«Служба хуткай гуманітарнай дапамогі» – аператыўная падтрымка палітычных зняволеных

Чатыры вядучыя арганізацыі па дапамозе палітычным рэпрэсаваным абвяшчаюць аб стварэнні «Службы хуткай гуманітарнай дапамогі». Яна мусіць палепшыць якасць і аператыўнасць аказання дапамогі рэпрэсаваным паводле палітычных матываў, а таксама дазволіць скаардынавана адказваць на новыя выклікі.

Разам мы зможам прапанаваць пацярпелым увесь магчымы спектр падтрымкі – ад аплаты штрафаў, паслугаў адвакатаў і падтрымкі сем’яў палітычных вязняў, да эвакуацыі, рэабілітацыі і інтэграцыі за мяжой. Каардынацыя сумесных дзеянняў у «Службе хуткай гуманітарнай дапамогі» дазволіць нам аператыўна рэагаваць на запыты рэпрэсаваных, хутка выводзіць іх з-пад удару і надаваць у неабходныя тэрміны эвакуацыйную і рэабілітацыйную дапамогу пацярпелым ад палітычных рэпрэсій.

У Службу ўваходзяць арганізацыі, якія маюць вялікі досвед сумеснай працы. У нас дзейнічаюць адзіныя стандарты верыфікацыі заяўнікаў і праверкі іх запытаў, а таксама супольна распрацаваныя крытэры надання дапамогі. Мы абменьваемся інфармацыяй у рэальным часе па кожным пацярпелым, які звяртаецца да ўдзельнікаў кааліцыі. Гэта дазваляе максімізаваць эфектыўнасць дапамогі.

Нашыя арганізацыі паўсталі ў розныя часы і ў розных умовах, але гэта не замінае нам мець агульную мэту – падтрымка пацярпелых ад рэпрэсій і салідарнасць з імі. Аб’яднанне ў «Службу хуткай гуманітарнай дапамогі» – беспрэцэдэнтная каардынацыя высілкаў, якой раней ніколі не было.

Выступаючы разам, мы прадстаўляем інтарэсы беларускай гуманітарнай супольнасці перад партнёрамі і знешнімі гульцамі. Дзякуючы шчыльнай каардынацыі мы аптымізуем падтрымку ва ўмовах абмежаванасці фінансаў. Мы даводзім, што ў стане дамаўляцца, каб дасягнуць агульнай мэты.

Нашая Служба адкрытая для супрацы з іншымі структурамі грамадзянскай супольнасці, што займаюцца дапамогай рэпрэсаваным. «Служба хуткай гуманітарнай дапамогі» пакідае за сабой права самастойна вызначаць сваіх партнёраў у будучыні.

Мы – гэта:
  • Грамадская кампанія BY_Help – штрафы, аплата паслугаў адвакатаў, выплаты катаваным, рэабілітацыя былых палітычных вязняў у Беларусі і за межамі краіны;
  • Фонд BYSOL – індывідуальныя зборы для рэпрэсаваных, эвакуацыя з Беларусі, праграмы перанавучання для палітычных рэпрэсаваных;
  • Ініцыятыва Dissidentby – маніторынг і рэгістрацыя парушэнняў правоў чалавека, падтрымка палітычных зняволеных унутры Беларусі;
  • Фонд «Краіна для Жыцця» – падтрымка семʼяў палітвязняў унутры Беларусі, юрыдычная і псіхалагічная дапамога ўсім рэпрэсаваным.
У сённяшніх няпростых варунках мы аб’ядноўваемся, каб разам дапамагаць беларусам.
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям