Вось ужо больш за паўтара месяца беларускія праваабаронцы спрабуюць звязацца з Сяргеем Ерамеевым і даведацца пра ягоны лёс. 12 студзеня 2024 года ў СІЗА Омска прыехаў мясцовы адвакат, якому заявілі, што Ерамеева перавялі ў Іркуцк. 29 студзеня ў СІЗА Іркуцка іншаму ўжо адвакату заявілі, што Ерамеева этапавалі ў Маскву. Днямі ў Маскве ў адпаведным СІЗА ўжо трэці наш адвакат атрымаў адказ, што “Еремеева тут нет и не было”.
Беларус Сяргей Ерамееў быў затрыманы супрацоўнікамі ФСБ у Омскай вобласці Расеі, аб чым паведамлялася 7 снежня 2023 года . Абвінавачаны ў здзяйсненні двух выбухаў на Байкала-Амурскай магістралі (БАМ) 29 і 30 лістапада 2023 года. ФСБ сцвярджае, быццам ён прызнаўся ў тым, што пад кантролем украінскіх спецслужбаў адвез восем выбуховых прыладаў у Бурацію і замацаваў на грузавых цыстэрнах. Паводле канала “БАЗА”, звязанага з беларускімі сілавікамі, адзін з выбухаў адбыўся падчас праходу цягніка праз тунэль і пашкодзіў две цыстэрны, яшчэ адна выгарэла. Другі выбух пашкодзиў яшчэ адзін састаў, у якім 4 цыстэрны выгарэлі, а дзве былі пашкоджаны агнём. Тэракт, за які аварыю палічылі следчыя, часова заблакаваў рух на БАМе.
Ерамеева апошні раз бачылі два месяцы таму на судзе, калі вырашалася пытанне аб прымяненні меры утрымання ў выглядзе заключэння пад варту. З таго часу ад яго няма ні слова. Мы не ведаем, дзе ён знаходзіцца, у якім ён стане і ці ўвогуле жывы. Ведаючы таксама пра дзясяткі арыштаў, якія учыніў КДБ у родным горадзе Ерамеева - Наваполацку - па ўказцы ФСБ, а таксама пра напружванне, якое выбухі спарадзілі між сілавікамі Беларусі і Расеі, мы не можам выключаць найгоршае.
Мы лічым, што расейскія ўлады могуць мэтанакіравана хаваць Сяргея Ерамеева (калі ён яшчэ жывы), каб схаваць доказы магчымых катаванняў (з улікам абвінавачанняў у арганізацыі выбухаў пад кіраўніцтвам украінскіх спецслужбаў).
Мы лічым, што існуе рэальная пагроза здароўю і жыццю Сяргея Ерамеева, улічваючы цяжкасць абвінавачання і агульнае стаўленне да тых, хто звязаны з Украінай.
Мы патрабуем дапусціць да Сяргея Ерамеева незалежнага адваката, каб пераканацца, што беларус з Наваполацка жывы і здаровы, і патрабуем забяспечыць яму права на абарону і празрыстасць крымінальнага працэсу.
Кампанія BY_help.
Фонд BYSOL.
Фонд “Краіна для Жыцця”.
Ініцыятыва Dissidentby.