«Стварэнне і дапамога замест працы локцямі». Міхаіл Рубін аб фондзе і дэлегацтве ў Каардынацыйнай радзе

Міхаіл Рубін – неабыякавы беларус, бізнесмен, франкфурцкі муніцыпальны палітык ("партыя FDP"), чалец апякунскай рады фонду «Краіна для Жыцця» і былы дэлегат Каардынацыйнай рады ад нашага фонду. Пра «грымучую сумесь» у Каардынацыйным Савеце 2.0, свае мэты ў палітыцы і фондзе Міхаіл расказвае ў шчырым інтэрвʼю.


«Каб захаваць за сабой месца ў КР»

- Вы выйшлі з Каардынацыйнай рады за месяц да таго, як другое скліканне складзе свае паўнамоцтвы.
- Так, у гэты час я і мае аднадумцы не маглі нашкодзіць працы КР, таму што яна фактычна ўжо не вялася.

Мы зрабілі гэта, таму што бачылі ў Каардынацыйнай радзе ў вялікім абʼёме ўнутраныя разборкі, супрацьстаянне, тролінг і хацелі прыцягнуць увагу да праблем другога склікання. Людзі, якія хацелі і зараз хочуць захаваць за сабой крэсла, былі ў асноўным сканцэнтраваныя толькі на маючых адбыцца выбарах і вылучалі часам неймаверныя ідэі па арганізацыях новых выбараў.

Нашая ж група, якая складаецца з прадстаўнікоў розных фракцый (не толькі маёй «Фракцыі адказнага партнёрства»), прыняла рашэнне звярнуць увагу грамадскасці на людзей, якія трапілі ў КР шляхам дэлегавання – з-за адсутнасці прамых дэмакратычных выбараў. Мы апублікавалі петыцыю, у якой сфармулявалі нашыя асцярогі і запатрабавалі самароспуск КР. Петыцыя не была належным чынам успрынятая калегамі, і наша група прыняла рашэнне выйсці са складу КР.

Цяпер жа ўнутры КР дэлегаты актыўна абмяркоўваюць падаўжэнне сваіх паўнамоцтваў на фактычна нявызначаны тэрмін да наступных выбараў, бо за час працы не паспелі падрыхтаваць наступныя выбары.

- Вы ж таксама патрапілі ў КР праз дэлегаванне.
- Так, мяне дэлегаваў фонд «Краіна для Жыцця».

Калі ў мяне пыталіся, навошта я туды іду, навошта мне патрэбная Каардынацыйная рада, я неяк наіўна казаў, што гэта хутчэй я патрэбны Каардынацыйнай радзе. Я ішоў туды з лепшых памкненняў. У мяне ўжо быў пазітыўны досвед працы ў апякунскай радзе «Краіны для Жыцця», разам з Арцёмам Лядоўскім. Мы працавалі спачатку з кіраўніком Фонду Машай Мароз, а зараз з Вольгай Зазулінскай. Мы адчувалі, што прыносім карысць дзякуючы нашаму жыццёваму, палітычнаму (у тым ліку парламенцкаму), а таксама бізнесоваму досведу, што мы дапамагаем. З гэтым я і ішоў у КР.

Я і тыя, хто склаў петыцыю, сустрэлі ў КР зусім не тое, што чакалі. Гэта было нейкае перацягванне коўдры на сябе, унутраныя звады, але ніяк не пабудова прота-парламенцкай структуры ці адкрытай дыскусійнай платформы.

Але мы ні ў якім разе не хацелі нашкодзіць. У цяперашнім складзе КР дастаткова шмат дэлегатаў ад праваабарончых і іншых арганізацый, якія прыйшлі для агульных мэт. І такая структура патрэбная. Без яе мы не пабудуем паўнавартасна працуючае дэмакратычнае грамадства. Але яна патрэбная не ў такім складзе, які атрымаўся ў другім скліканні. Самая вялікая небяспека, якую мы бачылі, – што гэтыя ж людзі перойдуць у трэці склад.

КР як «грымучая сумесь»: ідзе праца локцямі

- Хто гэтыя людзі, і якія выгоды яны маюць ад сяброўства ў КР?
- Ведаеце, слова «выгоды», мусіць, не будзем выкарыстоўваць, але асцярожна паспрабую апісаць.

Дзевяць чалавек, якія выйшлі, – гэта людзі, якія не жывуць з нейкіх грантаў ці з даходу ад грамадскіх арганізацый, у нас ва ўсіх свае жыцці. Мы ў асноўным вельмі даўно знаходзімся за межамі Беларусі, ужо пусцілі карані, моцна стаім на нагах і рэалізаваліся ў нейкіх сферах – або ў бізнесе, або ў нечым іншым. Мы пайшлі ў КР з жаданнем дапамагчы Радзіме, дапамагчы КР.

Нашая фракцыя, адзіная, катэгарычна адмовілася ад падачы заяўкі на бюджэт для працы, бо «хто плаціць, той потым і музыку заказвае».

Чальцы Каардынацыйнай рады, якія засталіся, за маленькім выключэннем, уцягнутыя ў працу на 100%. Гэтыя людзі прыйшлі ў КР і прынеслі з сабой свае ініцыятывы, структуры, якія знаходзяцца на грантавым фінансаванні. Яны імкнуцца праз сваё сяброўства ў КР атрымаць дадатковае фінансаванне, значнасць сваім праектам. Гэта не так і дрэнна. Але ўжо занадта для гэтага ідзе праца локцямі. Свае структуры найвышэй усяго. А некаторыя сябры Каардынацыйнай рады прыйшлі для дасягнення нейкіх сваіх наступных прыступак сацыяльнага самасцвярджэння, для атрымання нейкіх палітычных балаў, а не для агульных мэт.

Мы ўпэўненыя: гэта праз адсутнасць выбараў. Дзверы былі адчынены – і прыйшлі тыя, у каго ў прыярытэце свае мэты. Гэта замінае прамым зносінам, дыскусіі. У рэальнай рабоце праяўляецца таксічны тон зносін, абразы. Праз гэта даводзілася некалькі разоў падумаць, перш чым заводзіць нейкую тэму, бо ў адказ ляцелі абразы. Ішоў абʼюз, была маніпуляцыя. Гэта не палітычная праца і не тварэнне.

У той жа час, у гэтым складзе КР, ёсць прафесійныя палітыкі, ёсць людзі з досведам у пратэсным руху, ды і проста адэкватныя і актыўныя беларусы. Вось такая атрымалася гэтая «грымучая сумесь».

«Вызваленнем палітвязняў павінны займацца прафесіяналы»

- Вы змагаліся за тое, каб выбары не арганізоўвала Каардынацыйная рада.
- Так, і ёсць частковая перамога.

Многія звярнулі ўвагу на гэтую нелагічную выбарчую сістэму, і яна ўжо часткова зменена. Створаны грамадскі камітэт, пагаджальная камісія як трэці орган. Ёсць прапанова ад спікера Андрэя Ягорава адысці ад прынцыпаў дэлегавання і спісу самавылучэнцаў, і рабіць рэальныя дэмакратычныя выбары.

Калі ў КС людзі прыйдуць пасля этапу выбараў, палітычнай барацьбы з рэальнымі палітычнымі праграмамі, КР стане больш прафесійнай.

- Гэтыя выбары будуць праходзіць сярод беларусаў за мяжой?
- На жаль так, мы зараз знаходзімся ў такой сітуацыі. Мы на свабодзе, у дэмакратычнай прасторы, і мы павінны ўзяць на сябе гэтую адказнасць па прыняцці рашэнняў за Беларусь. З гэтай думкай я выступаў перад дэпутатамі Еўрапейскага парламента ў Бруселі, калі ўдзельнічаў у канферэнцыі Каліноўскага.

Калі будуць рэальныя тэхнічныя магчымасці па бяспечным удзеле беларусаў унутры краіны, вядома, ніхто ад іх не адмовіцца. Добра было б мець структуру, легітымаваную беларусамі ўнутры краіны.

- Вы ўжо казалі, што прыйшлі ў КР ад фонду «Краіна для жыцця», але не для таго, каб прасоўваць інтарэсы арганізацыі. На чым вы канцэнтраваліся?
- У асноўным удзяляў увагу арганізацыі работы нашай «Фракцыі адказнага партнёрства». І праца нашай фракцыі якраз пра тое, што ўсе мы дашлі ў КР ад розных арганізацый, але павінны працаваць у партнёрстве.

- А ці можна ў агульным партнёрстве дабіцца вызвалення беларускіх палітвязняў? Гэта для фонду «Краіна для Жыцця» і для многіх беларусаў галоўнае пытанне.
- І гэта самае складанае пытанне, на якое няма адназначнага адказу. І ў мяне няма адказу, як вызваліць палітвязняў. Хутчэй ёсць адказ, як нельга іх вызваляць. Нельга адмяняць санкцыі, якія былі ўведзеныя з іншых нагодаў. Трэба наадварот, уводзіць новыя санкцыі за злачынствы перад чалавечнасцю, і думаць аб іх адмене толькі ўзамен на вызваленне людзей. Падкрэслю, што менавіта пытаннем вызвалення зняволеных павінны займацца спецыялісты. І вельмі спадзяюся, што ў бліжэйшы час будзе сфармаваная група спецыялістаў. З такой ініцыятывай ужо выступіла на канферэнцыі ў Варшаве Вольга Зазулінская, кіраўнік фонду «Краіна для Жыцця».

У фонд «Краіна для Жыцця» я прыйшоў з першай хвіліны яго заснавання разам з Арцёмам Лядоўскім, думаючы менавіта пра палітвязняў і каб дапамагчы пабудаваць гэтую структуру з эфектыўнымі тэхналагічнымі працэсамі, на аснове тых працэсаў, якімі бізнес карыстаецца ў паўсядзённым жыцці (асабліва вялікую ўвагу мы надавалі абароне асабістых дадзеных і афармленню заявак). Гэта станоўчы вопыт, таму што ўся праца фонду і фінансавыя аўдыты былі адкрыты для нас, чальцоў апякунскай рады. І фонд заўсёды канцэнтраваўся на сваёй галоўнай задачы – дапамагаць палітвязням і чальцам іх семʼяў. А вызваляць – гэта ўжо палітычная праца ўсіх нас.
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду