Спыніць рэпрэсіі і дамагчыся вызвалення ўсіх палітвязняў – у Варшаве праходзіць канферэнцыя па чалавечым вымярэнні АБСЕ

Форум прысвечаны правам чалавека і асноўным свабодам у рэгіёне АБСЕ, а таксама наступствам бягучых падзей і тэндэнцый для бяспекі рэгіёна. У абмеркаванні бяруць удзел дэлегаты краін-членаў арганізацыі, эксперты, актывісты і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці.

У сайд-івэнце пад назвай «Палітвязні ў Беларусі: сумесныя намаганні па іх вызваленні» выступілі дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская, а таксама прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і кіраўніца фонду «Краіна для Жыцця» Вольга Зазулінская.

Святлана Ціханоўская заклікала краіны-члены АБСЕ падтрымаць справу, якую Літва перадала ў Міжнародны Крымінальны суд у Гаазе. Гэта дазволіць прыцягнуць Лукашэнку і ягоных памагатых да адказнасці. Акрамя таго, яна звярнула ўвагу на працяг рэпрэсій, якія ажыццяўляе рэжым Лукашэнкі:

«З ліпеня вызвалілі 115 чалавек, але яшчэ 142 былі прызнаныя палітвязнямі. Галоўны сігнал, які мы хочам пачуць і павінны патрабаваць, — гэта спыненне рэпрэсій. Калі рэжым хоча нейкіх саступак — хаця мы дагэтуль не ведаем, чаго менавіта яны хочуць, — хай працягваюць выпускаць людзей і спыняюць браць новых закладнікаў».

Вольга Зазулінская агучыла жахлівыя лічбы палітычнага пераследу ў Беларусі:
  • «Больш за 1400 палітвязняў — і гэта толькі тыя, пра каго вядома праваабаронцам. З іх 175 жанчын.
  • З 2020 года зафіксавана амаль 7 тысяч палітычна матываваных крымінальных спраў супраць беларусаў.
  • Больш за 1500 чалавек выйшлі з месцаў пазбаўлення волі, адбылі поўнасцю або часткова свае тэрміны. Усе палітвязні, без выключэння, падвяргаюцца розным формам катаванняў, прыніжэнняў, пазбаўленыя права на справядлівы суд і абарону.
  • З 2020 года ў беларускіх калоніях і турмах памерлі 6 палітвязняў: Вітольд Ашурак, Міхаіл Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храско, Ігар Леднік і Аляксандр Кулініч. Гэтыя смерці — прамое следства бесчалавечных умоў утрымання.
  • 7 чалавек знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада — гэта Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Ігар Лосік, Максім Знак і Уладзімір Кніга. У іх няма доступу да адваката, яны не атрымліваюць перадач і медыцынскіх пасылак, пазбаўленыя права на перапіску з сям’ёй або іншых кантактаў з вонкавым светам».

Таксама яна апублічыла зварот родных палітвязняў, якія знаходзяцца ў Беларусі, з заклікам дамагчыся вызвалення іх блізкіх:

«Рэжым зрабіў усё магчымае, каб наш голас перастаў гучаць. За любы каментар, які мы раней давалі незалежным СМІ, нас могуць арыштаваць і пасадзіць у турмы. За любую дапамогу, якую мы атрымліваем, нас могуць арыштаваць і пасадзіць у турмы. Для нас важна быць пачутымі. Таму наша пасланне да знешняга свету такое: не адступайце, не здавайце пазіцыі, працягвайце ціск на рэжым. Не дазваляйце перагарнуць старонку. Дапамажыце нам у вызваленні палітвязняў, дапамажыце нам спыніць рэпрэсіі!»

Напрыканцы сваёй прамовы Вольга Зазулінская звярнулася да ўдзельнікаў дыскусіі:

«Хутка пачнецца суд над палітзняволенай, маці дваіх дзяцей, Палінай Шарэнда-Панасюк. Гэта ўжо трэці суд па артыкуле 411, не выходзячы з калоніі. Паліна перадае нам, што ў яе амаль не засталося сіл змагацца за сваю свабоду і просіць усіх нас змагацца разам з ёй! Паліне патрэбная наша падтрымка!»

Варшаўская канферэнцыя па чалавечым вымярэнні АБСЕ завершыцца 11 кастрычніка.
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям