Як святлодыёдныя лямпы выядаюць вочы і псуюць зрок. Гісторыі палітвязняў пра сапсаваныя зубы і вочы, а таксама здзек з боку турэмшчыкаў

Пра катаванні святлом — як святлодыёдныя лямпы выядаюць вочы і псуюць зрок, а зняволеныя не ў стане зразумець дзе дзень, а дзе ноч. Пра катастрафічнае пагаршэнне стану зубоў — у многіх яны баляць, крышацца, выпадаюць з-за алюмініевага посуду, недахопу сонца і кепскага харчавання. І пра тое, як палітвязень разарваў сабе дзясну, каб іншыя маглі спакойна спаць.

Былыя палітзняволеныя расказалі аб праблемах са здароўем, з якімі яны сутыкнуліся падчас знаходжання за кратамі і па вызваленні.


"Было мінус 2, стала мінус 4" ад паўзмроку і мільгацення


Пагаршэнне зроку — адна з галоўных праблем, з якой сутыкаюцца вязні ва ўмовах утрымання ў пенітэнцыярных установах у Беларусі.

"Раней у мяне было мінус 2, цяпер мінус 4, вось апошнія мае акуляры," — кажа былая палітзняволеная Вольга (імя зменена па яе просьбе). Вольга правяла некалькі месяцаў у ізалятарах на Акрэсціна і Валадарскага. 



СІЗА на Валадарскага

"І я гляджу, што зрок падае. Там жа (у ізалятары на Акрэсціна – аўт.) паўзмрок. Мала таго, што адна лямпачка, дык яшчэ і мільгаціць. Праблема не ў тым, што мы чытаем, а ў тым, што святло не адключаюць. На Акрэсціна яго ўвогуле не выключалі, то бок мы ўвесь час знаходзіліся пры святле.

На Валадарцы таксама дзяжурнае мільгаючае святло, і гэта проста жахліва. Потым мяне перавялі ў іншую камеру, і там была кнопка, якой мы маглі выключаць святло. Але калі яго адключалі, у вачах пачыналася мільгаценне, нібы мульцікі.

Скрозь "рэшку" (акно, закрытае кратамі) святло прабіваецца ў камеру, але не асвятляе яе. Гарыць дзённае святло, і ты ўвесь час знаходзішся пры святле энергазберагальных лямпачак, якія мільгацяць бесперапынна. Гэта вельмі моцна псуе зрок."

"У СІЗА зрок вельмі моцна пагоршыўся. Я пачаў гэта адчуваць праз пару месяцаў і прасіў перадаць мне акуляры," — дадае былы палітвязень Уладзімір (імя змененае, — аўт.), які прайшоў праз СІЗА Брэста, Баранавічаў і Гродна, а таксама папраўчую калонію "Віцьба".

"Мяне пасадзілі, акулярамі я не карыстаўся. Цяпер без іх як без рук. Удалячынь бачу, як і раней, — нармальна, а вось чытаць без акуляраў ужо не магу. І на тэлефоне шрыфт даводзіцца рабіць большым.
У СІЗА пастаянна гэтае дзіўнае асвятленне. Святлодыёдныя лямпы проста выядалі вочы. Да таго ж няма магчымасці пабыць у цемры, каб вочы адпачылі, бо святло гарыць пастаянна. Чытаць таксама нязручна: лямпачка ў цэнтры камеры. А пад самай лямпай сядзець не можаш, і кніга ў цені атрымліваецца. Ад таго, што святло рэзкае, — цень моцны.



Камеры на Валадарскага (скрыншот выявы з politzek.me)

На ноч уключаюць начное асвятленне, але гэта тое самае, толькі іншая лямпачка. Удзень — на столі, а ўначы — у сцяне, але ўсё адно яркая, цемры няма. Чалавек вельмі доўга прызвычайваецца да гэтага святла і засынае толькі тады, калі знясіліцца. У баранавіцкім і гарадзенскім СІЗА мы не разумелі, дзе дзень, а дзе ноч. Гэтыя “рэснічкі” (металічныя жалюзі на вокнах — аўт.) настолькі шчыльныя".


"Прыйшлося самому разарваць пальцамі дзясну і рукамі вырываць зуб"


Пагаршэнне стану зубоў, часта катастрафічнае, — яшчэ адна надзвычай распаўсюджаная праблема. У многіх зняволеных абвастраюцца стаматалагічныя праблемы. Былы палітвязень Аляксандр Бабко, які правёў у зняволенні больш за 8 месяцаў, пачаў адчуваць моцны зубны боль пасля этапавання ў жодзінскую турму.

"Я прасіў лекара, але ён не прыходзіў, і ў мяне пачаў апухаць твар. Боль быў такі, што аддавала ў вушы і мазгі.  “Цюкала” вельмі моцна, я і спаць не мог. Прыйшлося, каб хлопцы не бачылі і спакойна спалі, самому разарваць пальцамі дзясну, і рукамі вырываць зуб".

У жодзінскай турме пад самы новы год у Аляксандра пачала апухаць другая шчака. Лекар ізноў ігнараваў звароты вязня. 

"Я зусім не мог спаць і стаяў як п’яны, хлопцы падтрымлівалі мяне на праверках", - узгадвае Аляксандр Бабко. Урэшце ён усё ж трапіў да лекара. Аднак адразу пасля чысткі каналаў Аляксандра выпісалі са стацыянара з рэкамендацыяй паласкаць рот перакісам вадароду. 

У такіх умовах вязням даводзіцца прыдумляць свае спосабы лячэння. "Зубы мы лячылі самі сабе. На "промке" (прамысловая зона ў турме — рэд.) збіралі дубовую кару, з ялінкі абдзіралі пупышкі. Хадзілі цішком, бо за гэта адразу саджалі. Заварвалі гэтую дубовую кару з ігліцай і паласкалі рот. Калі дзясна запаляецца, такі спосаб дапамагае. Я на сваім досведзе пераканаўся. Не адзін я так рабіў. Многіх навучылі, многія так рабілі," — кажа Уладзімір.
 

Стаматолаг як пасля школы гестапа. Пасля візітаў да яе некаторыя вязні захварэлі на гепатыт


Былыя зняволеныя звяртаюць увагу на адсутнасць належнай дапамогі ад турэмных медыкаў. У горшых выпадках тыя папросту здзекуюцца са зняволеных. 

"Стаматолаг у “Віцьбе” быццам бы не медуніверсітэт скончыла, а нейкую школу гестапа", — разважае Уладзімір. — "Яна проста здзекавалася з людзей, не лячыла, а калечыла зубы. Прыходзіш да яе, кажаш, што зуб баліць, а яна: ага, сёння панядзелак, у чацвер пасля абеду прыходзь. Да чацвярга як хочаш, так і трывай. У чацвер пасля абеду прыходзіш, а яна: я сёння з раніцы прымала, чаго ты прыйшоў, у панядзелак прыходзь. Вось такі ў яе прынцып працы. І калі яна нешта рабіла, пломбы ставіла, іх хапала толькі каб дайсці ад кабінета да барака, у лепшым выпадку — да першага прыёму ежы. 


ПК "Віцьба" (фота "Белсат")

Восенню 2023 года, калі ў калоніі праводзілі агульны агляд, выявілася, што каля дзесяці чалавек захварэлі на гепатыт. Папярэднія аналізы былі ў норме, пачалі правяраць, расследаваць. Высветлілася, што ўсе ад стаматолага. І нічога. Яна далей працуе з гонарам, здзекуецца з людзей, ламае ім зубы.

Медыцына там — такія ж турэмшчыкі, як і ўсе астатнія. Я не ведаю, згодна з якім прынцыпам іх туды адбіраюць. Гэта карная сістэма. Іх задача — зламаць людзей, каб тыя былі скалечаныя і маральна, і фізічна. Яны падтрымліваюць здароўе на такім узроўні, каб ты мог хоць неяк працаваць і ўсё", — кажа Уладзімір.

Ён дадае, што падчас яго знаходжання ў "Віцьбе" некалькі вязняў памерлі проста з-за адсутнасці належнага медыцынскага нагляду. Кіраўніцтва папраўчай установы усяляк замоўчвала гэта. 


"Я і так была худая, а з турэмнай ежай схуднела на 12 кілаграмаў"


Аляксандр тлумачыць пагаршэнне стану зубоў умовамі ўтрымання: "Ва ўсіх у турме пачыналі зубы балець, выпадаць, крышыцца. Я думаю, што гэта ад алюмініевага посуду і ад таго што сонца не хапала". 

Уладзімір сцвярджае: прычыны праблем з зубамі ў зняволенні – у рэжыме харчавання. "Моцны дысбаланс па вугляводах і мінералах. Вітамінаў там катастрафічна не хапае".

Ён дадае, што паводле закону ёсць пэўны пакет прадуктаў, якія можна перадаваць вязню. У яго ўваходзяць і вітаміны, але іх надзвычай складана атрымаць. Трэба напісаць заяву ў медчастку, начмед яе павінен падпісаць. Родныя могуць прывезці толькі гэтыя дазволеныя вітаміны.

Вольга таксама расказвае пра харчаванне ў зняволенні. 

"На Акрэсціна перадачы былі забароненыя, а ежа там спецыфічная. Жыццё мяне да такога не падрыхтавала. Я не магла есці тую ежу. Хлеб жудасны. Я яго сушыла, ела гэтыя сухары і піла ваду з-пад крана цягам 10 дзён.

Калі мяне перавялі ў турму, там перадачы ўжо былі дазволеныя. Але я не адчувала голаду. Я пачала сама кантраляваць, што мне трэба, каб есці, і дзяўчаты ў камеры таксама рабілі заўвагі, што мне трэба снедаць. Я ела толькі раніцай і яшчэ раз цягам дня прымушала сябе паесці.


ІЧУ на Акрэсціна (фота Zerkalo)

Я вельмі моцна схуднела, скінула 12 кілаграмаў пры тым, што я даволі высокая і заўсёды была худая. Калі я збегла з краіны, пры росце 1,76 метра я важыла 51 кілаграм. Я разумела, што са мной адбываецца, і вельмі шмат працавала над гэтым. Але тое было вельмі складана, таму што мне нічога не смакавала, я прымушала сябе есці. Цяпер я ем, але ўсё роўна пры любым стрэсе я зноў трапляю ў гэтую сітуацыю, у мяне знікае патрэбнасць у ежы". 

У Польшчы, дзе палітзняволеная цяпер пражывае, лекары выявілі ў яе нізкі ўзровень трамбацытаў. Вольга дагэтуль змагаецца з разладам харчовых паводзінаў
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям