«Гэта працяг барацьбы сістэмы з агульначалавечымі каштоўнасцямі»

Як і за што ў Беларусі пераследуюць вернікаў.

Пасля народнага паўстання-2020, паводле інфармацыі міжканфенсійнага аб’яднання беларускіх вернікаў «Хрысціянская візія», у Беларусі палітычнаму пераследу падвергнуўся 81 святар. Многія з іх зазналі адміністрацыйныя і крымінальныя пакаранні, некаторыя атрымалі турэмныя тэрміны, частка была выціснутая ў эміграцыю. Пераследуюць вернікаў і за кратамі. Асабліва цяжка адстойваць сваё права на веравызнанне ў зняволенні палітвязням.
 

«Цкуюць на ўсіх узроўнях, робяць са святароў тэрырыстаў»


–– Вернікі і рэлігійныя арганізацыі рэгулярна падвяргаюцца абразам і цкаванню за сваю хрысціянскую і грамадзянскую пазіцыю з боку чыноўнікаў, дзяржаўных медыя і праўладных актывістаў. У адносінах да іх шырока выкарыстоўваецца мова варожасці. 

Абразам, прыніжэнням, здзекваннем за веру ці рэлігійную прыналежнасць падвяргаюцца затрыманыя сілавікамі ў апублікаваных на спецыяльных медыя-рэсурсах так званых пакаянных відэа, што запісваюцца з удзелам затрыманых супраць іх волі,
–– адзначаюць сябры «Хрысціянскай візіі».

Улады ўносяць рэлігійных лідэраў і актывістаў у «спіс экстрэмістаў» і нават «тэрарыстаў», што, апроч іншага, азначае: гэтыя людзі не могуць быць заснавальнікамі і кіраўнікамі рэлігійных арганізацый. 

Так, у тэрарыстычны спіс быў унесены святар Сяргей Рэзановіч. 56-гадовы настаяцель храма святога Архангела Міхаіла ў аграгарадку Сцяпанкі, што на Брэстчыне, у 2022 годзе быў асуджаны да 16 гадоў пазбаўлення волі па гучнай «справе Аўтуховіча». Сярод артыкулаў, па якіх судзілі святара, –– «удзел у злачыннай арганізацыі» і «змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

Вядомыя выпадкі, калі святары праз сваю прынцыповасць гублялі і пасады. Так, архіепіскап Арцемій (Аляксандр Кішчанка, памёр у красавіку 2023 года), які пасля выбараў-2020 публічна выступаў супраць фальсіфікацый і гвалту, падвергся цкаванню з боку адыёзных рэлігійных дзеячоў і ў 2021 годзе быў звольнены з пасады.

Іерэй Уладзіслаў Багамольнікаў з Менскай епархіі ў 2021 годзе быў звольнены з пасады выкладчыка філасофіі Менскай духоўнай семінарыі. Напярэдадні спадар Уладзіслаў аб’явіў галадоўку ў знак салідарнасці з палітзняволеным журналістам Ігарам Лосікам. У жніўні 2022 года Уладзіслава Багамольнікава брутальна затрымаў ГУБАЗіК, святар 100 сутак правёў у ізалятары на Акрэсціна, дзе перахварэў на каранавірус. Неўзабаве супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу за «арганізацыю альбо ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак». 19 снежня 2022 года святар быў выпушчаны пад падпіску аб нявыяздзе.

Спіс рэпрэсій у стасунку да святароў і вернікаў бясконцы.

–– У дадатак да усяго сістэматычна экстрэмісцкімі матэрыяламі прызнаюцца сайты, каналы і сацыяльныя сеткі беларускіх рэлігійных дзеячоў і супольнасцяў. Такімі ж матэрыяламі прызнаюцца публікацыі, прысвечаныя дзейнасці рэлігійных арганізацыі. Улады таксама абмяжоўваюць доступ да рэлігійных матэрыялаў і рэсурсаў, у тым ліку праваабарончага характару, –– распавядае кіраўніца «Хрысціянскай візіі» Наталля Васілевіч. 

–– Асабліва моцны пераслед вернікаў пачаўся ў 2020 годзе і гэта звязана з двума фактарамі, –– працягвае Наталля. –– Першы –– гэта спроба ўсю грамадзянскую супольнасць Беларусі, у якім бы выглядзе яна не існавала, ці то грамадскія арганізацыі, палітычныя партыі, бізнэс, медыя, адукацыя, медыцына, IT-сфера, любыя незалежныя асяродкі –– паставіць пад кантроль уладаў, бо апошнія вельмі напружаныя падзеямі дваццатага года. Калі яны бачаць, што ёсць супольнасць, дзе людзі выбудоўваюць стасункі, давер, салідарнасць –– гэта заўсёды небяспечна для аўтарытарнага рэжыму. Таму значныя высілкі сістэмы скіраваныя на тое, каб разбурыць гэтыя аб’яднанні. 

Спецыфіка рэлігійных супольнасцяў у тым, што яны досыць вялікія. І калі мы кажам пра прыходы, рэлігійныя абшчыны, пілігрымкі, з’езды, сходы, канферэнцыі і палічым колькасць такіх плыняў па ўсёй Беларусі, то мы атрымліваем дзесяткі, а то і сотні тысяч актыўных людзей, якія жывуць сваім жыццём, непадкантрольным дзяржаве. У вачах уладаў гэтыя людзі могуць быць вельмі істотнай мабілізацыйнай сілай. 


Другі фактар –– гэта рэакцыя на тое, што ў мірных пратэстах дваццатага году нечакана для ўладаў была бачная прысутнасць рэлігійных супольнасцяў. Выказваліся і святары, і епіскапы, і людзі выходзілі на малітвы, былі запісы розных хрысціянскіх відэа. Узмацненне ціску на рэлігійную супольнасць звязана з тым, што ўлады ёй больш не давяраюць і спрабуюць неяк яе «нармалізаваць», узяць пад кантроль, выявіць і пакараць усіх нелаяльных.

Што датычыцца палітвязняў і іншых зняволеных, іх пераслед на рэлігійнай глебе звязаны з пяццю асноўнымі аспектамі, — гаворыць суразмоўца.

–– Гэта гвалтоўнае і незаконнае адабранне прадметаў культу, цяжкасці з атрыманнем рэлігійнай літаратуры, складанасці з падпіскай на рэлігійныя выданні, што знаходзяцца ў афіцыйным каталогу «Белпошты», сур’ёзныя праблемы з арганізацыяй пастырскіх візітаў для вернікаў у СІЗА, перашкоды рэлігійнаму жыццю асуджаных, што адбываюць тэрміны ў калоніях, установах адкрытага тыпу і «хатняй хіміі».
 

Жаночая калонія: нават з іконамі ваююць


Былыя палітзняволеныя, што адбывалі свае тэрміны ў гомельскай жаночай калоніі № 4, апавядаюць, што турэмнікі аб’явілі сапраўдную вайну рэлігіі і іконам. Апроч іншага магчымасць наведаць царкву на тэрыторыі калоніі для палітвязняў вельмі абмежаваная. Жанчыны кажуць, што супрацоўнікі ПК-4 і асуджаныя, што працуюць на адміністрацыю, вельмі пільна сочаць за тым, каб палітвязні не перасякаліся адзін з адным падчас царкоўнай службы. Некаторым палітзняволеным кіраўніцтва калоніі ўвогуле забараняе наведваць храм.

–– Там увесь час парушаецца права чалавека на веравызнанне. Мне ўвогуле забаранілі наведваць царкву, –– апавядае былая палітзняволеная Алена (імя суразмоўцы змененае ў мэтах бяспекі). –– Летась намеснік начальніка калоніі Кавалёў (цяпер Станіслаў Кавалёў займае пасаду начальніка ПК-4 –– рэд.) распарадзіўся прыбраць з усіх памяшканняў царкоўныя выявы. Зняволеныя, што супрацоўнічаюць з адміністрацыяй, вельмі хутка пазбіралі ўсе іконы з пакояў агульнага карыстання і занеслі іх у турэмную царкву. 

Алена дадае, што турэмнікі ўвесь час высмейваюць рэлігійныя пачуцці палітзняволеных жанчын, часта не дазваляюць ім атрымліваць адпаведную літаратуру:

–– Мне неяк адзін з аператыўнікаў сказаў: «Слухай, ты ўжо столькі награшыла, столькі злачынстваў ажыццявіла супраць дзяржавы, што ніякія малітвы табе ўжо не дапамогуць. Твая прамая дарога –– у пекла». 

Суразмоўца згадвае выпадак, калі адміністрацыя калоніі неяк прыбрала з пасады жанчыну з ліку асуджаных, што вадзіла вязней у царкву, за тое, што яна праміргала сустрэчу палітвязняў у храме. 

–– Ёй паставілі ў віну, што яна дазволіла сустрэцца ў царкве двум палітычным. Маўляў, чаму не даглядзела, чаму не перасякла іх размовы? Турэмнікам усюды мрояцца змовы, яны панічна баяцца нашай згуртаванасці, яны разглядаюць гэта як пагрозу аператыўнай абстаноўцы ў ПК. Я не здзіўляюся, што людзі ў пагонах так ваяўніча настроеныя супраць вернікаў і рэлігіі ў цэлым.

Па–першае, усё ідзе зверху: Лукашэнка, узгадайце, сам сябе называе «праваслаўным атэістам». Ну а па-другое, для гэтай сістэмы няма нічога святога, яе прыслужнікі топчуць мараль, змагаюцца з духоўнасцю, высакародствам, гуманнасцю, міласэрнасцю… Таму барацьба з вернікамі, высмейванне іх пачуццяў –– гэта працяг барацьбы сістэмы з агульначалавечымі каштоўнасцямі»,
–– дадае былая палітзняволеная. 
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду