Тэлевядоўца і музыка Кацярына Ваданосава распавядае пра апеку над палітзняволеным Сяргеем Спарышам у рамках інфармацыйнай кампаніі нашага Фонду і ініцыятывы «Dissidentby» «Пакуль усе не будуць вольныя».
«Я абрала Сяргея Спарыша, таму што яшчэ ў 2020-м даведалася, які гэта неардынарны, цікавы, глыбокі і прынцыповы чалавек. Яшчэ мяне вельмі моцна ўразіла, што Сяргей кампазітар, але быў вымушаны працаваць зваршчыкам. Гэта вельмі па-беларуску, на жаль, – не мець магчымасці рэалізаваць свой талент.
Пакуль яшчэ не было забароны перадаваць вязням літаратуру, я па запыце Сяргея шукала для перадачы кнігі сучасных, сярэднявечных, антычных філосафаў, навуковую літаратуру па гісторыі, рэлігіязнаўстве... Сяргей мала таго што сам чытаў вельмі шмат, ён яшчэ заахвочваў чытаць сурʼёзную літаратуру ўсіх сваіх сукамернікаў.
Страшэнна хацелася б пагаварыць з ім пра Фаму Аквінскага і Аўгусціна Блажэннага. Бо мне, як звычайнаму чалавеку, няхай нават з рэлігіязнаўчай адукацыяй, гэтыя сярэднявечныя дзядзечкі ды іх працы падаюцца даволі нуднымі і звыш маралізатарскімі. Цікава, як Сяргей настолькі загартаваў свой дух і розум, каб чытаць іх па сваёй волі!
Сяргей быў адным з тых палітвязняў, якім я пісала прыгожыя лісты: з ініцыяламі ды мініяцюрамі, аздобленымі ліставым золатам, срэбрам і фарбамі з натуральных пігментаў, напісаныя то каралінгскім мінускулам, то гатычнай ратондай, то кельцкай вяззю... І ніводны з лістоў не дайшоў. Але я даволі ўпарты чалавек: зараз спрабую падтрымаць яго па-іншаму.
На жаль, я не магу распавесці ўсяго, каб не нашкодзіць нікому. А з відавочнага і таго, за што пакуль не караюць, я распавядаю і пішу пра яго. Веру, што калі Сяргей будзе вольным, змагу запытацца ў яго дазволу на тое, каб ягоная музыка гучала і жыла.
Ведаеце, у старажытных егіпцянаў было штосьці накшталт прыслоўя: «Назаві маё імя, і я буду жыць вечна». Забыццё забівае. Людзі, пра якіх забываюцца, быццам бы губляюцца, перастаюць існаваць для свету. Ім няма з кім падзяліць боль, безнадзейнасць, страх.
Я разумею, што Сяргей не даведаецца пра тое, што я пра яго думаю, гавару, пішу. Але хочацца верыць, што ён гэта адчуе, што нейкім чынам яму стане трошкі лягчэй ператрываць гвалт і несправядлівасць».
Сяргей Спарыш – актывіст партыі «Народная грамада». Быў затрыманы 25 чэрвеня 2020 года. Праходзіў па справе тэлеграм-каналу «Армія з народам». Вырак суда – 6 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Унесены КДБ у спіс асоб, «якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». Унесены ў спіс грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
Кацярына Ваданосава – музыка, спявачка, паэтка, тэлевядучая, журналістка, майстрыха традыцыйных беларускіх і гістарычных строяў, гістарычных тэхнік вышыўкі ды гістарычнай каліграфіі.