Сяргей Бесараб: «Патрэбна даносіць да сусветнай грамадскасці інфармацыю пра пачварныя злачынствы»

Навуковец Сяргей Бесараб расказвае пра апеку над палітвязням Арцёмам Баярскім у межах інфармацыйнай кампаніі нашага Фонду і ініцыятывы «Dissidentby» «Пакуль усе не будуць вольныя».

«Калі мяне па палітычным прычынам звальнялі з працы ў 2020 годзе, было вельмі прыкра, што ніхто з калег з якімі я працаваў і, фактычна, лічыў сваёй другой сям’ёй, не сказаў ні слова ў маю абарону. Людзі хавалі погляд, стараліся не сустракацца на дарозе, у лепшым выпадку шапталі: «чаго ты вырашыў сапсаваць сабе кар’еру дзеля незразумелага журава ў небе?». Затое словы падтрымкі сказалі людзі, іншыя беларускія навукоўцы, якіх я ніколі не ведаў, сталі плячом да пляча. Сказаць што мяне гэта ўразіла – гэта нічога не сказаць.

Я вельмі відавочна адчуў, што ўвесь гэты час, да 2020 года, я інвеставаў сваю ўвагу не ў тое. Не ў сапраўднае, а нешта незразумелае, пустое, навязанае мне кімсьці. Я зрабіў высновы з гэтай сітуацыі. Першая і галоўная з іх гэта тое, што калі ты хочаш навуковай салідарнасці, пачні сам быць яе прыкладам. Мая падтрымка Арцёма Баярскага, алімпіядніка, хіміка-фармацэўта, майго земляка па Гарадзенскай зямлі, гэта менавіта той самы першы, асабісты крок. Мой невялікі ўклад у тую будучыню, у тую навуковую супольнасць, якую б я хацеў бачыць у Новай Беларусі.

Зараз шмат хто кажа пра тое, што грамадства стамілася ад палітычных навін. Тыя хто знаходзіцца ў выгнанні спрабуюць будаваць новае жыццё, неяк упісвацца ў грамадства краін, якія іх прынялі. Усё меней і меней людзей цікавяць навіны з Беларусі. Я разумею гэта. І як і для многіх, гэтак жа і для мяне адзінае, што зараз звязвае з той жнівеньская Беларуссю 2020 – гэта нашы палітзняволеныя. Яны зараз на варце нашай памяці, з’яўляюцца квінтэсенцыяй, акумулятарам той амаль магічнай энергіі, выбух якой вывеў тысячы людзей на вуліцы ў 2020 годзе.

Дадаткова, як навукоўцу, мне б хацелася прывесці яшчэ і навуковае абгрунтаванне. Пераход нашай цывілізацыі да лічбавага стану відавочны многім. У лічбавым свеце прывычныя з’явы прадстаўлены не так, як у свеце рэальным. Гэта датычыцца і калектыўнай памяці. Лічбавы свет змяняе людзей. У сваіх публікацыях я часта спасылаюся на японскія даследаванні, якія вывучаюць генезіс калектыўнай памяці, то бок тое, як у грамадстве размяркоўваюцца і жывуць нейкія навіны. І высновы там не вельмі абнадзейваючыя – нават самыя негатыўныя навіны, памяць пра іх, захоўваецца недоўга. Жыццё навіны ў свядомасці людзей звязана з тым як часта яны бачаць навіны. Наколькі існуе калектыўная ўвага да тога ці іншага здарэння. Максімальны ўзровень увагі існуе толькі дзень. Потым цягам тыдня ўвага зніжаецца амаль да нуля, пра навіну ці чалавека памятае толькі той, хто мае да яго доўгатэрміновую зацікаўленасць. Прыкладна праз месяц памяць пра здарэнне ці чалавека поўнасцю раствараецца ў калектыўнай памяці, выціснутая іншымі навінамі. Так грамадства рэагуе на каласальны інфармацыйны паток.

То бок утрымліваць узровень увагі проста так немагчыма, трэба ўвесь час узнаўляць, паднімаць наверх навіну пра чалавека ці здарэнне, калі не хочацца каб яна знікла ў інфармацыйнымі віры. Я, канечне, не магу ахапіць усе тысячы і дзясяткі палітзняволеных Беларусі, але амаль інтуітыўна, як просіць сэрца я пішу пра тых, хто зараз знаходзіцца ў пекле беларускіх турмаў. Пра маіх сяброў і людзей, якіх я добра ведаў і паважаў. Не толькі пра Арцёма. Пра Міколу Дзядка, які быў маім чытачом і падпісчыкам. Пра Сцёпу Латыпава, з якім нас нечакана звязаў лёс. Пра разумную і далікатную Аксану Зарэцкую, якая вучыла мяне гісторыі этыкету. Пра фізіка-оптыка Ягора Лебядка ці фізіка-электроншчыка Юру Адамава, з якімі я часта – як аналітык з аналітыкамі – абмяркоўваў нейкія падзеі ці прагнозы. Беларусь для мяне – гэта зараз усе гэтыя людзі.

На жаль у сучасных умовах, калі ты сам знаходзішся ў выгнанні, а ўсе твае сацыяльныя сеткі забаронены злачыннай уладай, цяжка зрабіць шмат з таго, што хацелася б зрабіць. Апека ў такіх, амаль ваенных умовах, а ў Беларусі зараз ідзе менавіта вайна, вайна супраць беларусаў, магчымая толькі ў межах інфармацыйнай прасторы. Ды і тое, са шматлікімі абмежаваннямі, бо ўвесь час трэба трымаць у галаве тое, галоўнае – не нашкодзіць чалавеку, які знаходзіцца за кратамі. Прыходзіцца прымаць, на жаль, тыя правілы гульні, якія ўсім нам навязвае бесчалавечная і нелегітымная ўлада. Зараз магчыма толькі адсочваць невялічкія, па кроплям, аскепкі інфармацыі з-за кратаў і даносіць іх да грамадства.

Я зразумеў, што беларусам патрэбна даносіць да сусветнай грамадскасці інфармацыю пра тыя пачварныя злачынствы супраць чалавечнасці, якія адбываюцца на нашых вачах. Крычаць аб гэтым на ўвесь свет. Таму кожны свой допіс я абавязкова перакладаю на ангельскую мову. Палітзняволеныя не маюць нацыянальнасці, гэтак жа як і злачынцы, забойцы і каты. І я планую працягваць сваю дзейнасць да таго часу, пакуль усе не будуць вольныя. І рабіць гэта як мага шырэй».

Арцём Баярскі – студэнт хімфака БДУ. Яго арыштавалі двойчы – ў лістападзе 2020-га і сакавіку 2021-га. Другі раз яго на волю ўжо не выпусцілі. 9 снежня 2021-га яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулах КК і асудзіі да пяці гадоў зняволення ўзмоцненага рэжыму. 

Сяргей Бесараб – беларускі навуковец у галіне калоіднай хіміі, папулярызатар навукі. Стваральнік Telegram-канала, прысвечанага радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай бяспецы, грамадзянскай абароне.
 
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям