Здзек і ціск. Як праходзіць працэс памілавання палітвязняў

Ужо вядомыя 22 палітвязні, якіх выпусцілі па ўказу аб памілаванні, падпісаным Лукашэнкам 16 ліпеня 2024 года. Паводле ўказу на волю мусілі выйсці 30 асобаў, асуджаных з палітычных прычын. Як праходзіць працэс памілавання ў калоніях? Праз што праходзяць памілаваныя і тыя, хто не дайшоў да самога вызвалення? 
 
  • У ліпені і жніўні на волю выйшлі некалькі дзесяткаў палітвязняў, асуджаных рэжымам Лукашэнкі. Дагэтуль дакладна невядомыя ні імёны ўсіх вызваленых, ні агульная іх колькасць. Разам з тым, датэрмінова вызваляючы адных, быццам з гуманітарных прычынаў, рэжым кідае за краты іншых. Цягам бліжэйшых дзён мы прадставім вашай увазе тры артыкулы, у якіх паспрабуем разабрацца, што стаіць за працэсам памілавання і як ен ўплывае на ўмовы і колькасць палітвязняў у Беларусі.

Сярод апублічаных памілаваных асобаў — Ала Зуева, Вольга Стаброўская, Вольга Новікава, Ірына Санкоўская і Ксенія Луцкіна (у Ксеніі — пухліна мозгу), Кацярына Леў, Тамара Каравай, Святлана Палуэктава. Яны адбывалі свае тэрміны ў гомельскай жаночай калоніі № 4.

Васіль Бераснеў сядзеў у папраўчай калоніі № 15 у Магілёве, Яўген Чуміла — у папраўчай калоніі № 17 у Шклове. Павел Кучынскі знаходзіўся ў рэспубліканскай бальніцы пры СІЗА №1 Менску, бо ў яго анкологія лімфоіднай тканкі 4-й ступені. Вядома, што Павел праз калонію спрабаваў перадаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Палітвязня нават перавялі дзеля гэтага ў калонію на некалькі дзён, але ў выніку, калі яго ўжо перавозілі ў лякарню, хлопцу вярнулі паперу з прашэннем.

І хоць сярод вызваленых ёсць людзі з сур’ёзнымі захворваннямі, суразмоўцы, з якімі мы абмяркоўвалі тэму вызвалення, сходзяцца ў адным: выпуск людзей не з’яўляецца праявай гуманізму крывавага дыктатара. 

І доказ гэтаму — тое, як ідзе сам працэс памілавання. 

 

Звонку ўсё “прыгожа”


У калоніі прыязджаюць спецыяльныя людзі, часта гэта пракурор, які праводзіць сумоў’і для тых, хто, па яго меркаванні, падыходзіць для агульнай справы. 

“А звонку гэта выглядае  як прызнанне віны, просьба аб памілаванні на імя Лукашэнкі, і, магчыма, нефармальная згода на ўдзел у здымках прапагандысцкіх фільмаў”,  —  кажа Марына Касінерава сузаснавальніца ініцыятывы па маніторынгу і рэгістрацыі парушэнняў правоў чалавека, падтрымцы палітычных зняволеных унутры Беларусі Dissidentby.

 

Памілаванне нязначна змяняе сітуацыю для некаторых людзей


Кожны кіраўнік калоніі сам вырашае, як працэс памілавання будзе адбывацца ўнутры, кажа  кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак. 

“У нас ёсць інфармацыя, што прапаноўвалі пісаць прашэнне людзям, якім засталося сядзець менш за год і нават менш за месяц, — распавядае Стрыжак — І гэта вельмі добра характарызуе беларускую сістэму. Бо статыстычна ты (кіраўнік калоніі — заўв. аўт) нібыта выканаў тое, што ад цябе патрабавалі. Але фактычна людзям гэта не надта значна змяніла сітуацыю.”

 

Здзек без вызвалення


Для некаторых палітвязняў працэс памілавання — гэта проста такі здзек без самога вызвалення ў канцы. “Дыктатарскі "рандом" працуе так, што можна выканаць усе ўмовы пракурора, але табе адмовяць і не выпусцяць, — кажа Марына Касінерава, — Такія выпадкі таксама ёсць”. 

 

Часам адбываецца літаральны прымус да напісання памілавання


Праваабаронцы фіксуюць, што палітвязняў не проста выпускаюць, а часта — прымушаюць пісаць прашэнні аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Гэта адбываецца ў розных месцах няволі па ўсёй краіне. 

У ліпені «Вясна» паведамляла, што ў наваполацкую калонію № 1 кожны дзень прыязджалі прадстаўнікі менскай пракуратуры, якія прымушалі палітвязняў пісаць прашэнні аб памілаванні.

А вось родзічам палітвязняў звоніць Юрый Васкрасенскі і агітуе за напісанне прашэнняў. Васкрасенскі распавядае ім пра ўмовы і абставіны памілавання.

Вялікая колькасць людзей адмаўляецца браць удзел у гэтым спектаклі дыктатара. Тады іх караюць праз ШЫЗА і пагражаюць 411 артыкулам Крымінальнага кодэксу (прадугледжвае пакаранне за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) — магчымасцю дадаць год ці паўтара да іхняга  агульнага тэрміну. Гэту інфармацыю пацвярджаюць як Dissidentby, так і BYSOL.

Гэтыя пагрозы 411 артыкулам — адна з самых непрыемных гісторый у сістэме, кажа Андрэй Стрыжак. “Гэта адмысловы артыкул, які выкарыстоўваецца для таго, каб не выпускаць чалавека з турмы. Нават калі ўжо адсядзеў, то табе прыдумваюць парушэнні, адпраўляюць на суткі і дадаюць год.”

Такім чынам дадалі год турмы Паліне Шарэнда-Панасюк і Змітру Дашкевічу.  “І ёсць яшчэ прозвішчы”, — зазначае Стрыжак. 

“Калонія сваей уладай можа сапсаваць чалавеку жыцце вельмі моцна”.  І падчас адбывання пакарання і ў працэсе памілавання. 
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям