"Захаваць сябе, каб дапамагчы беларусам" - Вольга Зазулінская аб рабоце фонду "Краіна для Жыцця"

Кіраўніца фонду «Краіна для Жыцця» Вольга Зазулінская дала стратэгічнае інтэрвʼю ініцыятыве «Шляхетны Гусь».

- Якая падзея ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі была па-вашаму самай пазітыўнай у 2023 годзе?

- Паколькі я кіраўніца дабрачыннага Фонду, які ў першую чаргу дапамагае семʼям палітвязняў, то для мяне самая знакавая і самая яркая падзея гэта марафон Салідарнасці з палітвязнямі «Нам не ўсё роўна!»

- Якія два дасягненні вашыя асабістыя альбо сумесна з вашай камандай вы лічыце найбольш важнымі ў 2023 годзе?

- Маё асабістае дасягненне як кіраўніцы – гэта тое, што я здолела сабраць нанава каманду нашага Фонду. У 2024 годзе мы ўступілі ўжо ў добра пашыраным складзе. Мусіць, дасягненне нашай каманды ў тым, што мы па-ранейшаму працуем, па-ранейшаму дапамагаем семʼям палітвязняў. Мы гэта робім для тых людзей, якія засталіся ўнутры краіны. Вось гэта, на мой погляд, найважнейшае.

- Як даўно вы працуеце ў Фондзе і колькі чалавек у вашай камандзе?

- Я прыйшла працаваць у Фонд у канцы студзеня 2021 года, ужо будучы на эміграцыі, пасля таго як выехала з Беларусі. Я прыйшла працаваць проста мэнэджэрам праекту дапамогі палітвязням. А ў кастрычніку 2022 года стала кіраўніцай Фонду. У нас у камандзе дзве публічныя асобы. Гэта тыя людзі, якія не хаваюць, што яны маюць прыналежнасць да нашага Фонду ў гэты момант. Каманда складаецца з дзесяці чалавек і яшчэ каля 80 валанцёраў у іміграцыі, якія дапамагаюць дзейнасці нашай арганізацыі.

- На каго вы імкняцеся паўплываць як лідар дабрачыннага фонду «Краіна для Жыцця»?

- У нас ёсць дзве мэтавыя групы. Найперш, гэта група якой мы дапамагаем – непасрэдна блізкія палітвязняў. Нехта з іх пражывае ўнутры краіны, нехта выехаў па тых ці іншых прычынах. Другая мэтавая група – гэта нашы фундатары, беларусы ўсяго міру. Усё роўна дзе яны жывуць, на якіх кантынентах, у якіх краінах. Гэта менавіта тыя людзі, якія могуць сабе дазволіць дапамагаць беларусам унутры краіны. Мы ж цудоўна разумеем, што людзі ў Беларусі знаходзяцца ў інфармацыйнай блакадзе, у жудасным эканамічным стане, сутыкаюцца з такімі цяжкасцямі, з якімі сямʼя не можа справіцца. Наша задача – прыцягваць беларусаў, якія могуць дапамагаць і злучаць іх з тымі, хто мае патрэбу ў гэтай дапамозе.

- Колькі беларусаў зараз маюць патрэбу ў вашай дапамоге?

- Мы можам казаць пра больш за 1600 палітвязняў. Гэта тое, што вядома праваабаронцам на сёння. Тыя, хто выходзяць з калоніі, расказваюць, што недзе адна трэць зняволеных у калоніях і турмах знаходзяцца з жоўтымі біркамі. Гэта людзі, якія не ўнесены ні ў якія спісы як палітвязні. Але турэмшчыкі пазначаюць іх асаблівым спосабам. Так што мы можам смела казаць, што гэта хутчэй за ўсё каля 3000 людзей, якія знаходзяцца ў зняволенні паводле палітычна матываваных артыкулаў. Ёсць яшчэ каля 1400 чалавек, якія поўнасцю або часткова адбылі свае тэрміны і выйшлі на волю.

- Дыктатура ў Беларусі трымаецца на апорах. Асноўныя з іх – гэта кантроль над сілавікамі, кантроль над фінансамі краіны і падтрымка Крамля. Па якой апоры вы бʼеце ці рыхтуецеся біць і якім чынам?

- Мы стараемся зрабіць усё магчымае, каб грамадзянская супольнасць зразумела, што яна можа значна больш сама, без удзелу вось гэтай сённяшняй улады ў Беларусі. Гэта значыць, я не магу сказаць, што мы бʼем па нейкай з апор. Мы хутчэй робім усё магчымае, каб захаваць грамадзянскі сектар.

- Калі вы будуеце падмурак новага дэмакратычнага ўладкавання Беларусі, то якія апоры вы ствараеце і якім чынам?

- Па любым пытанні, якое б мы ўзялі на абмеркаванне цяпер, вельмі выразна працуюць гарызантальныя сувязі. Па-першае, гэта больш бяспечна, чым акумуляваць усё ў нейкім адным палітычным цэнтры і ўжо ў ім прымаць рашэнні. Па-другое, гэта дазваляе ўмацоўваць менавіта гэты грамадзянскі сектар унутры краіны. Гэта значыць, людзі павінны дакладна зразумець, якія ў іх ёсць правы, як яны могуць гэтым карыстацца ў сённяшняй сітуацыі. Мы хочам пазбавіць беларуса ад сіндрому маленькага чалавека. Кожны паасобку ўзяты Беларус – гэта вялізная сіла. Нават калі ён робіць адну маленькую справу. Але гэтая справа – шрубка ў агульным механізме і без гэтай шрубкі механізм не будзе працаваць.

- Якія дзве галоўныя задачы вашай дзейнасці стаяць асабіста перад вамі?

- Першая задача больш глабальная – працягваць працаваць з міжнароднымі партнёрамі і актарамі і прыцягваць інстытуцыйныя сродкі для падтрымкі людзей унутры краіны. Другая задача – не памерці ад усяго гэтага. Захаваць сваё ментальнае здароўе, якое дазволіць усё гэта рабіць, заставацца ў рэсурсе. То бок, калі ў людзей, якія акумулююць на сябе вось гэтыя ўсе сродкі, злучаюць гэтыя нітачкі, калі ў нас будзе рэсурс, то адпаведна большай колькасці людзей мы дапаможам.

- Калі вы як лідар дзейнічаеце вельмі эфектыўна, акалічнасці складаюцца аптымальна і ў вас ёсць усе неабходныя рэсурсы, якія дасягненні ў вас будуць праз 3 месяцы, праз 6 месяцаў і праз год у рэалізацыі. і першай галоўнай задачы?

- У нас ёсць некалькі праектаў. Гэта праект «Дапамога семʼям палітвязняў», праграма салідарнасці «Сябар сямʼі», якая зʼяўляецца працягам разавай дапамогі для семʼяў з дзеткамі. Гэта якраз пра гарызантальныя сувязі, калі людзі дапамагаюць на прамую. Ёсць «Праграма кампенсацыі медычных выдаткаў». Яна запушчаная са студзеня гэтага года. Ёсць «Праграма кансультатыўнай дапамогі беларусам», якія эмігравалі ў Літву па палітычных матывах. Гэта значыць, мы кансультуем людзей на прадмет легалізацыі. Ёсць праграма тэхнічнай падтрымкі «Лічбавая апора – бяспека разам», якая арыентавана на людзей унутры краіны. Дзве апошнія праграмы людзі робяць на валанцёрскіх пачатках. Гэта значыць, мая асноўная задача цяпер – атрымаць нейкае інстытуцыйнае фінансаванне на вось гэтыя дзве праграмы, якія ўжо працуюць.

Таксама мы напісалі яшчэ дзве праграмы, якія хочам рэалізаваць сумесна з нашымі партнёрамі – народнымі пасольствамі. Гэта праграма «Праз культуру да свабоды» – правядзенне мерапрыемстваў, дабрачынных аўкцыёнаў, канцэртаў. Там мы будзем, па-першае, несці сваю беларускую культуру. А па-другое, мы можам прыцягваць сродкі для падтрымкі людзей унутры краіны. І ёсць яшчэ адна канцэпцыя – мы спрабавалі па ёй працаваць у 2022 годзе, але потым пачалася вайна ва Украіне і гэтая праграма спынілася. Гэта праграма культурнага абмену для дзяцей актывістаў, удзельнікаў стачкі і палітвязняў. У яе межах мы адпраўляем дзяцей на адпачынак у розныя краіны. Гэта значыць, у нас быў вопыт, мы адпраўлялі дзяцей у Нарвегію ў міжнародную моўную школу. Таксама мы адпраўлялі беларускіх дзяцей у семʼі італьянскія, дзе яны знаходзіліся каля паўтара месяца. У Італіі працавалі добра Чарнобыльскія праграмы, потым яны змянілі спецыялізацыю на адпачынак для беларускіх дзяцей. Італьянцы вельмі любяць прымаць беларускіх дзяцей. Але зараз вельмі складана вывозіць дзяцей з Беларусі, практычна немагчыма. У 2023 годзе былі зачыненыя ўсе Чарнобыльскія праграмы ўказам аднаго чалавека, чыё прозвішча я не называю. Цяпер мы думаем, як нам працаваць.

У нас ёсць ад народных пасольстваў Італіі сігнал аб тым, што МЗС Італіі не супраць з намі размаўляць аб нейкіх праграмах у гэтым напрамку. Я лічу задача дэмакратычных сілаў, каб там, дзе сыходзяць рэжымныя партнёры, заняць хуценька гэтую нішу. Так, немагчыма рабіць нешта сёння ўнутры краіны – з розных прычын гэтыя праграмы не працуюць. Нашая задача зрабіць так, каб гэтыя праграмы сёння працавалі з дэмакратычнымі інстытутамі, а ў перспектыве разам з намі вярнуліся ў краіну. Я сапраўды магу сказаць, што праз 3 месяцы наўрад ці зможам атрымаць фінансаванне на праграмы, якія ўжо працуюць, таму стаўлю мэтай хаця б справіцца на працягу 6 месяцаў і знайсці сродкі на праграму адпачынку для дзяцей і праграму «Праз культуру да свабоды». Мы правялі марафон Салідарнасці з палітвязнямі «Нам не ўсё роўна!» і паказалі вельмі добры вынік. І вось народныя пасольствы прапанавалі правядзенне «Міжкантынентальнага марафону Салідарнасці». Мне пакуль цяжка сказаць, які гэта будзе фармат. Папярэдне мы гаворым аб тым, што гэты марафон будзе накіраваны на прыцягненне інстытуцыйнай, міжнароднай падтрымкі і пошуку новых лакальных фондаў, арганізацый, НКА, якія мы можам прыцягваць і задзейнічаць пад выкананне канкрэтных задач. Пры гэтым я магу прыадкрыць сакрэт, што ў рамках гэтага марафону мы плануем адысці ад выкарыстання рускай мовы. Мы будзем у момант правядзення марафону размаўляць на мове той краіны, адкуль будзе ісці эфір. Гэта вельмі доўгі марафон, я думаю, ён будзе працягвацца не 12 гадзін, а больш. Другая мова будзе беларуская.

- Калі вы праведзяце міжкантынентальны марафон?

- Гэта будзе рэалізавана ў гэтым годзе.

- А калі запусціце праграму адпачынку для дзяцей актывістаў, удзельнікаў стачкі і палітвязняў?

- Гэта таксама будзе рэалізавана ў 2024 годзе. Праграма пачне працаваць у любым выпадку. У мяне ёсць адметная ўласцівасць характару – я вельмі ўпартая і ніколі не кідаю справу на паўдарогі. Няхай у 2023 годзе мы не змаглі гэтага зрабіць з-за вайны ва Украіне. Увесь свет прымаў украінскіх дзяцей, і мы павінны з разуменнем паставіцца да гэтага. Ёсць сітуацыя, калі ў краіне вайна і людзі вымушаныя вывозіць дзяцей, зʼязджаць самі – крышку іншая сітуацыя, чым у Беларусі. Але ў 2024 годзе мы маем намер атрымаць фінансаванне на дзейныя праекты і рэалізаваць гэтыя дзве праграмы. Гэта значыць, у першай праграме не мы будзем рэалізоўваць, але мы будзем партнёрамі дакладна – гэта «Міжкантынентальны марафон». І праграма адпачынку для дзяцей, якую мы будзем рэалізоўваць з народнымі пасольствамі.

- Якія дасягненні будуць у рэалізацыі другой галоўнай задачы – захаваць унутраны рэсурс?

- Калі вы не ўбачыце ў пабліку навін, што кіраўніца фонду «Краіна для Жыцця» праходзіць лячэнне ў псіхіятрычнай клініцы – значыць усё эфектыўна.

- Якія яшчэ дасягненні вы рэалізуеце як лідар фонду «Краіна для Жыцця» на працягу 3 месяцаў, паўгода і года?

- Наогул, насамрэч, нават на тое што ёсць, сыходзіць велізарная колькасць рэсурсаў – чалавечых, фінансавых. Я б хутчэй хацела казаць аб тым, каб дапамогі не стала менш. Бо чым далей мы адыходзім ад кропкі 2020 года, тым складаней трымаць позву Беларусі ў фокусе. Я думаю, гэта адчуваюць людзі ўнутры краіны. Мы тут таксама гэта адчуваем. Бо ў нас больш магчымасці сустракацца на нейкіх і закрытых, і адкрытых мерапрыемствах. І з еўрапейцамі, і з міжнароднымі прадстаўнікамі. Таму, напэўна, мне хацелася б, каб мы здолелі захаваць тое, што ёсць.

- Хто з беларусаў і чым могуць дапамагчы асабіста вам у вашай дзейнасці?

- Калі гэта беларусы, якія сёння жывуць у Беларусі, то яны нам вельмі дапамогуць, калі захаваюць сябе. Калі мы гаворым пра беларусаў, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі і адчуваюць сябе ў адноснай бяспецы, то фонд «Краіна для Жыцця» заўсёды адкрыты для валанцёраў. Валанцёры прыходзяць да нас і часам робяць адну канкрэтную задачу. Гэта адна опцыя, адна задача. Калі на гэтую задачу прыходзіць валанцёр, ён нібыта і часу крыху траціць на гэта і адчувае сваю прыналежнасць да агульнага дэмакратычнага працэсу. Яшчэ спрацоўвае вось гэты фактар карыснасці – чалавек нешта зрабіў, ён карысны, пры яго ўдзеле нешта адбываецца. Таму ўсіх, хто ў адносна бяспецы, калі ласка. Вы можаце нам напісаць, мы заўсёды адкрытыя.

- Ці плануеце вы праводзіць галасаванне за найважнейшыя крокі? Калі і па якіх пытанні?

- Мне б вядома хацелася мець магчымасць чуць больш галасоў, але я разумею, што сёння ў Беларусі выходзіць у нейкія адкрытыя паблікі, нешта прасіць у беларусаў, гэта як мінімум небяспечна. Таму што лічбавыя сляды застаюцца, людзей потым могуць затрымаць, нават прэвентыўна, зрабіць аналіз яго гаджэтаў і накапаць там кучу інфармацыі. А мы – фонд «Краіна для Жыцця», экстрэмісцкае фармаванне. Важна разумець, што за любы кантакт з намі, за любую падтрымку нас як арганізацыі, людзям у Беларусі пагражае крымінальная адказнасць. Таму я не гатовая сёння сказаць, ці будзем мы рабіць нейкія апытанні. Давайце задачу апытанняў пакінем СМІ. Няхай яны гэтым займаюцца. А мы будзем ціхенька на закрытых званках збірацца з актывістамі ды іншымі беларусамі і слухаць іх. Слухаць і чуць – гэта самае важнае.

- У кантэксце барацьбы за дэмакратычныя перамены, на якое пытанне вы б зараз хацелі ведаць адказ?

- Я б хацела ведаць, калі здохне адзін чалавек. Гэта не вельмі, мусіць, дэмакратычна і гуманістычна, але гэта адзінае пытанне, якое мяне цікавіць – калі здохне ён сам і яго старэйшы брат. Я не называю гэтых людзей па імёнах і прозвішчах, не таму што баюся за сваю бяспеку, а таму што яны для мяне пустое месца. Але гэта пустое месца стварае столькі праблем усяму свету і Еўропе, што мне часам дзіўна назіраць, чаму мір і Еўропа да гэтага часу не рэагуюць на гэта больш канструктыўна.
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду