Ціханоўская заклікала ААН зрабіць прыярытэтам вызваленне палітычных вязняў

Святлана Ціханоўская знаходзіцца з візітам у ЗША. Яна ўзяла ўдзел у дэбатах па тэме палітвязняў на палях Генасамблеі ААН. 

Ціханоўская прадкрэсліла  катастрафічнасць сітуацыі ў Беларусі і неабходнасць умяшальніцтва ААН у яе. 

"У Беларусі за кратамі застаюцца больш за 1400 палітычных зняволеных. Гэта настаўнікі, дактары, журналісты і актывісты. У чым іх злачынства? Яны гавораць праўду і мараць пра свабоду.

Многія з іх утрымліваюцца ў поўнай ізаляцыі — інкамунікада — без лістоў, без тэлефонных званкоў, без кантактаў са знешнім светам. Мой муж Сяргей адрэзаны ад свету больш за год. Я не ведаю, ці жывы ён. 

Мы нічога не чулі ад Мікалая Статкевіча, Марыі Калеснікавай, Ігара Лосіка і многіх іншых.

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі Алесь Бяляцкі не атрымлівае неабходных лекаў. Гэта - псіхалагічнае катаванне не толькі для іх, але і для іх сем'яў.

Беларускія турмы — смяротныя пасткі. З 2020 года ў зняволенні памерлі ўжо пяць палітычных зняволеных, у тым ліку Алесь Пушкін і Вітольд Ашурак. Мы не можам чакаць новых смерцяў".

Падчас выступу прэс-служба ААН прадставіла Ціханоўскую як абраную прэзідэнтку Беларусі. 

Дэмакратычная лідарка запрапанавала шэраг крокаў, каб вырашыць сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі.  
  • Заклікаць Генеральнага сакратара і Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека узняць пытанне палітвязняў перад Лукашэнкам. 
  • Запатрабаваць, каб офіс ААН у Беларусі ці гуманітарныя арганізацыі атрымалі доступ да палітвязняў.
  • Разгледзець дыпламатычныя каналы для абмену зняволенымі, падобныя абмену па справе Красікава ці абмену ваеннапалоннымі з Украінай.
  • Ініцыяваць «слуханні па формуле Аррыі» ў Радзе Бяспекі ААН па Беларусі, што закранаюць пытанні бяспекі і гуманітарных аспектаў. 
  • Узняць пытанне палітвязняў у дэбатах ААН і рэзалюцыях, патрабаваць іх вызвалення і рэабілітацыі. 
  • АБСЕ і БДІПЧ маюць абмеркаваць пытанне палітвязняў у Варшаве падчас канферэнцыі па чалавечым вымярэнні ў кастрычніку.
  • Падтрымаць міжнародную платформу па прыцягненні вінаватых да адказнасці і Міжнародны гуманітарны фонд падтрымкі рэпрэсаваных.
  • Зрабіць кожнае ўзаемадзеянне з рэжымам залежным ад рэальных зменаў, пры гэтым уключыць вызваленне палітычных зняволеных і спыненне рэпрэсіяў.
  • Ангажаваць краіны-партнёры рэжыму, што маюць  ўплыў і могуць паспрыяць вызваленню палітвязняў.

У Нью-Ёрку Святлана Ціханоўская возьме ўдзел у шэрагу панэльных дыскусій і правядзе сустрэчы з замежнымі палітыкамі. 

Поўны расклад тут.
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду