Вольга Зазулінская: «Слухаць, а галоўнае – чуць палітвязняў і іх сем’і»

З нагоды Міжнароднага дня салідарнасці з беларускімі палітвязнямі Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Празе, беларускія праваабаронцы, актывісты і структуры дэмакратычных сілаў правядуць Кангрэс па пытанням датычных палітычных вязняў.  Мерапрыемства пройдзе 23-25 траўня ў Празе.

Сваімі чаканнямі ад Кангрэсу падзялілася кіраўнік фонду «Краіна для Жыцця» Вольга Зазулінская.


- Хто канкрэтна возьме ўдзел у Кангрэсе?

-У Кангрэсе прымуць удзел прадстаўнікі праваабарончага сектару, розных фондаў і арганізацый, якія працуюць у сегменце дапамогі палітвязням і іх сем'ям, прадстаўнікі дэмакратычных сіл, палітыкі, сваякі палітвязняў і былыя палітвязні. Да таго ж удзельнікамі будуць прадстаўнікі незалежных СМІ, міжнародных арганізацыяў і еўрапейскія палітыкі.

- На вашую думку, хто можа вырашыць праблему вызвалення палітвязняў, і якія захады для гэтага неабходна зрабіць?

- Мне падаецца, што якраз для гэтага і праводзіцца такое мерапрыемства з шырокім колам удзельнікаў. Пытанне вызвалення палітвязняў – гэта пытанне, на якое няма простага адказу. Трэба збірацца і размаўляць, шукаць варыянты, дзяліцца сваім бачаннем і прыходзіць да нейкага разумнага рашэння. Самае важнае ў такой адчувальнай тэме, не звяртацца да маніпуляцый. Гэта вострая тэма для ўсіх беларусаў, вельмі балючая, трэба ўлічваць пазіцыі розных бакоў і ў першую чаргу родных палітвязняў а таксама тых палітвязняў, якія ўжо адбылі свае тэрміны і выйшлі на волю.

- Падтрымка палітвязняў па вызваленні – чаму гэта важна?

- На маю думку, важна падтрымліваць палітвязня на ўсіх этапах. Калі ён знаходзіцца ў няволі, мы павінны падтрымліваць семʼі гэтых людзей. Бо вельмі вялікая фінансавая нагрузка (адвакаты, збор перадач). Калі ў сямʼі ёсць дзеці, а адзін з карміцеляў знаходзіцца ў месцах зняволення, для многіх гэта проста не падʼёмныя выдаткі. Таму яны спадзяюцца на нас і нашу салідарнасць.

Пасля таго як людзі выходзяць на волю, яны маюць патрэбу ў рэабілітацыі здароўя. Патрэбна таксама праграма рэсацыялізацыі чалавека пасля вызвалення. Неабходнасць гэтага варта разглядаць у індывідуальным парадку, кожны выпадак патрабуе асобнага падыходу да складання такой праграмы. Таксама трэба ўлічваць, што кожны палітвязень пасля вызвалення мае патрэбу ў дапамозе псіхолагаў ці псіхатэрапеўтаў, а тэрапія, асабліва працяглая, патрабуе вялізных рэсурсаў.

У першую чаргу я хацела б пачуць людзей, чые родныя знаходзяцца ў зняволенні. Таксама я б хацела пагаварыць з тымі, хто мае досвед знаходжання ў турме. Гэта тое, на што мы абапіраемся ў сваёй працы кожны дзень. Мне, як кіраўніку Фонду, важна ўвесь час працаваць з новымі запытамі, слухаць і галоўнае чуць людзей, збіраць праблемныя пытанні і рэагаваць на новыя выклікі. Мы і так у максімальным кантакце з семʼямі палітвязняў вось ужо 3,5 гады, але практыка рэпрэсій у краіне мяняецца кожны дзень, таму трэба трымаць руку на пульсе кожную хвіліну.

Па пытаннях удзелу ў Кангрэсе пішыце на адрас.
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям