«Няхай гэта ніколі не паўторыцца»

Тэатральная пастаноўка па матывах кнігі Вольгі Вялічка «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме» ладзіцца ў межах міжкантынентальнай эстафеты ў падтрымку Беларусі «Галасы праз межы» / Voices Across Borders. 

Аўтарка з 2021 года працуе псіхолагам з рэпрэсаванымі беларусамі, у тым ліку з экс–палітзняволенымі, іх роднымі і дзецьмі. Вольга Вялічка апісала ў сваёй кнізе пачутыя падчас практыкі ўспаміны і сведчанні дзяцей пра рэпрэсіі, з якімі сутыкнуліся іх сем’і, а таксама сны, мары і казкі, якія яны напісалі, каб перажыць траўму. Драматычны досвед дзяцей аўтарка параўноўвае з гісторыямі жанчын і дзяцей, рэпрэсаваных у сталінскія часы. 

«Няхай гэта ніколі не паўторыцца!» –– раздаецца дзіцячы голас з 1937 года. 

«У нас у Беларусі бяда — усе добрыя людзі ў турме, а астатнія вельмі баяцца, і галоўнымі сталі там чорныя злыдні» –– адгукаецца дзіцячы голас у 2024 годзе.



– Я была вельмі ўражаная кнігай Вольгі Вялічкі, яна мяне ўзрушыла. Вельмі шмат эмоцый узнікла падчас яе прачытання. Дужа закранулі апісаныя ў творы чалавечыя гісторыі –– немагчыма застацца раўнадушным, калі гэта ўсё чытаеш і ўяўляеш. Як махавік рэпрэсій у Беларусі закрануў большую частку грамадства, як улады дзейнічаюць супраць законаў чалавечнасці і маралі, –– гаворыць рэжысёрка спектакля Аліна (імя суразмоўцы змененае ў мэтах бяспекі –– рэд.).

–– Мяне вельмі зачапіла тэма рэпрэсій бацькоў вачыма дзяцей. І як гэтыя падзеі закранулі іх асабіста. Кніга выткана з успамінаў, казак і мар дзяцей –– гэта аб тым, якім мусяць быць іх свет і рэчаіснасць. У іх творах настолькі перамешанае дзіцячае бачанне свету з беларускімі рэаліямі, што пачынае ціснуць у грудзях! У сюжэце адной казкі, напрыклад, могуць быць і АМАП, і баба Яга, і іх страхі… Ёсць і вельмі жорсткія гісторыі, як і вельмі дзіцячыя, наіўныя. Ёсць і такое, што дзеці пачулі штосьці ад бацькоў і пасля агучылі –– праз сваё ўспрыняццё тых драматычных падзей. 



Я зразумела, што па матывах кнігі трэба абавязкова ставіць спектакль. «Але як гэта перакласці на сцэнічную мову?» –– думала я тады. І вырашыла пачаць спектакль з другой часткі кнігі –– у ёй апісваюцца гісторыі жанчын і дзяцей, што зазналі рэпрэсіі ў 1937 годзе. Пастаноўка пачынаецца з гісторый некалькіх жанчын, у якіх расстралялі мужоў у крывавую ноч 29 кастрычніка… Далей апісваецца, як змяніўся іх лёс пасля трагедыі, як іх вывозілі ў лагер, праз што ім і іх дзецям давялося там прайсці. 

У другой, сучаснай, так бы мовіць, частцы спектакля дзеці распавядаюць свае гісторыі, што ім давялося перажыць у сувязі з рэпрэсіямі супраць іх бацькоў у сённяшняй Беларусі. Іх аповеды перацякаюць у казку пра бабу Ягу. Апошняя ёсць вобразам тых, хто затрымліваў іх бацькоў. 

Пасля мы распавядаем, пра што мараць нашыя дзеці. Адна з дзяўчынак, напрыклад, кажа: «Я вельмі хачу, каб маёй маме далі «хатнюю хімію, тады яна заўсёды будзе дома». Дзеці кажуць і аб тым, што мараць вярнуцца ў Беларусь.

Ну, і напрыканцы мы ўсе задаемся пытаннем: «А што рабіць?» Мы заканчваем спектакль каверам на песню Лявона Вольскага «Палон». Там ёсць такія радкі: «Што застанецца, калі скончыцца ўсё? Толькі любоў…»



–– У спектаклі возьмуць удзел і прафесійныя акторы –– беларускія і адзін літоўскі, і вучні тэатральнай школы Razam, –– дадае Аліна. –– Я з’яўляюся кіраўнічкай дзвюх старэйшых груп школы, гэта дзеці ад дванаццаці да дзевятнаццаці гадоў. Гэта класная, таленавітая, крэатыўная моладзь, многія з іх навучаюцца акторскаму майстэрсту ўжо не першы год і таму многія з іх ужо сапраўдныя прафесіяналы. Некаторыя з іх самі былі сведкамі рэпрэсій супраць бацькоў у Беларусі. 

Дзеці-акторы вельмі мудрыя, разумныя, самастойныя і свабодныя –– працаваць з імі адно задавальненне, гэта нават не вучні мае ўжо, а калегі. Я вельмі цешуся маючай адбыцца прэм’еры, вельмі чакаем вас усіх 28 кастрычніка. Уваход вольны.

Спектакль распачнецца 28.10.2024 у 18.30 па адрасе: 
Vilniaus g. 16 Razam.


Пасля прэм’еры вы зможаце набыць кнігу і пагутарыць з аўтаркай. Сродкі ад пакупкі пойдуць на дапамогу палітвязням і iх сем'ям.
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду