Масавыя затрыманні экс-палітвязняў і родных палітвязняў. Рэйды ідуць па ўсёй краіне

Сёння, 23 студзеня 2024 года, па ўсёй Беларусі адбываюцца масавыя арышты. На момант апублікавання нататкі вядома аб 37 затрыманых і 60 візітах.

 

Інфармацыя па бяспецы ніжэй!


Як паведамляе кіраўнік BYSOL Андрэй Стрыжак, масавыя рэйды праводзяць у розных гарадах супрацоўнікі КДБ. Прыходзяць да людзей, якія, напрыклад, знаходзяцца ў закрытым чаце блізкіх палітвязняў і экс-палітвязняў. Пытаюцца аб дапамозе з-за мяжы. Па паведамленнях праваабаронцаў у пастановах сілавікоў фігуруюць артыкулы за фінансаванне і ўдзел у экстрэмісцкіх фармаваннях.

Некаторым людзям сілавікі паведамлялі, што затрыманні і ператрусы звязаныя з ініцыятывай INeedHelpBY, якая рашэннем КДБ прызнана экстрэмісцкім фармаваннем. Дата рашэння – 16 студзеня. Але інфармацыя аб статусе ініцыятывы з'явілася якраз сёння.

INeedHelpBY – праект, які дапамагае прадуктамі ахвярам палітычных рэпрэсій. Сілавікі сёння дакладна прыходзілі да сямʼі, якая шмат месяцаў таму атрымлівала прадукты ў рамках праекту.

Сёння затрымана Марына Адамовіч – праваабаронца, жонка палітвязня і палітыка Мікалая Статкевіча. Таксама з ператрусам супрацоўнікі КДБ прыйшлі да маці стваральніцы Dissidentby Марыны Касінеравай. Затрыманы вядомы віцебскі актывіст 76-гадовы Барыс Хамайда.

Варта адзначыць, што зараз ідзе комплексная атака на сістэму дапамогі палітвязням. Сілавікі ажыццяўляюць кібератакі на сайты і сацсеткі грамадзянскіх арганізацый.

Мы рэкамендуем сваякам палітвязняў і экс-вязням выдаліць любыя перапіскі з фондамі і ініцыятывамі, праверыць чаты на дэвайсах сваякоў, пачысціць ці выдаліць іх.

Што канкрэтна вы можаце зрабіць для сваёй бяспекі?
  • ачыстка і настройка бяспечнага Telegram;
  • ачыстка Signal;
  • ачыстка Google-акаўнту;
  • надзейнае выдаленне файлаў з тэлефона (выдаляць так, каб іх немагчыма было аднавіць);
  • праверка хмарных сховішчаў / адключэнне сінхранізацыі пры неабходнасці;
  • ачыстка праглядаў і іншых дзеянняў на Youtube;
  • ачыстка Facebook;
  • ачыстка Instagram;
  • ачыстка іншых сацсетак: Viber, VK, «Аднакласнікі», TikTok;
  • ачыстка браўзераў;
  • усталёўка VPN.
Калі ў вас ёсць пытанні па бяспецы, мы гатовы вам дапамагчы. Выходзьце на сувязь праз @tech_rescuer1 у Telegram.
 

Важна! Уважліва правярайце назву перад сувяззю. Выдаліце гэты акаунт, пры візіце сілавікоў.


Далей у фармаце навучання мы можам адказаць на вашыя запыты і дапамагчы вам асвоіць асновы лічбавай канфідэнцыйнасці ў рамках праекту «Лічбавая апора: бяспека разам».

Гэты праект дапамогі запушчаны фондам «Краіна для жыцця» сумесна з ініцыятывай «АПІРА».

У рамках праекту мы:
  • Навучаем асновам лічбавай бяспекі
  • Забяспечваем інструментамі для лічбавай прыватнасці
Мы верым, што веды і выкарыстанне навыкаў стануць моцным інструментам абароны ва ўмовах пастаянных рэпрэсій, з якімі зараз сутыкаюцца беларусы. Лічбавая бяспека павінна стаць вашай абаронай.
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям