«Гэта і галасы салідарнасці, і занатоўванне найноўшай гісторыі Беларусі»

Выстава #FramedinBelarus:Towards Solidarity пройдзе ў нарвежскім Хамары з 24 жніўня па 6 кастрычніка.

«Асноўныя працы, што будуць там прадстаўленыя, – гэта вышыўкі з гісторыямі палітвязняў», – распавядае стваральніца сацыяльна-мастацкага праекту #FramedinBelarus, беларуская мастачка Руфіна Базлова. 
Руфіна Базлова. Фота: Monika von Bernuth
«Галоўны пасыл – салідарнасць»
«Гэтым праектам я займаюся з 2021 года, – гаворыць Руфіна. – Я ствараю схемы з адлюстраваннем гісторый палітзняволеных, а пасля запрашаю людзей з усяго свету вышыць на тканінах гэтыя гісторыі. На дадзены момант у нас ужо сабраны архіў з 550 гатовых вышывак. Пасля мы працуем з гэтым матэрыялам – робім прэзентацыі, выставы. Галоўны пасыл – гэта, вядома, салідарнасць. Вельмі важна не забываць пра нашых пакутнікаў за кратамі: гэтыя еднасць і падтрымка важныя і для нас, і для іх», – дзеліцца думкамі мастачка.


Фота: Lukas Cetera

Суразмоўца кажа, што галерэя складаецца з некалькіх пакояў, і кожны з іх будзе ўяўляць сабой спецыфічную інсталяцыю. Адзін пакой, паводле Руфіны Базловай, будзе цалкам прысвечаны загінуламу ў шклоўскай калоніі Вітольду Ашурку. 
 
На вышыўках можна будзе пабачыць палітзняволеных Аляксандра Францкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Ігара Аліневіча, Кацярыну Бахвалаву, Эдуарда Бабарыку, Кіма Самусенку, Андрэя Чапюка, Марфу Рабкову, Алеся Бяляцкага, Марыю Калеснікаву, Паўла Севярынца, Уладзіміра Кнігу, Вольгу Залатар і іншых.


Фота: Lukas Cetera
 
«Каб тэма палітвязняў не сыходзіла з парадку дня»
«У свеце кожны дзень здараецца шмат трагічных, драматычных падзеяў, грамадства – як беларускае, так і заходняе – стамілася ад цяжкіх навінаў і ў нейкай ступені хоча ад іх абстрагіравацца, – працягвае творца. – Але я ўпэўненая, што трэба ўпарта працягваць рабіць сваю справу, спрыяць таму, каб тэма беларускіх палітвязняў і рэпрэсій у Беларусі не сыходзілі з парадку дня».

«Для замежнікаў гэта яшчэ і крыніца адукацыі: часта яны ўвогуле нічога не ведаюць пра Беларусь, а праз такія мерапрыемствы адкрываюць для сябе нашую краіну», – дзеліцца назіраннямі Руфіна Базлова. 
 
1967-2023
«Спецыфіка гэтага праекту таксама ў тым, што калі чалавек вышывае, ён праводзіць за гэтай працай 20-30 гадзін, то бок сам-насам з гісторыяй канкрэтнага чалавека. І палітвязень з абсалютна незнаёмай асобы ператвараецца ў вельмі блізкую для таго, хто вышывае. Таму гэта і пра збліжэнне, і пра духоўную еднасць, і пра час. З аднаго боку, пра час, які палітвязень губляе за кратамі. Але для таго, хто вышывае, – гэта сімбалічная ахвяра свайго часу чалавеку за кратамі, час, каб падумаць, прааналізаваць і асэнсаваць тыя ці іншыя рэчы. Інакш кажучы – гэта час для рэфлексіі, пэўны момант ісціны», – гаворыць мастачка. 


Фота: Lukas Cetera

Руфіна згадвае пра жанчыну з Канады, якая вышыла гісторыю палітзняволенага Уладзіміра Кнігі на навалочцы сваёй бабулі-беларускі. «Вось такая повязь часоў. І да  даты «1967 год», вышытай бабуляй, дадалася цяпер і іншая – «2023». Гэта ўсё вельмі эмацыйна і кранальна. Такім чынам у праекце праплятаюцца гісторыі і лёсы палітвязняў і удзельнікаў», – дадае стваральніца праекту.


Фота: Lukas Cetera

Беларуская мастачка выказвае спадзяванне, што весткі аб салідарнасці раз-пораз, але прарываюцца палітвязням за краты: «Але ў любым выпадку наша праца не марная. Нядаўна мы сустрэліся з былым палітвязнем і перадалі яму кантакт чалавека з Францыі, які вышываў яго гісторыю. Хлопец быў вельмі крануты, расчулены. Значыцца, тое, што мы робім, – так ці інакш, але патрэбна».

У нейкай ступені вышыўка гісторый палітвязняў – гэта і занатоўванне найноўшай гісторыі Беларусі. Гэта не толькі салідарнасць, але і важны ўнёсак у беларускую культуру, падсумоўвае Руфіна Базлова.  

Выстава #FramedinBelarus:Towards Solidarity будзе праходзіць з 24 жніўня па 6 кастрычніка па адрасе: Parkgata 21, Hamar, Norway.

Сардэчна запрашаем!
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям