Служба "Хуткай гуманітарнай дапамогі" пры падтрымцы партнёраў арганізавала для дзяцей палітвязняў летні адпачынак у Германіі. Новы праект і новы досвед для службы. Група была невялікая — 9 дзяцей і 1 дарослы суправаджаючы. Гэта быў спартовы лагер з актыўнасцямі: гульні, аквапарк, барбекю і г.д. Мы размаўляем з Вольгай Рытус, былой палітвязынкай, якая суправаджала групу.
Дзеці паехалі ў Германію на 7 дзён, з 21 па 27 ліпеня. Удзельнічалі дзеці, у якіх двое ці адзін з бацькоў зараз у зняволенні, а таксама дзеці, бацькі якіх нядаўна выйшлі з турмы, і дзіця актывісткі, якая ўклала шмат намаганняў у дапамогу палітвязням.
Гэтыя дзеці перажылі і далей перажываюць псіхалагічную траўму. Бо па сутнасці яны апынуліся вырваныя і ізаляваныя ад сваіх матрыц падтрымкі — ад блізкіх людзей (ад бацькоў, сяброў, дваюрадных братоў і сясцёр), ад любімых месцаў — усяго таго, чаго ім так ці інакш не хапае. Гэта, вядома, псіхалагічная траўма.
— Такія дзеці вельмі цягнуцца да дарослых, яны, напрыклад, хочуць абдымацца. Адзін хлопчык баяўся спаць, яшчэ адзін перажываў, што ў яго няма мамы і таты. Аднойчы я пачула ў аўтобусе размову старэйшых дзяцей пра тое, як іх бацькі былі ў турме. У той размове — і жах, і боль, і прыняцце сітуацыі як часткі жыцця. І непрыманне таксама, бо турма — гэта сорам. І нават калі ты выехаў, скажам, за мяжу, не кожнаму можна расказаць пра свой гэты досвед. Калі гэтыя дзеці знаходзяцца ў асяроддзі дзяцей, якія перажылі такі ж досвед, — гэта нібы сустрэча з самім сабой і падтрымка адзін аднаго. Я таксама была палітвязнем і добра гэта разумею.
Былі, вядома, і канфлікты і здзекі (што непазбежна ў дзяцінстве, і тут няма ніякіх ілюзій). Але нашы дзеці неяк з разуменнем, з эмпатыяй ставіліся адзін да аднаго. Нібыта боль часу без мамы і таты стала для іх магчымасцю атрымаць суперсілу — эмпатыю. Гэты іх траўматычны досвед іх аб'яднаў і нават канфлікты ў нас былі экалагічныя. Вельмі прыемна і здзіўляе, што ў нас такія эмпатычныя дзеці.
Вольга распавядае, што дзецям было важна яшчэ атрымаць досвед зносін з іншым, адрозным ад беларускага псіхатыпам людзей. Бо немцы вельмі структурызаваныя, шануюць правілы.
— Дзеці глядзелі на гэта шырока раскрытымі вачыма. Напрыклад, спачатку ў нас было нейкае непаразуменне з нямецкім прымаючым бокам. Бо ў іх так заведзена: усе самі за сабой падмятаюць, арганізавана ідуць у залу і душ. Кожную раніцу там распавядаюць, якія правядуць гульні, як будзе падзелена група, а немцы вельмі прытрымліваюцца графіка і правілаў. Нашы дзеці пачыналі з "не хачу, гэтага не буду", але да канца змены прама падраўняліся, падсабраліся, прынялі гэты канструктыўны парадак і інтэграваліся ў асяроддзе.
Пра гэта ж і водгук адной з мам, былой палітвязня Вольгі Паўлавай:
"1. Расклад вельмі спадабаўся, дзіця з гонарам паведаміла, што схуднела на мінімум кілаграм і цяпер ведае шмат варыянтаў ранішніх зарадкаў;
2. Усё спадабалася, асабліва каралеўская ноч, калі мазалі пастай тых, хто заснуў;
3. Харчаванне таксама +, дзіця цяпер есць грэчку (чаго раней не назіралася і грэчка заставалася ў талерцы недаедзеная)".
Але самае галоўнае, без чаго не можа быць гэтага тэксту пра дзіцячы лагер, — вялікая ўдзячнасць, кажа Вольга Рытус.
— Па-першае, людзям, якія таксама былі з намі 24 на 7. Тым, хто ўклаў свой час (бо гэта, праўда, даволі складаная лагістыка), свае сродкі (гэта даволі дарагая паездка). Дзякуй вялікі!
Акурат цяпер ідзе збор на інтэграцыйны лагер - далучайцеся!