Міхаіл Рубін: "Нельга забываць пра палітвязняў"

Апекуны працягваюць апавядаць пра сваіх падапечных-палітвязняў у рамках сумеснай інфармацыйнай кампаніі нашага Фонду і ініцыятывы Dissidentby.com «Пакуль усе не будуць вольныя». Гэтым разам Міхаіл Рубін расказвае пра Юрыя Адамава. 

"Юрый — мой калега, айцішнік, навуковец. Ён адзін з ініцыятараў і праваднікоў ідэі свабоднага праграмнага забеспячэння ў Беларусі. Пацярпеў за тое, што дапамагаў іншым. Гэта былі асноўныя прычыны, чаму я стаў апекуном менавіта Юрыя. 

Палітвязняў нельга забываць, асабліва тут, на Захадзе, дзе мы кожны дзень жывём паўнавартасным жыццём. Мы павінны дапамагаць ім, рабіць усе, каб яны не былі забытыя. Але толькі так, каб не нашкодзіць іх бяспецы і не пагоршыць і без таго цяжкую сітуацыю, у якой яны знаходзяцца, не выклікаць большых рэпрэсій. 

Важна падтрымліваць інфармацыйную прысутнасць Юрыя ў медыях. Апошні прыклад адбыўся на мінулым тыдні падчас летняга прыёму асацыяцыі ліберальных прадпрымальнікаў зямлі Гесэн, дзе я жыву. Сярод прысутных было шмат дэпутатаў Бундэстагу і іншых нямецкіх парламентарыяў розных узроўняў. Я абмяркоўваў лёс Юрыя з сябрам камісіі па грамадзянскіх правах Бундэстагу Пэтэрам Хайдтам. 



У найбліжэйшай будучыні я буду ўдзельнічаць у вялікай навуковай і практычнай канферэнцыі па штучным інтэлекце, і там таксама звярну ўвагу на цяжкі лёс нашага калегі.

Юрый Адамаў — удзельнік беларускай супольнасці за свабоднае праграмнае забеспячэнне, адзін са стваральнікаў навукова-адукацыйнага самвыдату «Pamylka». Юрый вывучаў тэарэтычную фізіку ў БДУ, атрымаў доктарскую ступень у Вялікабрытаніі, праводзіў даследаванні ў амерыканскіх лабараторыях і ўніверсітэтах. Ён быў асуджаны на тры гады калоніі за ахвяраванні дабрачынным фондам.

Міхаіл Рубін — IT-прадпрымальнік, чалец Каардынацыйнай рады і апякунскай рады фонду «Краіна для Жыцця», былы муніцыпальны дэпутат, з'яўляецца кіраўніком камісіі па інтэграцыі ліберальна дэмакратычнай партыі ў землі Гесен у Германіі.
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям