«Нібыта апынуліся ў сярэднявеччы»

Былыя палітвязні – пра мужчынскія калоніі, стратэгію выжывання за кратамі і моц салідарнасці.


«Турэмны медык сказаў мне: «Тваіх уколаў няма, будзеш лячыцца дома»


– Самае цяжкае ў зняволенні – гэта фізічныя катаванні і абмежаванні літаральна ва ўсім, – гаворыць былы палітзняволены Анатоль Хіневіч. 31-гадовы Анатоль – праграміст і бард з Барысава. У 2020 годзе хлопец быў асуджаны за нібыта супраціў амапаўцам да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі. Былога палітвязня абвінавацілі ў тым, што ён на акцыі пратэсту «наносіў удары супрацоўнікам АМАПа лежачы».



Тэрмін Анатоль Хіневіч адбываў у ПК-3 «Віцьба». Адседзеўшы яго цалкам, хлопец неўзабаве пасля вызвалення пакінуў Беларусь. Цяпер былы палітвязень разам з маці Аксанай (якую ў студзені 2024 года затрымліваў КДБ у рамках масавай аблавы на сваякоў палітвязняў) жывуць у Літве.

– Калі ты сядзіш у ШІЗА, то ўвесь час калоцішся з-за холаду, спаць немагчыма. Першыя трое сутак я ўвогуле не спаў, а на чацвёртыя я б не сказаў, што гэта быў сон, хутчэй за ўсё я проста прытомнасць згубіў на некалькі гадзін. Вось гэтыя катаванні і былі самыя цяжкія, –дзеліцца ўспамінамі Анатоль. – Таксама першы час, калі я працаваў на разборцы метала, мне не хапала фізічнай моцы. Працаваў з цяжкасцю: стан здароўя не дазваляў. Даходзіла да таго, што на руцэ ў мяне нават нямелі пальцы, я іх не адчуваў. 

– Катастрафічная сітуацыя была з медыцынай, – дзеліцца ўспамінамі пра зняволенне былы палітвязень Аляксей Галоўкін. 38-гадовы Аляксей – айцішнік з Гродна, з дзяцінства мае інваліднасць, хварэе на гемафілію. 

У 2021 годзе хлопца асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі за пратэставыя каментары ў сеціве. Аляксею Галоўкіну інкрымінавалі чатыры артыкулы Крымінальнага кодэксу: «Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў», «Абраза прадстаўніка ўлады», «Гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак» і «Прымус». Сярод пацярпелых нібыта ад каментароў Аляксея – былыя міністры МУС Шуневіч і Караеў. 



Экс-палітвязень адбываў тэрмін у ПК-2 у Бабруйску, у атрадзе для інвалідаў. Падчас знаходжання за кратамі супраць хлопца ўзбудзілі новую крымінальную справу – па тых жа самых эпізодах. Пасля вызвалення ў жніўні 2023 Аляксей Галоўкін пакінуў у Беларусь і цяпер жыве ў Швейцарыі, дзе атрымаў статус палітычнага ўцекача.

– У калоніі з медычнай дапамогай было горай, чым у СІЗА. Калі ў СІЗА доктар прыходзіў да мяне даволі хутка і адразу ж рабіў укол, то ў калоніі я прыходзіў у санчастку, казаў, што мне кепска, але мне не дапамагалі. Я ніяк не мог даказаць, што ў мяне пачаўся ўнутраны крывацёк, напачатку ж гэтага працэсу не бачна, я яго толькі адчуваю: за столькі гадоў ужо навучыўся беспамылкова распазнаваць яго.

І толькі праз нейкі час, калі нага апухала і рабілася зялёнай, мне рабілі ўкол, VIII антыгемафільны фактар. Хоць у мяне і былі з сабой усе медычныя даведкі пра стан здароўя, усе інструкцыі, як і калі мне трэба ўводзіць прэпараты, — турэмныя медыкі гэта ігнаравалі. 


За пару месяцаў да вызвалення доктар у калоніі ўвогуле сказаў мне, што мае лекі скончыліся, і, маўляў, будзеш лячыцца ўжо дома, пацярпіш. То бок апошнія два месяцы я ўвогуле без уколаў сядзеў, – апавядае Аляксей Галоўкін.


Вытрымаць пачварныя катаванні


Генадзь Смірноў – 49-гадовы бацька-адзіночка і земляроб з Ляхавічаў. У 2021 годзе быў асуджаны да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Палітвязня абвінавацілі ў супраціве міліцыянту і абразе Лукашэнкі. За расклейванне ўлётак асудзілі і сына мужчыны – Вячаслава. Хлопец адбыў два з паловай гады на так званай хіміі ў Мінску. Вячаслава асудзілі па артыкуле «абраза прэзідэнта».

Генадзь Смірноў адбываў свой тэрмін у ПК-17 у Шклове. Выйшаў на волю ў снежні 2023 года і неўзабаве разам з сынам пакінуў Беларусь. Цяпер Смірновы жывуць у Польшчы.



У ПК-17 Генадзь больш за 200 сутак правёў у ШІЗА і ПКТ: 

– Калі ў камерах ШІЗА і ПКТ адбываліся ранішнія і вечаровыя праверкі, я адмаўляўся вітацца з кіраўніцтвам калоніі і чытаць даклад. Прадстаўляўся і казаў турэмнікам, што я незаконна асуджаны. Начальнік калоніі Карняенка і яго намеснік білі мяне за гэта па нагах, я пры гэтым стаяў на расцяжцы. Пасля кіраўніцтва сказала супрацоўнікам: «Да гэтага асуджанага прымяніць усе магчымыя спецсродкі і фізічную сілу».

У ШІЗА было страшэнна халодна. Самі батарэі былі гарачыя: калі я аб іх грэўся, атрымаў апёкі рук і ног. Але камеру яны не абагравалі: турэмнікі адмыслова стваралі скразняк – акно было адчыненае на вуліцу, акно на дзвярах таксама. А на вуліцы ў гэты момант было прыкладна мінус 15 градусаў марозу. 

Неяк з ПКТ мяне вывелі на «голы шмон», — успамінае Генадзь. — Назад у камеру вялі вельмі хутка і ўніз галавой, крычалі. Асабліва шчыравалі начальнік рэжымкі Карчэўскі і яго намеснік Галанаў.

Раптам заўважаю, што мяне вядуць наўпрост галавой у металічныя дзверы, што былі адчыненыя наросхрыст. Я прытарможваю, але галаву ззаду ўсё роўна разбіваю да крыві. Калі б я не зрэагаваў, удар быў бы нашмат мацнейшы, не выключаю, што чэрап раскалоўся б надвае… Думаю, тое ж самае турэмнікі маглі зрабіць і, хутчэй за ўсё, зрабілі з Вітольдам Ашуркам
(Вітольд Ашурак – актывіст з Бярозаўкі, трагічна загінуў у шклоўскай калоніі ў маі 2021 года – рэд.). І што ў яго забойстве не апошнюю ролю адыграў Карчэўскі.

– Больш за ўсё выбівала глебу з-пад ног тое, што ты ніколі не мог прадказаць, што можа адбыцца, ты не мог прадбачыць, што сёння стукне ў галаву турэмніку і што ён прыдумае, якое парушэнне, – дадае Анатоль Хіневіч. – Ты не можаш нічога кантраляваць, планаваць, ты не ведаеш, ці застанешся ты сёння ў атрадзе ці цябе змесцяць у штрафны ізалятар ці яшчэ куды. Альбо пазбавяць спаткання. Складана было штосьці планаваць: я таму і загадзя лісты пісаў, калі мне трэба было павіншаваць кагосьці з родных з днём народзінаў ці іншым святам. Ведаў, што любы дзень можа стаць апошнім і проста магу не паспець напісаць гэты ліст з віншаваннем. Выбівала глебу з-пад ног, што ў цябе няма ніякіх арыенціраў, што ты нават сваім жыццём не распараджаешся. 

Аляксей Галоўкін кажа, што ў калоніі самым цяжкім перыядам было знаходжанне ў каранціне:

– Увесь час на нагах, трэба стаяць па струнцы, харчаванне нашмат горшае і яго меней, чым для асуджаных у атрадах. Усё гэта робіцца наўмысна, каб ад самага пачатку адбіць у чалавека жаданне качаць правы і хоць неяк супраціўляцца, каб ён разгубіўся, збянтэжыўся і згубіў сябе. З-пад тваіх ног прафесійна выбіваюць глебу. 

Прылегчы ў каранціне нельга было. Ды і ў атрадзе ў калоніі таксама. Каб атрымаць пастаянны пасцельны рэжым, ты мусіш быць паралізаваным альбо мець апошнюю стадыю рака. З маёй хваробай мне ніякіх паблажак не давалі. 

Пасля каранціну Аляксея Галоўкіна перавялі ў атрад для інвалідаў. 

– Ён асабліва нічым не адрозніваецца ад іншых атрадаў. Розніца, бадай, у тым, што ўсе падставы турэмнікі робяць там не сваімі рукамі, а рукамі іншых зняволеных, так званага актыву, — кажа былы палітвязень. 

– Атрад амаль на 99 адсоткаў складаўся з інвалідаў, – працягвае суразмоўца. – Але былі і рэдкія выключэнні. Неяк у наш атрад закінулі цалкам здаровага хлопца, палітвязня, спартоўца. Наўмысна закінулі, каб псіхалагічна ціснуць на яго. У нашым атрадзе ж не толькі інваліды з фізічнымі калецтвамі былі: больш за палову складалі людзі з псіхічнымі адхіленнямі, у тым ліку бамжы. Вы можаце сабе ўявіць, якая там была атмасфера. Гэта тое ж самае, калі псіхічна здаровы чалавек знаходзіцца ў псіхбальніцы. Наш атрад лічыўся адстойнікам і на турэмным жаргоне называўся «вікінгам». З-за цяжкай псіхалагічнай атмасферы я прасіўся ў звычайны атрад, але мне адмовілі. 

Генадзь Смірноў умовы ў зняволенні называе «сярэднявеччам». Да суда Генадзя ўтрымлівалі ў СІЗА Баранавічаў, дзе мужчына неаднойчы трапляў у карцар, трымаў сухую галадоўку. 

– Адна з камер у старым корпусе нагадвала калодзеж: цёмная, метр восемдзесят на тры, у вышыню метраў пяць, вузкія дзверы, нары з розных па даўжыні дошак, якія напалову закрывалі прыбіральню. Там жа – выгнутая труба з вадой, нібыта кран. Але прамога доступу да вады не было: яе ўключаў супрацоўнік. Высока ўверсе круглае акно, батарэя – у сцяне, цяпла ўвогуле не адчувалася. Дзве бетонныя тумбы – штосьці кшталту стала і крэсла. Падлога таксама з бетону. Сапраўднае сярэднявечча, – дзеліцца ўспамінамі экс-палітвязень. 


Пра стратэгію выжывання за кратамі


Анатоль Хіневіч кажа, што ў розныя перыяды ў зняволенні дапамагалі трымацца розныя рэчы:

– Калі быў у СІЗА, то на самім пачатку яшчэ грэла думка, што гэта ненадоўга, што справядлівасць пераможа, што хутка мы выйдзем і пакажам ім, чыя праўда. Пазней думкі былі ўжо не такія аптымістычныя. Але вельмі дапамагала трымацца тое, што атрымліваў нейкія вестачкі з волі, словы падтрымкі, пісаў нешта ў адказ. Калі перапіску амаль зусім забаранілі, і апроч як пустых, абстрактных слоў больш нічога нельга было напісаць маці ў лісце, шукаў іншыя формы падтрымкі. Не па-за калючым дротам, а тут унутры, менавіта ў самім атрадзе шукаў людзей, аднадумцаў, з кім можна было б адчуць хаця б хвілінку свабоды, забыцца на гэтую паранойю, з кім можна паразмаўляць, нешта абмеркаваць, пабудаваць нейкія планы, пабавіць час. 

Аляксей Галоўкін дадае, што без падтрымкі вытрываць пекла зняволення вельмі цяжка. Экс-палітвязень перакананы, што менавіта дзякуючы салідарнасці палітычныя зняволеныя не губляюць сілы духу і выжываюць у палоне насуперак усяму.

– Нельга губляць ні веру, ні надзею, нават калі ўсё падаецца вельмі змрочным, – падсумоўвае Аляксей. – І ні пра што не трэба шкадаваць: мы ведалі, на што ішлі ў дваццатым, і калі цана за прагу быць вольным і бачыць сваю краіну незалежнай і еўрапейскай – краты, значыцца, яно таго вартае.

– Я пішу кнігу пра перажытае, – дзеліцца Генадзь Смірноў. – У ёй будуць развагі і пра дваццаты год, і пра наш выбар, і пра лёс Беларусі. Я ганаруся тым, што ўдзельнічаў у народным паўстанні, і калі ўсё вярнуць назад – я, бясспрэчна, зрабіў бы ўсё тое ж самае. Ні пра што не шкадую. Дужа ўдзячны ўсім за салідарнасць і перакананы, што мы ўсе абавязкова яшчэ вернемся ў Беларусь.
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду