22 сакавіка – 160 гадавіна з дня пакарання смерцю Кастуся Каліноўскага. Гэтую гістарычную асобу ведае большасць беларусаў. Сёння стаўленне да яго выразна падзяляе грамадства на дзве часткі.
Для адных ён нацыянальны герой, для іншых – паляк, які хацеў адарваць беларусаў ад расейцаў. Апошнім часам супраць памяці пра Кастуся Каліноўскага прарасейскія актывісты развярнулі сапраўдную вайну. Напрыклад, летась дамагліся, што гімназію ў Свіслачы, дзе вучыўся Кастусь Каліноўскі, і якая была названая ў ягоны гонар, перайменавалі. Знікла адтуль таксама музейная кампазіцыя і помнік знакамітаму беларусу. Зрэшты, пакуль у манкуртаў не хапае сілаў дабіцца перайменавання вуліцаў. А імем Каліноўскага названыя вуліцы ў цэлым шэрагу беларускіх гарадоў – ад Горадні да Магілёва і ад Рэчыцы да Слуцку.
Кім жа быў Кастусь Каліноўскі і чаму зараз нам асабліва важна памятаць пра яго барацьбу і ахвяру?
Кастусь Каліноўскі нарадзіўся ў Мастаўлянах на Гарадзеншчыне (цяпер тэрыторыя Польшчы) у сямʼі беззямельнага шляхціча. Гісторыкі спрачаюцца адносна паходжання Каліноўскага, сваім героем яго лічаць таксама палякі і літоўцы.
У сярэдзіне 19-га стагоддзя нашая нацыя яшчэ не аформілася – гэты працэс завяршыўся 50 гадамі пазней. Тым не менш можна называць Каліноўскага прадстаўніком апалячанай беларускай шляхты. Доказ – яго пазіцыя падчас паўстання 1861-1863 гадоў. Тады, у адрозненне ад большасці паўстанцаў, ён па-беларуску звяртаўся наўпрост да сялян і заклікаў іх далучыцца да барацьбы. Каліноўскі належаў да «чырвонага», радыкальнага крыла паўстання і выступаў за перадачу зямлі сялянам, дэмакратычную рэспубліку і самавызначэнне народаў Рэчы Паспалітай.
У 1861 годзе пасля вяртання з Пецярбурга, дзе ён вучыўся, Каліноўскі пачынае агітацыю сярод сялян. Праз год ён выдае першую газету на беларускай мове – «Мужыцкую праўду». У 1864 годзе, пасля фактычнага разгрому паўстання, Яська-гаспадар з-пад Вільні (газетны псеўданім) схоплены ўладамі і падвергнуты суду.
22 сакавіка 1864 г. Кастуся Каліноўскага павесілі на плошчы Лукішкі ў Вільні. Цяпер на гэтым месцы ўсталяваны драўляны крыж. Але магіла яго доўгія гады заставалася невядомай. У 2017 годзе, пасля некалькіх апоўзняў на гары Гедыміна, дзе некалі размяшчаліся казармы царскай арміі, адкрыліся невядомыя пахаванні. Астанкі былі ідэнтыфікаваны – адным з загінулых аказаўся Каліноўскі.
Цырымонія пахавання, якая адбылася ў 22 лістапада 2019 года, яскрава высвеціла стаўленне да змагара за свабоду і незалежнасць у сучаснай Беларусі. Ганаровая ваенная варта нашай краіны ўдзелу ў цырымоніі не прымала. А афіцыйная дэлегацыя была прадстаўлена ўсяго толькі віцэ-прэмʼерам (ад Польшчы і Літвы прысутнічалі прэзідэнты). Пры гэтым сярод тых, хто прыйшоў на пахаванне звычайных людзей, пераважалі беларусы і бел-чырвона-белыя сцягі.
Сёння пытанне незалежнасці і ўнутранай свабоды, як і 160 гадоў таму, востра стаіць перад беларускім народам. Гэтаксама востра адчуваецца прыгнёт з боку Расеі. Масква вядзе рэй у палітычнай, культурнай, моўнай прасторы Беларусі, а да таго ж уцягнула нашую краіну ў вайну супраць Украіны. Як і 160 гадоў таму прагу беларусаў да волі і незалежнасці нішчыць сусед з Усходу.
Калісьці Каліноўскі даў адказы на сённяшнія пытанні. Ён звяртаўся не да эліты грамадства – шляхты, а да простых беларусаў – сялян, якія і складалі большасць насельніцтва нашай краіны.
Час пачуць яго сёння.
«Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаць, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, – але не шкада згінуць за тваю праўду Але як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам навука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дакуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай навукі, – адно намі, як скацінай, варочаць будуць не дзеля дабра, але на пагібель нашу».
Твой слуга
Яська-гаспадар з-пад Вільні.