Ганна Аўчыннікава: "Змены пачнуцца з сыходам Лукашэнкі"

Ганна Аўчыннікава — актывістка з Менску. З 2020 года яна дапамагала палітвязням у Беларусі, а цягам апошніх 6 месяцаў робіць гэта ў выгнанні. Праз палітычны пераслед яна разам з сям'ёй вымушана пакінула родную краіну. Размаўляем з Ганнай Аўчыннікавай пра жыццё ў Літве, салідарнасць і перспектывы вызвалення Беларусі. 

- Чым займаліся ў 2020?

- Пасля выбараў пачала займацца адкліканнем дэпутата Марыны Шкроб. Мы збіралі подпісы за адкліканне, хадзілі на прыём. У сувязі з тым, што адбылося (падчас пратэстаў). Ну і дваровая актыўнасць пайшла — пачала дапамагаць палітвязням, напэўна, з верасня. Як схапілі людзей, пачалі займацца дапамогай — Жодзіна, Акрэсціна, Валадарка.

- Як жылі пасля 2020?

- Пасля 2020 года я засяродзілася на дапамозе палітвязням. Так сталася, што я пачала пісаць лісты і атрымлівала шмат адказаў. Да пачатку вайны ў мяне было вельмі шмат лістоў, блізу 1300. Пісалі вельмі шмат, дасылалі паштоўкі, і таму ў мяне ўтварылася мноства кантактаў з сваякамі палітвязняў. Я з імі звязвалася. Мы дапамагалі сем’ям перадачамі, збіралі грошы, куплялі рэчы, прадукты. Далучаліся людзі - усё праходзіла лёгка. 

- У які момант вы перасталі атрымліваць адказы ад вязняў?

- Мне даходзіла адсоткаў 10 ад адпраўленых лістоў. Гэта даволі шмат. Пасля пачатку вайны ў мяне засталася перапіска толькі з адным палітвязнем. Ён дагэтуль у зняволенні, але ў нас ёсць перапіска. Не такая стабільная, але за гэтыя гады мы абмяняліся каля 80 лістамі.

- Як вы гэта патлумачыце — чаму да аднаго вязня даходзяць лісты, а ад іншага — не?

- Паняцця не маю. Размаўляла з ягонай маці, яна таксама не ведае. Можа, ён унёс мяне ў нейкі спіс родных. А можа, ён камусьці проста даў нейкія грошы… Бо перапіска са мной для яго вельмі важная. Пры гэтым, самае цікавае, што ён быў і ў калоніі, і на турэмным рэжыме, і ўвесь гэты час я з ім перапісваюся.

- Раскажыце, калі ласка, пра вашае затрыманне. Гэта было падчас рэйду па родных палітвязняў сёлета ў студзені?

- Я сядзела на Акрэсціна, там усе былі такія, як я. Толькі маці Вольгі Такарчук была сваячкай палітвязня. Да родных палітвязняў прыходзілі, але далёка не ўсіх забралі. Не ведаю, чаму пісалі, што гэта быў рэйд па сваяках, бо там было шмат людзей, якія селі менавіта за дапамогу.

Затрымалі на вуліцы разам з мужам каля станцыі метро «Пралетарская». За мной сачылі зранку. Нас схапілі, калі мы падыходзілі да машыны. Прадставіліся, паказалі дакументы. Я не памятаю, што там было напісана, але яны сказалі, што яны супрацоўнікі КДБ. І прапанавалі сесці ў машыну. Я папрасіла трошкі часу, каб выдыхнуць, сказала, што трэба забраць рэчы з машыны. Я пасядзела, выдыхнула, і потым ужо пайшла ў іхнюю машыну.

Мне сталі задаваць пытанні наконт старэйшага сына майго мужа ад першага шлюбу, які жыве ў Расіі. Ці стасуемся мы. Я адразу зразумела, што гэта каб збіць мяне з панталыку, таму што я ведала, што ў гэты дзень было неспакойна па ўсёй Беларусі. Я разумела, што мяне затрымалі менавіта за дапамогу палітвязням.

Мне сказалі, што я затрыманая як падазроная па крымінальнай справе, артыкул 361, частка 4, пункт 2, і што будзе вобшук. Чамусьці яны хацелі ехаць на нашу старую кватэру, якую мы прадалі восенню, але не мелі звестак пра гэта. Калі яны даведаліся, што мы жывём па іншым адрасе, вельмі разгубіліся, бо ўжо не маглі правесці вобшук, хоць ім вельмі хацелася. Яны прапанавалі зрабіць агляд кватэры, я пагадзілася, таму што мне не было чаго хаваць.

- Паперы на вобшук былі выпісаныя на стары адрас?

- Так. Мы паехалі дадому. Там адбыўся хутчэй агляд, а не сапраўдны вобшук — вельмі павярхоўны. Іх зацікавілі беларускамоўныя кніжкі. У нас беларускамоўная сям'я, і наш пяцігадовы сын таксама размаўляе па-беларуску. Усе дзіцячыя кніжкі ў нас на беларускай мове. Яны знайшлі беларускамоўную біблію, і гэта для іх таксама было вельмі дзіўным. Хадзілі па нашай хаце, як па музеі, не ведаю чаму, хоць у нас звычайная хата.

Яны далі падпісаць паперы аб невыездзе і неразгалошванні — гэта іх вельмі хвалявала, каб ніхто не ведаў, што мяне затрымалі. Наклалі арышт на лядоўню і тэлевізар.

- Як яны гэта патлумачылі?

- Я спыталася, ці можна пакласці ў лядоўню каўбасу. Яны сказалі: "Канешне, кладзіце." Гэта на выпадак, калі будзе суд і неабходна будзе кампенсацыя дзяржаве, то калі не будзе грошай, яны забяруць нашы рэчы.

- Што было потым?

- Мяне адвезлі ў Следчы аддзел Заводскага раёна. Яны падкінулі мужа да Менску, бо мы жылі ў Сокале. Ён паехаў забіраць дзіця з садка, а мяне павезлі ў следчы аддзел. Быў допыт у следчай, але не адразу, бо яна была занятая, і я чакала доўга — гадзіну-паўтары, можа больш. 

Допыт прайшоў вельмі павярхоўна, следчая не разумела, якая справа і што ад мяне хочуць. Я так зразумела, што яны былі па вушы ў справах, таму што шмат людзей схапілі. Усё было даволі лёгка, паралельна кдбшнікі аглядалі мае гаджэты — ноўтбук і тэлефон. Потым мяне павезлі ў РАУС чамусьці, ужо ў кайданках. Прыкавалі да кратаў у калідоры, дзе была яшчэ адна затрыманая жанчына. Потым нас абедзвюх павезлі на Акрэсціна.

- Колькі часу вы правялі на Акрэсціна і якія там былі ўмовы ўтрымання?

- Я прабыла там трое сутак, не поўных. Ніякіх чалавечых умоў там няма. Няма матрасаў, бялізны, прыбіральня дрэнна працавала, змыў быў сапсаваны, і ў камеры вельмі моцна смярдзела. Было вельмі холадна і вільготна, адчуванні былі вельмі непрыемныя. Нас было 11 чалавек на 6 месцаў.

- Чаму вас выпусцілі праз тры дні?

- Нічога не сказалі. Проста паведамілі, што цяпер я невыязная, і пашпарт мне не аддалі, бо мяне, нібыта, не паспелі ўнесці ў базу невыязных. Я зразумела, што гэта была хлусня, бо навошта ім мой пашпарт, каб зрабіць мяне невыязной.

- Які ў вас цяпер статус?

- Мне ніхто не паведамляў, які ў мяне статус. Калі я бегла з Беларусі, мне паказалі, што ў мяне быў статус падазраванай. Пасля гэтага не было ні лістоў, нічога.

- Вы эвакуяваліся з краіны?

- Так.

- Цяпер вы з сынам і мужам?

- Яны з’ехалі першымі, я пасля іх. Мы цяпер у Літве.

- Як вы адаптаваліся на новым месцы?

- Пакуль адаптацыя праходзіць даволі складана. Мы не адразу знайшлі кватэру і грошы на здым з'явіліся не адразу. Карацей, арганізацыйныя моманты патрабавалі пэўнага часу. Дзіця толькі цяпер уладкавалі ў садок, ён увесь час быў з намі, бо ў садок прымаюць толькі з верасня. Таму яму таксама было цяжка зразумець сітуацыю. Ён раней хадзіў у садок, вучыўся, а тут усё змянілася.

- Ён хадзіў у Беларусі ў беларускамоўны садок?

- Так. А цяпер ходзіць у літоўска-польскі, дзе асноўная мова — польская.

- Беларускіх садкоў тут няма?

- Ёсць. Мы нават аформіліся туды, нам далі месца і пагадзіліся прыняць адразу. Але пасля знаёмства з выхавацелькай вырашылі, што лепш пайсці ў польска-літоўскі садок.

- Як дзіця адаптуецца да новага асяроддзя?

- Нармальна. Яму даволі лёгка з польскай мовай, сам дзівіцца, што ўсё разумее. Калі шчыра, ён адаптаваўся лепш, чым мы (смяецца). У яго ўжо з'явіліся сябры, хоць напачатку было складана.

- Як сітуацыя з працай у мужа?

- Мой муж нядаўна атрымаў від на жыхарства, але працы пакуль няма, толькі падпрацоўкі па прафесіі. Ён акцёр, майстар агучкі. Пакуль падпрацоўвае на будоўлі.

- Як у вас праходзіць працэс легалізацыі?

- Мы даведаемся, як усё будзе, калі надыдзе час атрымліваць статус уцекача. Я бегла без пашпарта, ён застаўся ў Следчым камітэце. Паколькі трапіла сюды нелегальна, аўтаматычна пайшла па працэдуры атрымання статусу ўцекача. Пабачым, ці атрымаем яго.

- Чым вы цяпер займаецеся?

- Мы займаемся агучкай беларускамоўных кніг і працягваем дапамагаць палітвязням, збіраем перадачы ўнутры Беларусі. Тое, што рабілі, тое і працягваем рабіць: пісаць лісты, аказваць дапамогу.

- У вас ёсць адказ, як вызваліць палітвязняў?

- У мяне няма дакладнага адказу. Я лічу, што ўжо пройдзены велізарны шлях. Быў абраны пэўны курс, і я мяркую, што яго трэба прытрымлівацца. Я вельмі рада, што людзей вызваляюць, але дакладна ведаю, што затрымліваюць яшчэ больш, чым раней. Я не бачу гуманізму ў гэтым вызваленні.

Думаю, што Лукашэнку проста нешта трэба. Што менавіта — я не ведаю, бо гэта хворы чалавек. Магчыма, яму патрэбна прызнанне або не падабаецца статус-кво, а магчыма, ён хоча зняцця санкцый. Пытанне трэба задаваць канкрэтна яму. Лічу, што трэба ўзмацняць ціск на рэжым. 

Я сама пакутую ад гэтых санкцый. Напрыклад, мы вывезлі маю машыну за мяжу афіцыйна, а цяпер я павінна перарэгістраваць яе на літоўскія нумары да 18 студзеня, і я фізічна не магу гэтага зрабіць, бо не маю ні ПМЖ, ні пашпарта. Я не магу ні прадаць, ні адправіць яе назад у Беларусь. І ў мяне стаіць пытанне: каму мне яе аддаць — Лукашэнку ці Наўседзе? 

Я разумею, што гэта таксама палітыка санкцый, накіраваная не ў той бок. Але адначасова разумею, што немагчыма ўвесці санкцыі, каб яны зусім не закранулі простых людзей. Я ўвогуле лічу, што гэты рэжым разумее толькі сілу. Калі гэта не вайсковая сіла, то палітычная. Я вельмі чакаю пэўных крокаў ад кіраўнікоў еўрапейскіх дзяржаў у гэтым кірунку, у тым ліку па пытаннях вызвалення палітвязняў.

- Уявіце, што размаўляеце з чалавекам, які выехаў падчас пратэстаў 2020 года. Калі б ён цяпер прыехаў у Беларусь, што б яму кінулася ў вочы, што змянілася ў Беларусі ў параўнанні з летам-восенню 2020?

- Няма нічога жывога. Неяк я прачытала допіс журналіста Змітра Панкаўца пра тое, што ў Беларусі ўсё нармальна, жыццё працягваецца. Але на самай справе нічога там няма, ніякага жыцця. Мы з мужам творчыя людзі, і я ведаю, што ніякіх годных і адэкватных імпрэз там няма. На вуліцах мала людзей. Летам, зразумела, моладзь выходзіць на вуліцы, але гэта не мае дачынення да паўнавартаснага функцыянавання грамадства. І з адукацыяй таксама. Я ведаю, што адбываецца ў садках. Усё гэта звязана. Не дай бог, калі пройдуць яшчэ чатыры гады такога "пекла", тады стане відавочна, што з’явілася.

- Ваш сын сутыкаўся з ідэалогіяй у садку ў Беларусі?

- Не, нам пашанцавала. Спачатку мой сын трапіў у вельмі добрыя беларускія рукі, да выхавацелькі, якая дала яму шмат любові. Я спадзяюся, што цяпер ён акунецца ў іншую любоў, але гэта ўсё роўна будзе любоў.

- На вашае меркаванне, колькі яшчэ Лукашэнка можа захоўваць уладу?

- Я думаю, што гэты рэжым вельмі персаналісцкі. І я не тое каб чакаю, калі яго не стане, але ўпэўнена, што праблемы не вырашацца адразу. Аднак гэта пэўным чынам страсане сістэму. 

Думаю, што нават сярод чыноўнікаў мала хто задаволены сітуацыяй у Беларусі, бо ўсе яны маюць сем'і, дзяцей. Я не тое каб іх шкадую — яны самі абралі жыццё ў страху і падтрымліваюць гэта. Але калі Лукашэнкі не стане, я ўпэўнена, што нешта пачне змяняцца. Нават калі прыйдзе расейскі стаўленік, ён наўрад ці працягне катаваць людзей у турмах. Новай уладзе не трэба будзе працягваць пераслед тых, хто пратэставаў ці выказваў нязгоду. Яны ўсе ўжо стаміліся ад гэтага. 

А што будуць рабіць сілавікі? Яны чатыры гады затрымліваюць людзей. Ім трэба будзе неяк перабудоўвацца, але яны падстрояцца пад новую ўладу — яны такія людзі. Я лічу, што нешта ўсё ж будзе мяняцца пасля яго сыходу. У які бок — не магу сказаць, але "лукашызм" не праіснуе доўга. 
Калі б гэта быў сапраўдны лукашызм, то была б ідэалогія. А ідэалогіі няма, няма крэатыву ці іншых меркаванняў. Закон адзін — так адзін. Але так не бывае нават у аўтакратыях. Таму нічога добрага для рэжыму не будзе.

- Як доўга яшчэ будзе трымацца гэты рэжым у Беларусі?

- Усё трымаецца на Лукашэнке. Гэтыя затрыманні — гэта яго асабістыя крыўды. Ён пакрыўджаны і траўмаваны. Я думаю, што з яго сыходам пачнуцца нейкія змены. Гэта не значыць, што адразу настане лепшае жыццё і Беларусь прыйдзе да дэмакратыі. Але рэпрэсіі могуць аслабнуць, і будуць пазітыўныя змены ў гэтым накірунку.
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду