"Вернемся ў прававое рэчышча". Пагаворым аб судовым працэсе

Юрыст фонду “Краіна для Жыцця” Марына Нікандрына, у межах праекта “Вернемся ў прававое рэчышча”, расказвае, як паводзіць сябе падчас судовага працэсу, а таксама знаёміць з некаторымі тэрмінамі.

Такім чынам, вы апынуліся ў храме беларускага “правасуддзя”.
Пасля высвятлення вашай асобы ў судзе найперш удакладняць: “Ці маюцца адводы і хадайніцтвы?”

«Адвод» – гэта магчымасць замяніць удзельніка працэсу, напрыклад, суддзю, калі ён асабіста – прама ці ўскосна – зацікаўлены ў выніку гэтай справы. Пасля адводу суддзя вымушаны будзе выйсці ў дарадчы пакой. Калі хадайніцтва пра адвод суддзі задаволяць, то справа будзе адкладзеная, і прызначаны новы суддзя.

Але ж вы ў беларускім судзе, таму, верагодней за ўсё, суддзя застанецца той самы. Таму адвод можна прымяняць, калі вы хочаце крыху зацягнуць працэс.

«Хадайніцтва» – гэта, простымі словамі, просьба.  Хадайніцтвы могуць быць любыя: ад патрабавання мець абаронцу да прапановы зняць балаклаву са сведкі.  

Пасля пачатку судовага паседжання трэба прасіць забяспечыць вас паперай і ручкай для вядзення запісаў. Варта запісаць прозвішчы суддзі і сакратара, а таксама рабіць пазнакі на працягу паседжання. Затым будзе прасцей пра ваш працэс напісаць у ініцыятыву «23.34».

Калі паседжанне праходзіць па скайпе, супраць гэтага ёсць падставы запярэчыць і заявіць хадайніцтва пра перанос судовага працэсу і правядзенне яго ва ўмовах суда. Разгляд па электроннай сувязі, пры нязгодзе бакоў, парушае мноства правоў.

Калі вам неабходны абаронца, можна заяўляць хадайніцтва пра перанос судовага паседжання для заключэння дамовы з адвакатам. Калі абаронца дапушчаны да ўдзелу, але не з’явіўся, можна заявіць пра адкладанне разгляду справы. У гэтым выпадку суд абавязаны разгляд адкласці, затрыманага выпусціць і выдаць позву на новы дзень.

Вы можаце хадайнічаць пра выклік і апытанне асобаў у якасці сведкаў. Калі момант вашага затрымання нехта бачыў, то гэтага чалавека можна выклікаць у суд і апытаць у якасці сведкі. Але зараз гэта пагражае тым, што вашага сведку могуць прыцягнуць паводле таго ж артыкулу, што і вас.

Калі на этапе падрыхтоўкі справы вас не азнаёмілі з матэрыяламі справы альбо выдалі копію незапоўненага пратакола, вы можаце агучыць гэта суду і прасіць даць вам магчымасць асабіста азнаёміцца з матэрыяламі з правам рабіць выпіскі з іх.

Чаму патрэбна заяўляць хадайніцтвы і адводы? Гэта прымушае суддзяў працаваць, і займае час.
І ваша затрыманне не будзе бессэнсоўным і працягне барацьбу з сістэмай.

Вашы тлумачэнні. Вы можаце адмовіцца ад дачы тлумачэнняў на падставе арт.27 Канстытуцыі. Але лепей патлумачыць, бо гэта дапаможа выявіць абставіны справы, супярэчнасці ў дакументах і тлумачэннях сведкі.

Апытанне сведкаў. Вы маеце права задаваць сведку любыя пытанні, якія тычацца вядомых яму абставінаў справы. Калі ў тлумачэннях сведкі былі супярэчнасці – абавязкова адзначце гэта.

Згодна з заканадаўствам, адміністрацыйны арышт не можа прымяняцца да наступных асоб: цяжарных; інвалідаў І і ІІ групы; жанчын і бацькаў-адзіночак, якія маюць непаўнагадовых дзяцей; асоб, якія маюць на ўтрыманні інвалідаў І групы; а таксама састарэлых, якія дасягнулі 80 гадоў.

Таму важна паведаміць суду, калі вы належыце адной з дадзеных катэгорый грамадзян. У неправавой дзяржаве асабліва важна змагацца за свае правы.

Таксама цяпер праходзіць шмат судоў, але ўжо не па адміністрацыйных, а па крымінальных справах нашых актывістаў. Паседжанні з’яўляюцца адкрытымі. Таму прыходзьце і падтрымлівайце нашых герояў. Бо гэта адзінае санкцыянаванае месца, дзе можна выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю.  І яшчэ ўлада павінна разумець, што нас па-ранейшаму большасць.

Жыве Беларусь!

Падтрымаць ТУТ
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям