10 кастрычніка — Міжнародны дзень супраць смяротнага пакарання. У XXI стагоддзі гэты раней надзвычай распаўсюджаны від пакарання ўжываецца толькі ў некалькіх дзясятках краін свету. У Еўропе такая дзяржава ўсяго адна — Беларусь. Ганарыцца такім фактам не выпадае. Таму праваабаронцы працягваюць кампанію супраць смяротнага пакарання ў Беларусі, якую распачалі яшчэ ў 2009 годзе.
Згодна з Канстытуцыяй Беларусі, дзяржава гарантуе права на жыццё. Аднак у выключных выпадках гэтая ж самая дзяржава сама забірае жыццё. Праваабаронцы выдзяляюць шэраг прычын, паводле якіх смяротнае пакаранне мусіць быць адменена:
-
Судовая памылка і немагчымасць яе выпраўлення.
-
Выканаўцы — прафесійныя забойцы, якія забіваюць ад імя дзяржавы.
-
Забойства палітычных апанентаў, масавыя рэпрэсіі, небяспека наўмыснага забойства рукамі Закона.
-
Непразрыстасць працэдур, пакуты сваякоў.
-
Неэфектыўнасць у папярэджанні планаваных злачынстваў.
-
Смяротнае пакаранне ніяк не ўплывае на шэраг прычын, па якіх здзяйсняюцца злачынствы.
-
Пакаранне смерцю не служыць правасуддзю.
-
Пакаранне смерцю спараджае жорсткасць у грамадстве.
-
Карупцыя і недасканалая сістэма правасуддзя, небяспека несправядлівага, неаб'ектыўнага суда.
У краінах свету, мабыць, найважнейшы довад супраць такога пакарання — немагчымасць выправіць судовую памылку, калі смяротны прысуд быў вынесены невінаватаму чалавеку. Так было ў СССР падчас Вялікага Тэрору. Верагодна, такое самае забойства нявінных мы бачылі і нядаўна, у 2011 годзе. Тады пасля звышхуткага судовага працэсу смяротныя прысуды вынеслі Дзмітрыю Канавалаву і Ўладзіславу Кавалёву нібыта за тэракт у менскім метро.
Пры тым рэжыме, які цяпер верхаводзіць у Беларусі, дзяржава можа вынесці смяротнае пакаранне невінаватаму чалавеку свядома і мэтанакіравана. Суддзі ў нашай краіне прызначаюцца Лукашэнкам і не маюць незалежнасці, што стварае перадумовы для злоўжыванняў.
Сёння лукашэнкаўскія суды штампуюць несправядлівыя прысуды для беларусаў, якія хочуць волі і дэмакратыі. Пакуль што гэта “толькі” турэмныя тэрміны. Зрэшты, палітвязняў утрымліваюць ва ўмовах, якія прыроўненыя да катаванняў. У выніку, як найменей шэсць асуджаных па палітычных прычынах памерлі ў няволі за апошнія гады. Гэта Вітольд Ашурак, Міхаіл Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік і Аляксандр Кулініч.
Яшчэ мінімум сем палітвязняў знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада. Гэта: Віктар Бабарыка, Мікола Статкевіч, Максім Знак, Марыя Калеснікава, Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Уладзімір Кніга. Яны не маюць сувязяў са знешнім светам, а іх родныя не ведаюць, дзе яны і ў якім стане знаходзяцца.
Апошнім часам у Беларусі ўносяць папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія павялічваюць колькасць злачынстваў, за якія можа быць ужыта смяротнае пакаранне. З 2022 года дзяржава можа караць смерцю не толькі за само злачынства, але і нават за замах на яго ўчыненне. А з 25 сакавіка 2023 года прадугледжанае смяротнае пакаранне для чыноўнікаў і вайскоўцаў за дзяржаўную здраду. Рэжым развязвае рукі карнікам на выпадак чарговай пагрозы свайму існаванню і не спыніцца ні перад чым, у тым ліку перад забойствам людзей як на волі, так і ў турмах.
У 2015 годзе выйшла кніга “Смяротнае пакаранне ў Беларусі”. У ёй расказваецца пра рэпрэсіі супраць апанентаў улады. Паводле ўкладальнікаў выдання, беларускае грамадства паступова забылася пра Курапаты, пра страшны перыяд нашай гісторыі, калі людзей рашэннем суда каралі смерцю за іншыя погляды. Мы мусім памятаць: у краіне, дзе існуе смяротнае пакаранне, гэты механізм у любы час могуць скарыстаць супраць апанентаў кіруючага рэжыму.