Стартавала міжкантынентальная эстафета салідарнасці ў падтрымку рэпрэсаваных беларусаў «Voices Across Borders»

Мерапрыемства працягнецца да 18 снежня. «Гэта ўнікальная ініцыятыва, таму што акцыі такога фармату яшчэ ніхто ніколі не зладжваў», –– гаворыць адна з ініцыятарак праекту, каардынатарка Народнага Консульства Беларусі ў Шатландыі, сябра апякунскай рады фонду «Краіна для Жыцця» Ірына МакЛейн.

–– Ідэя правядзення эстафеты ўзнікла ў мяне летась падчас трансляцыі Марафону салідарнасці з палітвязнямі «Нам не ўсё адно». Мерапрыемства тады прыцягнула шмат увагі, беларусы паказалі неверагодную салідарнасць, мы ўсе разам сабралі даволі вялікую суму для падтрымкі палітвязняў.

Я зразумела, што цяпер нам трэба выходзіць на сусветную аўдыторыю. З гэтай мэтай мы, прадстаўнікі дыяспар, аб’ядналіся з класнай камандай –– службай Хуткай гуманітарнай дапамогі, BYSOL, ByHelp, фондам «Краіна для Жыцця» i Dissidentby –– і такой кааліцыяй вырашылі арганізаваць міжкантынентальную эстафету, –– апавядае Ірына. 

–– Імідж нашай краіны ў замежнікаў ассацыюецца ў першую чаргу з прозвішчам Лукашэнкі, дыктатурай і рэпрэсіямі. Што мы можам прапанаваць міжнароднай супольнасці апроч гэтых негатыўных брэндаў? Прыкра, але нічога –– і не таму, што ў нас нічога няма, а таму што трыццаць гадоў Беларусь фактычна знаходзіцца за кратамі. І ўся нашая самабытная культура, неверагодныя народныя традыцыі, уся нашая спадчына таксама знаходзяцца за кратамі. Нам трэба ламаць негатыўныя брэнды і будаваць свае, паказваць тую Беларусь, якой яна ёсць без Лукашэнкі, –– тлумачыць ідэю акцыі Ірына.

Адметнасць эстафеты палягае ў тым, што беларусы замежжа будуць распавядаць іншаземцам пра нашу краіну ў шырокім сэнсе гэтага слова.

–– Пра класную, прыгожую, разумную, інавацыйную Беларусь –– тую Беларусь, якую мы ўсе любім, –– дадае Ірына МакЛейн. –– Гэта будзе цікава іншаземцам, гэта будзе іх прыцягваць, яны будуць даведвацца, што мы ўвогуле за краіна, адкрываць для сябе, што гэта не проста кавалачак зямлі паміж Расіяй, Польшчай і Украінай, а цудоўны, цікавы, прыцягальны і самабытны край.

А пасля гэтага мы будзем казаць, што такая вось неверагодная краіна ў цэнтры Еўропы сёння пад пагрозай   знікнення з мапы –– з–за таго, што там ужо трыццаць гадоў пануе дыктатура…

Адна з галоўных фішак эстафеты –– мерапрыемства «Даведайся пра Беларусь» («Get to know Belarus»). Гэта будзе ўмоўны пакет мерапрыемстваў, якія можна разабраць на часткі і выбраць сабе тое, што ты хочаш, тлумачыць суразмоўца:

–– Дыяспара, любая арганізацыя, суполка, альбо ты, можа, адзін гэта хочаш зрабіць –– умоўна кажучы, у сябе на кухні правесці гэтае мерапрыемства –– калі ласка. Ты можаш паклікаць гасцей, сваіх суседзяў–іншаземцаў і распавесці ім пра Беларусь, пра якую ў цябе баліць, а пасля распавесці, што сёння адбываецца ў нашай краіне і потым прапанаваць гасцям заданаціць на нашую эстафету. 

Мы прапануем сцэнар, плэй–ліст, дапамагаем з парадамі па арганізацыі мерапрыемства. Калі ў кагосьці няма магчымасці  раздрукаваць флаеры і афішы, іх можна выкарыстоўваць у онлайн–фармаце.

Мы таксама прапаноўваем беларусам зняцца ў відэа –– адказаць на некалькі пытанняў, адказы на якія, на нашую думку, будуць вельмі цікавыя для іншаземцаў. Напрыклад: «Што б вы хацелі распавесці іншаземцам пра беларускую прыроду, культуру, пра нашую краіну ў цэлым, і што для вас, для цябе Беларусь?»

З гэтага відэа мы плануем нарэзаць кампазіцыю і перакласці ўсё гэта на замежныя мовы. Дыяспары па ўсім свеце змогуць паказаць яго ў рамках сваіх мерапрыемстваў.

Ірына МакЛейн адзначае, што ў планах арганізатараў эстафеты –– праводзіць яе штогод.

–– Сёлета галоўны акцэнт –– гэта збор сродкаў для падтрымкі рэпрэсаваных суайчыннікаў. Але калі сітуацыя на Радзіме зменіцца і калі нават Лукашэнкі ўжо не будзе, мы ўсё роўна плануем кожны год ладзіць міжкантынентальную эстафету. Ужо ў іншым фармаце, і гэта будзе прыемная місія –– распавядаць свету пра Беларусь без рэпрэсій, –– падсумоўвае Ірына МакЛейн.

Збор у рамках эстафеты можна падтрымаць тут

Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду