ў сваім узросце і са сваімі хваробамі з-за кратаў ужо проста магу не выйсці. Вельмі цяжка было з’язджаць з Беларусі, але іншага рашэння я прыняць, бадай, не магла.
Страшна і балюча ад думак, што цябе вось так ні за што ў любы момант могуць арыштаваць, што выціскаюць з краіны, што Беларусь па сутнасці ўжо ператварылася ў Паўночную Карэю, што столькі людзей застаецца за кратамі… Але нам нельга падаць духам, калісьці ж гэта павінна скончыцца. Вялікі дзякуй усім за салідарнасць.
«Такое ўражанне, што ў маёй хаце ўвесь мясцовы РАУС пабываў»
–– У сем гадзін раніцы 23 студзеня ў дзверы пагрукалі. Адчыняю –– а на парозе КДБ і міліцыя. Пачалі праводзіць ператрус, –– апавядае маці былога палітвязня Іллі Міронава Валянціна. –– Пасля мяне забралі і цэлы дзень дапытвалі. Сілавікі сказалі, што я праходжу сведкай па крымінальнай справе супраць арганізацыі Dissidentby. Як я зразумела потым, на мяне ўжо вельмі даўно збіраўся матэрыял, у іх была поўная раскладка па маёй пенсійнай картцы нават. Вельмі падрабязна дапытвалі па кожнай трансакцыі: хто мне дасылаў грошы, каму я дасылала, чаму я гэта рабіла, чаму менавіта гэтым людзям дасылала грошы. Таксама на мяне склалі пратакол за нібыта падпіску на «экстрэмісцкі канал».
Праз нейкі час у кабінет зайшла жанчына-супрацоўнік і кажа: «Паказвайце торбу і здымайце завушніцы». Я разумею, што мяне ўвозяць у ІЧУ. Не ведаю, чаму, але потым яны перадумалі. Мяне выпусцілі.
На 2 лютага 2024 года спадарыні Валянціне прызначылі суд па той самай адміністрацыйнай справе.
–– Але 29 студзеня мне раптам тэлефануюць са Следчага камітэта і кажуць, каб прыйшла. Сяджу ў будынку, чакаю, нават не ведаю, з якой нагоды мяне выклікалі. Адзін з супрацоўнікаў гаворыць: «Зараз прыйдзе адвакат, чакаем». Тут мне стала зразумела, што справа нячыстая, раз адваката нават паклікалі.
Калі 23 студзеня я праходзіла сведкай, то цяпер мне паведамілі, што я падазраваная па той жа справе. Ад дачы паказанняў я адмовілася. Жанчына-следчая сказала, што мне забаронены выезд з краіны, я падпісала адпаведную паперу. Мяне, дзякуй богу, зноў выпусцілі.
Пару дзён я знаходзілася ў прастрацыі, не ведала, што рабіць, да чаго рыхтавацца. Разгубілася. Сябры схілілі да ад’езду: маўляў, улады ўжо не адчэпяцца, не трэба рызыкаваць, мы вывозім цябе з краіны.
Валянціна Міронава ўцякла з Беларусі ў Літву і цяпер жыве там разам з сынам Іллём.
–– Да гэтага мяне таксама вельмі часта выклікалі ў Следчы камітэт –– задавалі пытанні пра сына, а таксама цікавіліся маімі палітычнымі поглядамі. Я заўсёды казала тое, што думаю і пра ўладу, і пра вайну ва Украіне, і пра дзяржаўных прапагандыстаў.
Міліцыя з дому ўвогуле не вылазіла: ў мяне такое ўражанне, што ў маёй хаце ўжо ўвесь мясцовы РАУС пабываў.
Цяпер я ў бяспецы, але сэрца ўсё роўна не на месцы: перажываю за ўсіх, хто пакутуе ў Беларусі. Балюча, што на Радзіме нічога не мяняецца, а наадварот усё толькі пагаршаецца. Разам з тым цешуся, што беларусы так шчыра падстаўляюць плячо адзін аднаму, вельмі ўдзячная ўсім за салідарнасць і падтрымку. Веру, што будзе і на нашай вуліцы свята, –– падсумоўвае Валянціна Міронава.
«Сказала ім, што ніколі не буду сведчыць супраць сына»
–– 23 студзеня а палове сёмай раніцы ў дзверы пазванілі. Мы ўжо прызвычаіліся, што да нас прыходзіць міліцыя, увесь час цікавіцца сынам, хоць ён даўно з’ехаў з Беларусі –– распавядае маці былога палітвязня Анатоля Хіневіча Аксана. –– Адчыняем дзверы, сонныя яшчэ, а ў кватэру ўвальваецца цэлы натоўп гэбістаў. Тыкаюць пастановай пра ператрус. Запыталіся: «Харчовыя дастаўкі ад IneedHelpBy атрымлівалі?» Кажу ім: «Так, а што тут такога?»
У мяне на той момант было два мабільнікі, абодва ляжалі на стале, дык вось адзін я паспела прыкрыць сурвэткай. Дзякуй богу, ён не зазваніў падчас ператрусу. Калі б гэбісты да яго дабраліся, мяне б ужо, бадай, не выпусцілі б. Усю іншую тэхніку яны забралі: планшэт, тэлефоны, камп’ютары мой і мужа.
Мяне завезлі ва Упраўленне КДБ у Барысаве і пачалі допыт. Цікавіла іх не столькі я сама, колькі мае мысленне. Я ім кажу: «Мой сын –– палітвязень. Вы што, хочаце, каб я штосьці супраць сына сказала? Ніколі такога не будзе. Не трэба тут мяне палохаць і схіляць да нейкіх прызнанняў. Я лічу, ён усё зрабіў слушна, і што я таксама ўсё раблю слушна».
Да мяне ўзніклі пытанні наконт таго, што я рабіла грашовыя пераказы і дасылала пасылкі рэпрэсаваным беларусам. Вельмі шмат, канешне, пыталіся і пра е–дастаўку, і пра шмат чаго яшчэ.
Я сказала ім на развітанне: «Вы, мабыць, вельмі дрэнна вучылі гісторыю. У адваротным выпадку вы б добра ведалі, як было ў трыццатыя гады: сістэма ў першую чаргу пазбаўлялася ад сваіх выканаўцаў».
Кадэбэшнікі вельмі пакрыўдзіліся на мае гэтыя словы і з паўгадзіны са мной не размаўлялі. Пасля выйшлі на калідор, параіліся і, вярнуўшыся, сказалі, што мы едзем у Следчы камітэт.
У СК Аксану Хіневіч падрабязна дапыталі пра ініцыятыву IneedHelpBy.
–– Я ім кажу: «Ну хочуць мне дапамагчы людзі, гэта ж прыватныя асобы, чаму яны не могуць аплаціць харчовыя кошыкі?» Але следчыя рабілі ўпор на наступнае: чаму, маўляў, гэтыя людзі дапамагаюць менавіта вашаму сыну?
Позна ўвечары маці палітвязня праінфармавалі, што крымінальная справа супраць яе перакваліфікаваная ў адміністрацыйную. Жанчыну завезлі ў РАУС і пасадзілі ў КПЗ.
Раніцай з завязанымі за спінай рукамі адвезлі ў суд, дзе Аксане прысудзілі штраф у памеры 400 беларускіх рублёў. Служакі не вынайшлі нічога лепшага, чым абвінаваціць жанчыну ў нібыта супраціве прадстаўнікам КДБ.
Неўзабаве пасля драматычных студзеньскіх падзей Аксана Хіневіч пакінула Беларусь. Цяпер яны разам з сынам жывуць у Літве.
–– Я ўсё роўна не страціла веру ў дабро і яго перамогу над злом, –– гаворыць суразмоўца. –– Вялікі дзякуй усім, хто быў побач, і хто працягвае дапамагаць нашым рэпрэсаваным суайчыннікам.