Як дапамагчы беларускім палітвязням?

Кангрэс па беларускіх палітычных вязнях адбыўся ў Празе. У ім ўзяў удзел намеснік міністра замежных спраў Чэхіі. Акрамя Яна Мар’яна сярод удзельнікаў была лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міра Аляксандра Матвійчук (ейны ўкраінскі “Цэнтр грамадзянскіх свабод” выйграў прэмію ў 2022 годзе разам з беларускім палітвязнем Алесем Бяляцкім і расейскай праваабарончай арганізацыяй “Мемарыял”).

На кангрэсе былі прадстаўнікі Офісу Святланы Ціханоўскай, Аб'яднанага пераходнага кабінету, Каардынацыйнай рады, Беларускага Хельсінскага камітэту, “Вясны”, DissidentBY,  BYhelp, а таксама фонду “Краіна для Жыцця”. Кіраўніца нашага Фонду распавяла, што на кангрэсе ўдзельнікі абагульнілі інфармацыю аб тым, чаго менавіта не хапае, што можна палепшыць і на што звярнуць увагу ў сістэме дапамогі палітвязням. 


“Гэта першае мерапрыемства за амаль 4 гады менавіта такога фармату па тэме палітвязняў”, - расказвае кіраўніца фонду “Краіна для Жыцця” Вольга Зазулінская. “Усе спікеры прыехалі падрыхтаванымі, было шмат статыстыкі, прэзентацый. Каштоўным было паслухаць у рамках кангрэсу родных палітвязняў і былых палітвязняў Адзінае, што мяне напэўна засмуціла, - гэта слабое асвятленне ў СМІ. “Радыё Свабода” і “Наша Ніва” прысутнічалі, асвятлялі на сваіх рэсурсах мерапрыемства, і я за гэта ім вельмі ўдзячная”. 

На кангрэсе былі зададзены 2 асноўныя вектары абмеркаванняў: сем'і палітвязняў і былыя палітвязні ўнутры краіны і за яе межамі. Удзельнікі аналізавалі запатрабаванні гэтых груп, выклікі, з якімі яны сутыкаюцца і ўнутры краіны, і пры пераездзе. “Казалі аб тым, што нават існуючай дапамогі недастаткова, каб пакрываць усе запыты ў поўным аб'ёме. Асаблівую ўвагу надавалі пытанню дапамогі ўнутры краіны, складанасцям, з якімі сутыкаюцца людзі кожны дзень: умовы ўтрымання для палітвязняў, рэжым інкамунікада, неаказанне медычнай дапамогі ў ШЫЗА і калоніях”, - адзначыла Вольга Зазулінская. Згодна ж са статыстыкай рэпрэсіі не толькі не сціхаюць, а зноў набіраюць абароты. 

“Я лічу, што мерапрыемствы такога фармату проста неабходныя і пажадана павінны стаць рэгулярнымі. Лічу, што трэба абавязкова запрашаць сваякоў палітвязняў і былых палітвязняў, бо менавіта яны паказваюць рэальны стан рэчаў, нам гэта важна для пабудовы далейшай працы ў дадзеным полі.”
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям